* * *
Прыемна гэта, калі славутыя артысты прымаюць удзел у просценькіх, мілых і высакародна патрэбных мультфільмах для малых і маленькіх. За Віні Пуха — голасам — Ляонаў, за воўка ў «Ну, погоди!» — Патанаў...
А нашых, у такіх амплуа, вельмі мала. Як бы тут блізка, прыемна гучалі галасы Дзядзюшка Глебава, Ржэцкай, Пола... А добрых мультфільмаў яшчэ ўсё няма, як і ў той час, калі ў нас былі такія акцёры.
* * *
Рыгор Бярозкін расказваў, як у лагеры старыя, заслужаныя партыйцы, разуверыўшыся ва ўсім, вярталіся да пачатку жыцця — да мамы, і маліліся, як яна вучыла. Вера — не ў Бога, а ў яе, у свой светлы пачатак.
* * *
Унукі каторы ўжо раз слухаюць з пласцінкі «Каня-Гарбунка», а ў маёй памяці мільгануў мамін голас:
Яшчэ з таго часу, калі я, таксама зачараваны слухач, не ведаў, што з «калавурам» яна памыляецца.
А можа, зрэшты, таму яно так і запомнілася, што па-свойму ў яе?
* * *
Раней, чым трэба, прачнуўшыся, прытэпала з суседняга пакоя да мяне, без слоў папрасілася на калені і прытулілася ўся. Сказаў, што «і я цябе люблю» і прапанаваў паляжаць побач з маім сталом, на канапе. Прынёс яе падушку, коўдру, накрыў — і вось яна ўжо спіць, такая харошанькая, адна з той безлічы, што мілейшыя за ўсё.
...Учора гэта было. А сёння я і сам прачнуўся раней, чым звычайна, і чамусьці з варожым пажарам для нашых людзей, для дзяцей, якіх — у агонь!.. Падумалася, што гэта, відаць, і натуральна, запланавана загадзя — тое, што мы не часта, вельмі не часта можам па-сапраўднаму жыва ўявіць жах тых экзекуцыяў.
* * *
Без году трыццаць, а памятаю прыкра, як у вёсцы над Парэччу адзін незнаёмы дачнік, нумізмат, як ён назваў сябе, папрасіў мяне паказаць манеты з тых краін, дзе я бываў. І вельмі спрытна ўкраў адну-адзіную ватыканскую ліру. І недзе ж рад быў, таксама вельмі, можа, яшчэ і сёння рад і хваліцца гэтым. Ці сам толькі, ці з сынам, тады хлапчуком, з якім прыходзіў.
План лесавывазкі ён выканаў. Тады яму: «Трэба яшчэ ў гонар Чырвонай Арміі». Ну што ж, і гэта выканаў. Тады — «помочь отстающим»...
І ён падумаў дый сказаў, яшчэ не палоханы новай уладай, што, можа, яно і лепш — самому быць «отстающим»?
Зіма трыццаць дзевятага — саракавога, у Загоры нашым — першая савецкая зіма.
* * *
Пачатак пяцідзесятага года. Пісаў сваё лірычнае «Забалоцце». А ў блакноце камандзіровачным — і такое, дагэтуль нікім не прачытанае:
Лунінецкі раён, вёска Дзятлавічы.
У школе адкрыты партыйны сход. Выступае старшыня сельсавета, усесаюзны дэпутат, адзін з вядомых пінскіх партызан.
— Саўку трэба выкінуць з калгаса,— кажа ён.— Сам сукін сын і сынок сукін сын. У яго хляве стаяць калгасныя каровы, дык ён залез на бэльку ды карову зверху абасраў! І каб якую, таварышы, а то ж белую! Без бацькі тут не абышлося. Офэкт з гэстага не атрымаецца. Калі пойдзе прынцып на прынцып — прынцып на прынцып і наскочыць!..
Маладая, модненькая настаўніца, агітатарка. Сядзіць, выставіўшы над партай ручкі ў новых пальчатках. Кватаруе ў заможнай сям'і, спіць пад іконамі. Як гэта так?
— Я кажу ёй, маёй хазяйке,— апраўдваецца яна,— каб ішла ў калхоз, а яна не хоча. Не будзе, кажа, хлеба.
— А як не пойдзе — будзе хлеб?
— А мне што да гэтага?
Пальчыкі ў новых пальчатках паварушваюцца над партай.
Аднаасобнік, дэпутат сельсавета. Рыжая суконная даматканая куртка, «руская» шапка з бліскучым казырком. Мужчына з тых, што вечна хварэе, бо ў хаце ёсць каму рабіць. На пытанне, як ідзе перадвыбарчая кампанія, як ён сам агітуе, адказвае:
— Работаем нічаво.
— А чаму ты ў калхоз не запісваешся?
— Без здароўя зусім. Сяджу вось пакуль што спакойна...
Былы бядняк, калгасны конюх. У кажушку з патрухай і каласамі ў каўняры.
— Прагаласуем, таварышы, усе на сто процантаў — вот і ўвесь мой сказ. А пакуль што заклікаю ўсіх выканаць вывазку лесу за тыдзень да выбараў!
У хаце старшыні сельсавета. Гаспадыня насмажыла сала вялікімі скваркамі, паставіла ў цынкавай, бывалай місе на стол, гаспадар накроіў тоўста хлеба, і мы то хлеб у тук абмачаем, то скваркі бярэм відэльцамі, і ён, і я за ім нагу паклаўшы на нагу, як гарманісты, і бачком каля стала.
Гаспадар успамінае мінулае. Парабкаваў і пры цару, і пры панах. Пятая частка з трохдзесяціннага надзелу. Дзевяць дзяцей. Зямля падзольная, на выспах сярод балота і лесу. Усе лясы навокал — пана Крыгера, купца з Варшавы. Лесазавод — больш за тысячу падводаў штодня возяць лес, па два злоты з канём. Крыгер прыязджаў адзін толькі раз. Засцілалі яловымі лапкамі дарогу — ад яго машыны да завода.