Выбрать главу

Таленту ён меў столькі, колькі яму было дадзена, а вось распарадзіўся ім, выкарыстаў яго для народа належным чынам, на ўсю сілу, што і важна, і павучальна.

Я думаў, што выступаць мне трэба будзе на паніхідзе ў тэатры, але ў іх гэта робіцца інакш: адно выступленне на паніхідзе, больш — над магілай. Ганаровая варта таксама па-свойму: па траіх абапал труны; падышоўшы, кланяюцца нябожчыку, адыходзячы — таксама. Паўзмрок, цішыня, аркестр, не духавы, а струнны, дэкламаванне яго вершаў, песні на ягоныя тэксты — усё з урачыстай нябачнасці. Слова Андрыса Веяна. На могілках, пад дажджом, выступаў Язэп Османіс, потым я, пад пазычаным парасонам, тады жанчына-рэдактар, за ёю настаўніца са школы ў яго родным раёне, тады дзяўчынка-школьніца. Пасля, ускладаючы вянкі або кветкі, кожны гаварыў, адкуль яны, ад каго, або і слова казаў кароткае. Артыстка Вія Артманэ (прыгожая па тэлевізары), сівы, артыстычнага выгляду энтузіяст роднай літаратуры, яшчэ хтосьці з добраахвотных...

Гэтае «хтосьці» — ад майго няведання мовы і тых людзей.

Дзіўнае адчуванне, пра што я гаварыў, калі прыйшлося выступіць яшчэ і на памінках,— мовы не разумею, але як быццам ведаю, што гавораць добрае, з любасцю і павагай.

Дзеці, Юліевы землякі, у якіх ён меўся выступіць, але спазніўся роўна на дзень; са школы на кватэру пазванілі, калі ўжо яго не стала. У кожнага з малечы ў руцэ свечачка, перавязаная чорнай стужкай. Пасля свечачкі гэтыя яны паставілі жывым пункцірам агеньчыкаў узбоч закрытай магілы, пад гарою кветак у вянках і так, букетамі.

Свечкі гарэлі ў галавах яго, у тэатры. Адна і на памінках, перад Мілдай, над шырокай жалобнай стужкай на стале. А ў фужэрах з вадой — букецікі верасу, з якога ў латышоў (Яніс, які сядзеў каля мяне, растлумачыў) плятуць жалобныя вянкі. Верас і ў песні журботныя ўплецены.

Хораша і тое, што Зыгмунт Скуінь (з якім хацелася пазнаёміцца, пагаварыць, але ён знік раней, чым я паспеў развітацца з Мілдай) сядзеў з жонкай і дачкою, мастачкай па габеленах, якая неўзабаве выступіла і расплакалася ў канцы. І Османісава жонка сядзела з дзвюма дочкамі і зяцем, і Язэп, які вёў жалобнае застолле, даў дочкам слова, і яны таксама хораша гаварылі пра Юлія, якога, як і Скуінева мастачка, любяць з маленства.

Толькі там, за трыццаць дзевяць гадоў знаёмства і дружбы з Юліем, я, здаецца, упершыню пачуў, што ў іх з Мілдай быў сын, які памёр зусім маленькім, а потым ёй няможна было раджаць, і гэта было патаемнай трагедыяй іх доўгага (пяцьдзесят адзін год, сказала яна, выступаючы) сумеснага жыцця. Сваю любоў да дзяцей ён аддаваў не толькі ў мастацкім слове, скажам, у кнізе апавяданняў «Вялікія справы маленькага Мікіня», знаёмай і нашаму малому чытачу, але і дзецям, што нараджаліся і раслі побач з ім у маладзейшых сем'ях. Са Скуінямі і Османісамі яны шмат гадоў жылі ўлетку ў Дубултах, у адным доме, і дзеці любілі Юлія. Меншая Османішка, прыгожа-чарнявенькая, сказала ў сваім выступленні, што яна пазнаёмілася з дзядзем Юліем тады, калі ёй было дзевяць месяцаў, і рада, што яе дачушка таксама яго бачыла. Калі і гульня гэта, з пераходам ад лялек штучных да жывых, дык усё роўна міла. Калі яны, Язэпавы дочкі, усталі і пайшлі раней, Яніс растлумачыў мне сваім цяжка-рускім шэптам, што гэта яны да дзетак, а я прыгадаў яму словы нашай жніўнай песні:

Ой, час-пара дадоманьку... У старых жанок рукі баляць, У маладзічак дзеці плачуць...

Наша блізкасць з Язэпам пасля знаёмства ў Мінску і ў Рызе, на дэкадзе беларускай літаратуры ў пагодлівым верасні шасцідзесятага, падмацоўвалася ў дружбу, так сказаць, на польскай глебе: разам бывалі мы тройчы на міжнародных з'ездах перакладчыкаў польскай літаратуры. Добры, сардэчны ён хлопец, і падумалася ў той наш жалобна-ўрачысты вечар, што балазе ў мяне толькі што выйшла новая кніга,— ёсць што паслаць.

Таксама і Янісу Плотніеку, блізкаму сябру незабыўнага Ояра Ваціеціса, перакладчыку Максіма Танка, знаёмаму з той славутай дэкады, якую мы з ім прыемна згадвалі.

І Лія Брыдака знаёмая з тых дзён, з нашай вясёлай, маладой паездкі перш за ўсё па маляўнічай Латгаліі. Сказала мне цераз стол, што даўно ўжо купіла кнігу маіх мініяцюр і часта па ёй гаварыла са мною. Выступаючы, я згадаў і пра тое, што кожны раз, апынуўшыся ў Рызе ці ў Юрмале, я перш за ўсё званіў Ванагам. «Цяпер, калі ласка,— сказала Лія,— адразу званіце мне». І пазнаёміла з сястрою, ужо не з паэтэсай, а з празаікам — Маяй Свірэ.