Выбрать главу

* * *

За маім адчыненым акном весела, міла... ледзь не сказаў: балбатліва шчабеча ластаўка. Колькі ёй трэба расказаць, як яна спяшаецца! Адарваўшыся ад кніжнай старонкі, кажу: «Во гаваркая!» І нам з дачкою прыемна.

Толькі што адгрымела, адшумела навальніца. За акном шчасліва супакоілася ліпа, і ўсё аціхла ў палёгцы пасля парнасці.

Брава ды весела вусаты Ханзадзян, былы франтавік і добры армянскі пісьменнік. Мы абняліся, сустрэўшыся пасля доўгай разлукі, і мне прыйшоўся для пацалунка яго шырокі, вехцяваты, сівы вус — нібы неўжываны в'етнамскі венік ці сухі бок плоскага вялікага квача, таксама новага.

* * *

Не люблю я гэтага «кишка тонка», што ад рускіх і да нас прыйшла, сёй-той ужывае, для большага красамоўства. Так і помніцца бабскае: «Аладак напяку табе, будзеш есці — ажно з цябе кішку выпра!..»

* * *

Из десяти волов упряжка не тянет нас к себе так тяжко, как слабый женский волосок.

Чытаючы гэта, нехта скажа, што мне цынічна згадалася, як у адной з нашых вёсак суседкі дапамагалі маладзіцы палячыць яе мужыка, што ўзяў ды разлюбіў. Параілі ёй спячы булку, а ў цеста дробненька пакрышыць валасок... Не той, які мае на ўвазе аўтар працытаваных радкоў, амерыканец Генры Лангфела,— тут ужо наш мясцовы фальклор.

* * *

Светлая раніца, маладыя турысты снедалі каля сваіх рукзакоў, стоячы пры дарозе, па якой я ішоў у вёску, як і штораніцы, па малако. А як вяртаўся, два з чатырох, метраў некалькі ад яшчэ не прыбранай з газеты яды, апраўляліся з быдлячай непасрэднасцю, гледзячы на мяне, «старога хрэна», з пазіцыі тупое сілы.

А што ж, падумалася: калі можна, спыніўшыся на вуліцы, вульгарна дэманстраваць «свабоднае» каханне, дык чаму ж і гэта нельга?..

* * *

У ментарскім артыкуле — пра «новы жанр» у нашай літаратуры. Чаргаванне, скажам, такое: жанр гусінага пяра, жанр пішучай машынкі, а сёння ўжо і жанр магнітафонны?..

* * *

Малады літаратуразнавец. Запусціў вялізную чорную бараду і падавай яму пра вайну толькі адно трагічнае.

* * *

Паўзы ад твора да твора заўсёды былі ў мяне пакутай і ныццём. Некаторыя рэчы (скажам, «Апоўначы») і нараджаліся ад тых пакутаў,— як быццам я гэтым і ратаваўся ад іх.

* * *

Памідоры з мёдам — колькі сонца адразу! Упершыню я паспытаў такога ў палескіх Рачканах, калі гасцяваў у Янкі Патаповіча, яшчэ аднаго заходнебеларускага літаратара і сімпатычнага чалавека, работніка, якога біць пачалі пілсудчык!, а дабілі, укінулі ў беспрасветную невядомасць сталінцы.

Адчуванне тое сустрэчы, таго пачастунку ў садку каля хаты — прыйшло вось ізноў, праз паўвека, адтуль, дзе была маладосць, захапленне і вера.

Я прыязджаў да яго са сваімі рукапісамі, за шэсцьдзесят вёрст веласіпедам.

* * *

У вайну, калі быў забіты адзін камандзір партызанскай разведкі, у блакноце ягоным — якая недасведчанасць! — было прачытана паліцыяй і прозвішча майго знаёмага, і тады, і пасля вайны вясковага настаўніка. Яго арыштавалі, дапытвалі з катаваннямі, а потым пагналі ў Нямеччыну, «на работы».

Канвойны аўстрыяк яшчэ на станцыі сказаў яму:

— Вам, гэр лерар, вельмі пашанцавала — вас не расстралялі. А там, калі да нас, у Аўстрыю, Бог дасць, трапіце, будзе добра, людзі ў нас добрыя. За вас прасіў гэр шуль-інспектар. А фарар ваш — нядобры чалавек.

Лерар, калі хто не ведае, гэта настаўнік, фарар — поп, які, відаць, нягодна выслужваўся, а шульінспектар, тут не проста інспектар па школах, а брат Якуба Коласа Міхась.

— Таксама кончыў Нясвіжскую семінарыю, толькі ж значна пазней,— расказваў мой знаёмы.— Нацыяналіст быў, як гаварылася. Цяпер ён у Амерыцы. Не верыў аніяк, што цяпер у Мікалаеўшчыне можна жыць і людзі някепска жывуць. Пра гэта ён пісаў пляменніку, што філіялам музея кіруе. «Прапаганда!» — адпісваў, і ўсё тут. Бо перад вайной, пры Польшчы, так жа было, што калі каму трэба парабак, наймічка ці пастушок, дык ехаў той чалавек у Мікалаеўшчыну,— там напэўна возьмеш. Бедна жылі, вельмі бедна... А пра Купалу і Коласа ён мне, Міхаіл Міхайлавіч, самому казаў, што яны там, у Саветах, пяюць не сваім голасам... А за мяне, бандыцкага памочніка, заступіўся. Высакародства, прыстойнасць чалавечая былі!..