Дарэчы, наконт кашы ў галаве эрудытаў прыйшлося пераканацца другі раз. Першы раз, едучы з фермы ў Манрэаль, даволі доўга і востра спрачаліся на літаратурныя тэмы — Пімен, я і абодва гіды. М. не толькі лепш за Р. гаворыць па-руску, ён і больш адукаваны. Сімпатычны інтэлігент, маскоўскі прафесар Панамароў, выказваў сваё недаўменне, як быццам наіўна, але і правільна: «Ведь он же просвещенный человек, как он может быть сыщиком?!» А гэты «просвещенный человек», з шыкам дэманструючы нам перавагу прадстаўніка «свабоднага свету», паказаў такую тэндэнцыйнасць ацэнак і блытаніну поглядаў, што больш нам на гэтыя тэмы не хацелася гаварыць.
* * *
Ад тэлевізара, які Пімен са смакам круціць кожны вечар,— апроч рэкламнай тузаніны, якой густа праслойваецца кожная кінакарціна, апроч культу поўхі і пацалунка, апроч вясёлай і дасціпнай мультыплікацыі,— ад тэлевізара пойдзе за мной, прычапіўшыся да памяці, просценькая,. але бойкая, напорыста вясёлая мелодыя Віргінскай кадрылі, якую вытоптвалі ды вытрэсвалі тонкія дзецюкі і гнуткія дзеўкі ў шырачэзных спадніцах. Пойдзе — як тое югаслаўскае пакрыкванне ў польцы — Іў! Іў! Іў! — якое нашу ды да розных спрытных дзяўчатак прыстасоўваю вось ужо больш за год, як многа іншых мелодый, што надоўга і неяк па-блазенску прыліпаюць да памяці.
* * *
Ноччу, на 86-м паверсе, гід Р., паказваючы нам фота свае трохгадовай дачкі, выглядаў чалавекам, паміж якім і намі — таўшчэзны слой непатрэбнага, іхняга, пылу.
Ён, Р., папрасіў мяне, другі раз пасля Таронта, падпісаць яму другую маю кнігу (там «На пороге зрелости», тут «Избранное»), што я і зрабіў,— на гэты раз без лішняй асцярожнасці.
* * *
Былая падпольшчыца, што за свае перакананні сядзела ў панскіх турмах, цяпер — нягледзячы што яўрэйка, а можа, іменна таму — працуе ў калгасе свінаркай.
Калі дачка яе выходзіла замуж, цешча падарыла зяцю на вяселлі трохтомны Марксаў «Капітал».
Калі ж пасля дачка, дырэктар школы, прыязджала неяк да яе, каб паскардзіцца маме на цяжкасці, тая суха сказала ёй: «Влейся в коллектив». Дачка, плачучы: «Мамачка, дык я ж у ім і так ужо задыхаюся!..»
* * *
Учора, прылёгшы пасля абеду з «Жыццём пратапопа Авакума», заснуў (пачалі мы ўставаць раней), а прачнуўшыся, неяк вельмі ж моцна, ярка да болю і жаху адчуў:
Што ж гэта было б, і ці варта было б жыць на свеце, каб не было ў мяне маральнай апоры, веры ў перамогу дабра, святога жадання служыць людзям творчай працай!..
* * *
Божа мой, да чаго чалавек апускаецца... Той самы Крапіва, якога мы вельмі хацелі б называць сумленнем беларускай літаратуры, разам з другімі паважанымі людзьмі, Лыньковым і Глебкам, працягнулі з ЦК у акадэмікі... так і хочацца сказаць: таварыша Г.— іменна «Г» з кропкай. Таварыш Б., таксама з кропкай, расказваў нядаўна, як таварышу Г., калі ён быў вялікім начальнікам, некаторыя перакладчыкі Леніна на беларускую мову падсоўвалі ў шуфляду стала падаруначкі, тысяч дзесяць — пятнаццаць, таксама як стары багацей падсоўвае ў стол сваёй б. шакаладку...
Карэліцкі раён, якім я па-зямляцку горда казыраю ў гутарках з сябрамі-літаратарамі, які лічыцца адным з лепшых у вобласці, нават у рэспубліцы,— наш раён «у прарыве». Пагніў лён, дохнуць парасяты, няма подсцілу, мала кармоў, два гады не давалі грошай на працадзень... Ну, а п'янства, дзікае і няспыннае п'янства многіх старшыняў, бухгалтараў, брыгадзіраў? А безадказнасць, з якой і людзі вучацца ад некаторых начальнікаў ставіцца да таго, што марнуецца народнае, іхняе дабро? Не абагналі 15 га бульбы (на дрэніраванай зямлі, каля самай вёскі!) — ну і што ж, чорт яе бяры. Пагніло — ну і што ж. Апошні год арэнды і панскі дзень да вечара!..
І Павел, ад якога я прывык набірацца энергіі, ледзь не плача, расказваючы, як брыдзіў ды лаяў яго сакратар абкома, як пагражаў выключэннем з партыі, судом... Дзіўна і дзіка — Жалезняковіча выключыць з партыі!.. І ці выхад гэта? Не, як не выхад і тое, што разанскі сакратар абкома атруціўся. Як многа мы робім лішняга шуму, як шмат ураштурмаўшчыны ў той час, калі трэба ціхая, напорыстая планавая праца.
Добра... не, не добра, а можна пра ўсё гэта гаварыць так сабе таму (і гавораць многія), хто не нясе адказнасці за непаладкі і за свае словы. А нам, хто адказны перад народам за кожнае сваё слова, хочацца ва ўсім разабрацца як след, як найлепш. Можа, не на маю гэта галаву? Можа, хопіць з мяне «чувства добрые лирой пробуждать», «сеять разумное, доброе, вечное»? Але ж мы, калі на добры лад, павінны разбірацца больш за многіх — і раённых, і абласных... Адна пацеха — нялёгка гэта для ўсіх, за выключэннем, відаць, верхаглядаў ды кан'юнктуршчыкаў.