Выбрать главу

Былая настаўніца скардзіцца на сэрца:

— Яно ў мяне не баліць, а часам рыпае. І слабасць. Карову даіць не магу. А муж за век не навучыўся. Прадалі. А такая ж была разумная. Апошні раз даіла яе, дык яна мне і рукі лізала, і твар...

Жанчына мілая, з далёкімі прыкметамі былой красы. То ў бальніцы цяпер, то дома. Толькі зашмат гаворыць пра немач сваю. Маўклівы муж і дома гэтага, трэба думаць, наслухаўся, але тут ні слова. Успаміналі, як жаніліся ў пасляваеннай беднасці. А цяпер засталася цярплівасць дружбы.

Гаспадыню, як на гутарцы ў школе сказала нам адна настаўніца, у вёсцы празываюць Рыбкай. Маці так называла яе ў маленстве. Быстрая, нястомна вясёлая нестарая жанчына. «Больш за ўсё люблю кветкі і кнігі»,— гаворыць. Сама робіць чучалы. «Каго хочаш, глушца, арла, дзікага качара». А частаваць умее аж залішне шчодра.

Мужык — здаравенны каваль. Яму было дваццаць пяць, ёй шаснаццаць і тры месяцы, калі ў іх пачалося.

— Я трохі запіваў, пясочылі мяне на камсамольскім сходзе. Асабліва яна старалася... Дагнаў пасля на вуліцы. Ну што, кажу, набрахалася? А замуж пойдзеш за мяне?

Тут гаспадыня, смеючыся:

— Ой, сталі мы самі жыць, дык я і варыць яшчэ не ўмела. Дастала кнігу «О вкусной и здоровой пище», дык толькі наплачуся, чытаючы. Шпінат, сельдзярэй нейкі трэба, а я не ведаю, што гэта!..

Калі пайшло ў нас пра партызанскае, яна расказала, як у блакаду сорак трэцяга года,— што сама памятае, а што ад старэйшых потым пачула,— іх, дзяцей і жанчын, выгналі з хатаў на луг — расстрэльваць. І немец, нейкі старшы над усімі, «сеў і заплакаў». А тады скамандаваў салдатам, і яны пайшлі, нікога не забіўшы...

Цётка бойкая, а ледзь не сарвалася ў слёзы.

Добра, цікава, патрэбна з людзьмі!

* * *

Чытаю «Сцяну» Марцінкявічуса, раздзел пра сціпла, мудра апантанага фатографа, які быў мнагадзетны і не ўмеў крыўдаваць, а толькі

Отвечал Прощающей улыбкой. И соседей Всех, кому нужно и кому не надо, Всегда снимал бесплатно. За спасибо.

І успамінаецца другі фатограф, небагаты гаспадар у нашым Турцы, спакойны, негаваркі, інтэлігентны з выгляду і па натуры Цітавіцкі, які нядаўна, раней, чым памерці,— пагарэў. Згарэў і стары апарат са сталюгамі, і ўвесь фотаархіў, здымкі і негатывы — усё, што рупліва збіралася ды захоўвалася ці не больш за семдзесят гадоў.

У мяне захавалася некалькі фотаздымкаў яго работы яшчэ з палавіны дваццатых гадоў, калі я вучыўся ў чацвёртым класе. Добра на іх бывае паглядзець, успомніць сябрукоў, сябровачак, нашых настаўнікаў, падумаць, што з імі здарылася пасля...

А з нейкай асаблівай цікавасцю і шкадаваннем, што ў мяне яго няма, бачу здымак з урока гімнастыкі — на школьным дварэ, зімою, дзе я ў калматай аўчыннай шапцы, — бачу яго толькі ў памяці, таксама ўжо даўняй, ды з чужых рук.

Затое нядаўна мне падаравалі фота з вясны саракавога года, з Першамайскага мітынгу ў Турцы, і ў тым натоўпе землякоў, у большасці сваёй знаёмых, я з пачуццём журботнай радасці знайшоў брата Мішу. Таксама ўжо гісторыя — той час...

Цітавіцкі здымаў і за плату, і так сабе, для душы і для памяці. Своеасаблівы летапіс аднаго з куткоў Наваградчыны, пры чатырох уладах. Колькі ўсяго пайшло ў нябыт! Як добра было б паглядзець той архіў! Не толькі ж дзеля зямляцкай цікаўнасці...

* * *

Народнае: «Не плач, яго ўжо няма». Гаварылася так ужо тады, калі дарагі або дарагая былі яшчэ ў хаце.

Юлія не хавалі аж восем дзён: праходзілі дні горна-алтайскай літаратуры, а перад гэтым Мілда прасіла, каб ён дзень пабыў дома. І ў мяне было адчуванне, што яго ўжо даўно, вельмі даўно няма, хоць ён яшчэ вось у труне, у кветках. Пералом у адносінах да блізкага чалавека — ён жывы, за ім памяць — адбыўся даўно: так адчувалася.

Ува мне жыў яшчэ трохі ўспамін пра нездаволенасць ім у маладых пісьменнікаў,— ён засядзеўся ў кіраўніцтве. Ды Яніс Плотніек пазней унёс яснасць: «Гэта быў наш колішні малады максімалізм. Пакуль не паразумнелі, не пераканаліся, што Юлій Ванаг — таварыш добры, надзейны, на сваім дзевятым дзесятку маладзейшы за некаторых маладых ужо не аднаго пакалення». Зрэшты, я не цытую:

Яніс гаварыў прыблізна так. А я слухаў і ўспамінаў сваіх, што таксама заседжваліся, кожны па-свойму...

Словам, учора — і ў тэатры, і на могілках, і на памінках у саюзе пісьменнікаў — прыемна было пераканацца, як яго любяць, шануюць. Таму, што ён гэтага варты, і таму, што яны, латышы, любяць, шануюць сваё, чаго ў іх варта, трэба павучыцца і нам.