У партызаны пайшлі ўсёй сям'ёю, ранняй вясной сорак другога года. З адною пістаноўкай, да якое старэйшы сын наадліваў з волава шроту. Пасля за бацькаву галаву немцы «давалі шмат грошай». Ордэн Леніна.
— У аблакад баба мая пашкадавала барахла і пакінула меншых дзяцей. Я дагнаў яе, вытрыбушыў ёй таго меха, малых у мех і панёс. А цяпер вось глядзіце, якая вучаніца вырасла!
Вучаніцы гэтай ён плаціць рубель за кожную пяцёрку, а за тройку — рубель з яе.
На сесіях у Маскве пасябраваў з Царуком.
— Харошы чалавек, Герой Савецкага Саюза, падпольшчык быў вялікі пры панах. Паказвае мне калонныя залы ў Крамлі: «Глядзі, бацька, якое ўстройства!» Разам з ім мы ў тэатар хадзілі.
У тых «калонных залах» дзядзька курыў у перапынку «Беламор» і ніяк не мог накурыцца.
— За калону схаваюся, цыгарку зраблю, накуруся мультану, а тады зноў «Беламор» закуру і выходжу...
Незадаволены леташняй лесавывазкай:
— Не павезлі адразу да станцыі, а да ракі. А яна — стаячая. Лес і засеў. Тады ўжо спірт прысылаюць, кансервы, каб рабочым не холадна было ў ваду лезці. Майстры панапіваюцца ды спяць на беразе.
Праводзячы мяне на станцыю, зноў пачаў пра свой клопат з тым Саўкам:
— Кулак адзін ёсць. Два гектары было пры Польшчы...
Перабіваю пытаннем:
— Два гектары — кулак?
— А ў яго малатарня, сячкарня, маслабойка, гнаць алей! Быў ужо нават і вятрак пачаў рабіць. Цяпер адна хата новая яшчэ, а другую зрабіў на продаж. За дзесяць месяцаў у калхозе зарабіў дзевяць трудадзён. Гэта ж ягоны хлопец і карову з бэлькі аба...!..
Дзядзька зусім непісьменны, але як пра нешта зусім звычайнае кажа, што адразу пасля вайны працаваў у райсавеце, інжынерам па будаўніцтву... Нездарма ж і ў чорным паліце, выразна не на яго пашытым.
...Цяпер трэба дадаць, што тады нас, літаратараў, перад выбарамі рассылалі па Беларусі гасаць нарысы пра кандыдатаў. Так я трапіў туды, да таго, хто выбіраўся паўторна. Актывіст з прасцецкім прозвішчам Цяльпук.
* * *
Прароча гучыць гэта праз шэсцьдзесят гадоў: «На смену старой капиталистической буржуазии появится «молодая» коммунистическая буржуазия, которая имеет широкое будущее».
З дзённіка няздзейсненага пісьменніка Пятра Сеўрука, у той час — беднага местачковага хлопца.
* * *
Чыноўнік, які па абавязку патрыятычнай службы падслухоўвае тэлефонныя размовы, і лекар-уролаг, які па абавязку спрадвечнай гуманнасці праводзіць пальцавае даследаванне прастаты, а затым прывычна здымае адпаведныя пальчаткі, мые рукі і садзіцца за свой стол,— гэта розныя абавязкі і розныя людзі.
* * *
«Развялося мноства вушэй, якія лавілі словы, не для іх прызначаныя, і перадавалі іх «куды трэба». Так піша весела-мудры Войцех Жукроўскі ў прысланай кнізе «На троне ў Блябоне».
Універсальнае «куды трэба» — у яго вельмі проста: «gdzie trzeba». А як жа гэта гучыць на мовах іншых? Дзе вушы таксама ловяць.
* * *
«Гласность» у дзеянні: Галоўліт балюча ўшчыкнуў у «Полымі» «На сцежцы — дзеці» і «Шчопцямі і пудамі». У другім выпадку там, дзе пра яшчэ ўсё «закрытыя пісьмы», а ў першым — дзе пра дзяцей, авеяных Чарнобылем... А яшчэ ў яе, цэнзуры, якое ў нас «няма», маюцца дваццаць дзевяць «пунктаў» у сувязі з жахлівай аварыяй, і супраць тых пунктаў нічога не скажаш, не зробіш. У канцы восемдзесят шостага года.
* * *
Быў Ш. Добра пагаварылі — з адною сёння тэмай у цэнтры. Смяяўся, што бабы загорскія кажуць пра той чацвёрты блок:
«Цэмент раскралі, зляпілі тую станцыю з пяску, вось яна і развалілася».
* * *
Зноў прыгадаліся два пажылейшыя за мяне яўрэі з друкарні, якіх я частаваў пасля выхаду першай кнігі. Як пілі мы, чым закусвалі, у якім закутку друкарні гэта было — добра не памятаю. Прозвішча загадчыка наборнага цэха Рудзік; я запомніў яго, відаць, з-за Тургенева. А прозвішча загадчыка цэха друкарскага не запомнілася — ад імені нейкага, здаецца, без вышэйшых асацыяцыяў. П'янкі, вядома, не было, яўрэі людзі акуратныя, а ўражанне ад маёй удзячнай радасці, ад іхняга разумення яе — памятаю.
З Рудзіным, чалавекам самавіта-сур'ёзным, мы і пасля гэтага, як і перад гэтым, прыязна здароваліся. А той другі, цяпер безыменны, па-прасцецку, дабрадушна губаты, пры сустрэчы шырока ўсміхаўся: «Ну, а калі будзе другая кніга?»
...Захацелася дадаць, што я тады быў літработнікам «Вожыка», апранутым абы-як, у «юнраўскія» неданоскі, і гэта, відаць, яшчэ больш збліжала мяне з тымі небагатымі, працоўнымі людзьмі.