Калі і ён, услед за старэйшым на пяць гадоў братам Паўлюком, стаў кавалерыць і купіў сабе «батарэйку», ліхтарык, бацька гудзеў на печы: «Куртуля! Батарэі! Адзін свеціць Жэні, другі Аксені!..» Сыны хадзілі на вячоркі па ўзросту, кожны ў сваю кампанію, у розныя хаты.
Іван загінуў на вайне. Паўлюк вярнуўся з ордэнамі і медалямі, не паранены. Таксама здаравенны, але яшчэ і працавіты, і вясёлы. Мы з ім прыязна сустракаліся, калі ён прыязджаў у Мінск, а я бываў у Заторы. Я і браў з яго, у «Забалоцце» (і для вобраза Гаўруся Каляды, і для Міхася Ждановіча), у запісы. Вельмі ж яму запомнілася, не раз успамінаў, як я павёў яго ў цырк... Гадоў некалькі таму назад я спытаўся, што ж ён не зойдзе ніколі, бываючы ў Мінску. «Ваня, дочкі ж там у мяне, туды трэба!..» І не адзін ён так не заходзіць, хто і заходзіў, і начаваў раней. Цяпер Паўлюк абязножыў і пакутуе, дажывае пры сыне, шафёры калгаснага грузавіка.
Во куды павяло ад Раселавай тугой філасофіі!..
* * *
Успомніўся з палону гродзенскі Цырук, рабочы куфлевага завода, пацешны хлапчына, якога я браў для характару Мішкі Веніка ў «Птушках і гнёздах». Аднойчы ён, Цырук, паказваў на «арбайтс-камандзе», як таму з нас, хто ўцячэ і дойдзе дахаты, давядзецца пабываць на допыце.
«Шпіён?!» — спытаецца бальшавік. І пісталецішча з халявы — рраз!..» Паказаў ён гэта з такой мімікай і жэстам — на той пістоль, які чамусьці, нібы разбойніцкі нож, у халяве,— што смех і сёння мне загучаў. Ад тое сілы таленту. І не толькі...
* * *
Гутарка з пажылым, спакойным хірургам. Між іншым, ён расказаў пра разадраны нос калгаснай даяркі, якую хацеў згвалціць сакратар партыйнай арганізацыі... Назаўтра яму, тады не мінскаму, а сельскаму хірургу, пазванілі «откуда следует», што трэба напісаць у гісторыі хваробы: «Падала і зачапілася носам»... Простае, народнае ў гэтага чалавека: «І я з такімі буду ў партыі?!»
* * *
Плюсам сабе запішу дзве сустрэчы з жонкамі арыштаваных таварышаў. У пяцідзесятым годзе з жонкай паэта Айзіка Платнера і ў пяцьдзесят сёмым з жонкай Барыса Ржэўскага [60].
Абедзве яны сказалі мне, што здзіўляюцца, як гэта я не баюся вітацца з імі, так доўга стаяць, распытваць... З першай — каля той школы на Камароўцы, у якой тады размяшчаўся інстытут замежных моў, дзе яна, ціхая, недабітая горам інтэлігентная яўрэйка, працавала талковай (ад жонкі сваёй ведаю) выкладчыцай. З другой, гродзенскай заслужанай настаўніцай, сустрэліся мы на дварэ бальніцы.
Успомніў гэта, чытаючы «Нікі» Цібара Дзьеры, дзе ён падобную смеласць назваў «вызывающей».
* * *
Як гэта нізка — чакаць узнагароды ад тых, каго не паважаеш, бачачы іх некампетэнтнасць у справах роднай культуры, сытую абыякавасць да яе, а то і проста варожасць. А то яшчэ і гуртам выпрошваць значок для кагосьці ў яго прыгорбленай прысутнасці, як гэта было нядаўна ў ЦК. «Христа ради — Героя!..»
Асуджаю другіх, але ж і сам быў не заўсёды, не назусім свабодны ад жадання быць адзначаным, узняцца над гэтым у духоўную незалежнасць.
* * *
Не ведаю, ці да канца я маю рацыю, але ўсё думаецца час ад часу, што кідаць кветкі пад ногі тым, што бралі ўдзел у вайне і дагэтуль жывуць — нешта гэта не тое, не так. Лепш на магілы або да Вечнага агню. І не кідаць таго, што трэба сціпла, урачыста класці.
* * *
Пры кожнай змене палітыкі ад пісьменнікаў патрабуюць пісаць перш за ўсё пра сучаснасць. З тым самым падтэкстам у гэтым патрабаванні. Падтэкст гэты паясніў быў Хрушчоў, з уласцівай яму прастадушнасцю:
«Мы столькі добрага, выдатнага робім, а вы пра гэта не пішаце!..»
* * *
Пра нашу прозу можна ўжо не толькі гаварыць, але і памаўчаць: няхай гавораць людзі. І гавораць!
Гаварыў пра гэта ў Варшаўскім універсітэце, на сустрэчы са студэнтамі беларускай і ўкраінскай філалогіі.
Там жа, адказваючы на пытанні, сказаў, што перад праўдай і я вінаваты: у тым, як калісьці пісаў сёе-тое нібыта сам і не поўнасцю сам.
* * *
Часам здаецца, што ніколі раней так, як цяпер, не адчуваў сябе толькі часцінкай народа, які не толькі быў і далей будзе без мяне, але і сёння без мяне абыдзецца, і ў маіх гэта, як гаворыцца, інтарэсах, дый перш за ўсё — далучыць і свае магчымасці да яго стваральнай працы.
* * *
Чаадаеў пісаў Пушкіну па-французску, а падаецца яно ў перакладзе:
«Будьте здоровы, мой друг. Пишите мне по-русски; вам не следует говорить на ином языке, кроме языка вашего призвания».
60
Ржэўскі Браніслаў (Барыс) Андрэевіч (1905—1980) —выкладчык гродзенскага педінстытута. Засуджаны ў канцы 1957 года за «беларускі нацыяналізм», выпушчаны з лагера ў 1961-м, рэабілітаваны ў 1992-м.