Дзераўная, што была для мяне калісьці нечым загадкава-далёкім, яшчэ да таго перадваеннага моста ў Ярэмічах, доўгага, высокага, за якім ішла грэбля — на пушчанскі ўсход.
Згадаўся варшаўскі ксёндз Сувала, «партызанскі капелан» Ора, які тут служыў перад самай вайной і ў гады акупацыі, адкуль, дарэчы, і яго «акоўскі» псеўданім. Вясёлы сангвінік з нядрэннай беларускай мовай і фальклорнай дасціпнасцю, што мне, ад знаёмства з ім у 1973 годзе, прыгадалася, калі глядзеў на магутны касцёл у дрэвах, на пануючым узгорку.
Помнік архітэктуры, што ахоўваецца дзяржавай, і помнік расколу нашай беднай нацыі на дзве незажываючыя палавіны: касцельна-«польскую» і царкоўна-«рускую». Першая ў гэтых мясцінах пераважае.
Пацверджанне гэтаму ўбачылася і ў другім мястэчку, Налібаках, на могілках і ў незакончаным касцёле. Дабудаваць яго перашкодзіў верасень 1939-га. Народная гамана, якую нам перадавала прыемная жанчына, парторг, пра ксяндза,— «сам будаваў» гэты касцёл, ледзь не на «складкі» прыхаджан, людскою самаахвярнай працай. Магутная «каробка» з чырвонай цэглы, цікавая па архітэктуры, без даху, з пустымі прастакутнікамі і кругамі вялізных пустых вокан. Праз адно з іх,— як расказаў мой спадарожнік, партызанскі сябар Жэнік [58],— праз круглае, над уваходам, біў, пакуль не заглух, фашысцкі кулямёт, калі партызаны, увабраўшыся ў сілу, разбівалі тут гарнізон паліцаяў і немцаў. На помніках эпітафіі «польскія», дзе касцельная мова ўгматвае мясцовыя, беларуска-мясцовыя прозвішчы, што пацешна чытаюцца на лацініцы: Дашчэчка, Босы, Агейка... На старых помніках металічныя пліты і мова крыху больш пісьменная, а на сучасных павыбівана-пазалочана мноства, зноў жа, малапісьменнай бэрсаніны, з абавязковымі «просі о тшы Здровась Мар'я» або «просі о вэстхнене». На сучасных стэлах некалькі надпісаў па-руску. І толькі адзін па-нашаму, на магіле дзіцяці, што памерла на сваім другім годзе. Ядвіга Іванаўна, парторг, у нядаўнім мінулым шчырая работніца ў жывёлагадоўлі («Другі ў раёне ордэн Леніна»,— як сказаў нам таварыш з рэдакцыі), расказала, што бяда гэтая — у сям'і маладых настаўнікаў, дзе муж з Коласавай Мікалаеўшчыны.
І не падумалася мне, што гадзіны праз дзве маці таго хлопчыка, маладжава-сімпатычная бландзінка на сустрэчы з мясцовай інтэлігенцыяй надорыць нас з Жэнікам цудоўнымі агароднімі рамонкамі, а ў мяне папросіць падпісаць ёй «Я з вогненнай вёскі...».
Другая сустрэча адбылася назаўтра ўранку, калі мы наведалі васьмігодку, драўляна-аднапавярховую, чысценькую пасля «глянцавага» рамонту і прасторную без дзіцячага шоламу. Прыйшлі настаўніцы... мужчын толькі двух, дырэктар і пажылы выпускнік брэсцкага педінстытута. Тут мы з ім ды з Жэнікам успомнілі сябра, Валодзю Калесніка. Гаворка з настаўніцтвам ішла пра клопаты іх працоўных будняў: што няма для малодшых класаў кніжачак (паабяцаў прыслаць), што няма чым карміць свіней, бо ж не людзі, і не настаўнікі ў тым ліку, вінаваты, што йдзецца на такое злачынства — карміць жывёлу хлебам, чаго нідзе на ўсім свеце не робіцца... Ну, і вучняў з кожным годам менш. Было калісьці больш як чатырыста, цяпер — шэсцьдзесят восем...
Мы іх горка «пацешылі» тым, што ў Слабодцы, дзе мы ўвосені выступалі, шаснаццаць вучняў на дзевяць настаўнікаў.
Запусцелыя хутары, дзе на падворках трава па калені, пустыя хаты, самотныя вуллі, дзе на лятках поўзаюць пчолы, не раўнуючы як мухі па мерцвяку...
Стары ляснік, восемдзесят чатыры гады, косіць пры дарозе сена службоваму каню. Пра карову не кажа, але ж яна, вядома, ёсць. Жэніка не пазнаў, хоць і брат іхняга сувязнога, з гутаркі толькі прыпомніў. Брат быў удзельнікам грамадзянскай вайны, а немцы яго расстралялі за сувязь з партызанамі.
У весць! за леснічоўкай — бабка ў валёнках на сонейку. Пазнала Жэніка, расказала яму пра сям'ю, а ён перадаў прывітанне яе дочкам, у якіх ужо ўнукі, а для яго яны — нібы толькі дзяўчаты, да якіх па-дзецюкоўску заязджалася.
У Кляцішчы, дзе ў свой час размяшчалася камандаванне нашага Баранавіцкага злучэння, дзіўна гасцінная сям'я К., дзе мы і начавалі. А ў іх назаўтра сваты на агледзінах, былы старшыня калгаса, проста і шчыра станоўчы чалавек, і жонка, таксама пенсіянерка, нядаўна настаўніца пачатковых класаў, відаць, па прызванні. Іхняя ўнучка, акушэрка, выходзіць за сына нашых гаспадароў, лесніка.