Выбрать главу

* * *

Невычэрпна гэта і невыказна — сутыкненне чысціні, нявіннасці, права на шчасце, на праўду, сутыкненне маленства з лютасцю, чэрствасцю, тупасцю, подласцю дарослых, якія займаюцца не тым, чым чалавеку трэба займацца.

Як яму пойдзе ў жыцці — яшчэ аднаму, яшчэ адной спробе даць людзям яшчэ адну заяўку на цэльнасць асобы?..

А колькі ж іх знічкамі з'яўляліся і згасалі, пакідаючы ў нашай душы дакор свайго нездзяйснення, боль і тугу яшчэ раз зганьбаванай чысціні, нявіннасці, права на шчасце, на новае праяўленне нашай вялікай праўды...

* * *

Учора з далёкага, даўняга раптам вярнуўся церпка-цёплы пах толькі што змолатай жытняй мукі,— яшчэ ў кашы, пад магутным, стрымана гуллівым каменем, яшчэ не ў моцным і чыстым самаробным мяху, куды я з каша пасоўваю тую муку, грэючы рукі і душу.

* * *

Хто куды, на каго ні пойдзе — на Полацк, на Менск, на Тураў — абавязкова «пожгоше села около его». А там людзі, а там дзеці, першыя і тым больш другія — Богу душою не вінаваты...

Успамінаецца зноў жа Леў Мікалаевіч — як ён пісаў пра гісторыю, дзе замест гісторыі народа — рэгістрацыя калатнечы і панажоўшчына (добра сказаў Ермаловіч!) паміж князямі ды ваяводамі.

І мы такім жа спосабам уподбежку за іншымі народамі.

Так мне думалася часамі над старонкамі Караткевіча, так думаецца і цяпер, над старонкамі маладзейшых, меншых.

А як бы ж гэта загаварыць па-новаму, па-сучаснаму, ды ўжо і па-будучаму?!

* * *

Некаторыя апосталы перабудовы, самі пра нешта модна галёкаючы, ахвотна ківаюць на тых, што маўчаць, па-іхняму — злачынна. Бяжыць такі і азіраецца са страху: ці бягуць жа за ім другія?..

* * *

Запасная сіла — заўсёды гатовыя да дзеяння стваральнікі культу, што ажно папіскваюць ды хвастамі павільваюць у вычэкванні моманту... Так мне з тэлеэкрана, у перадачы «Позиция», бачыліся К-ч, Б-к, у нейкай меры і іншыя, пасля іх вяртання з Гарбачовым з Вашынгтона.

* * *

А што, калі гэта праўда, пра што гаварыў мне калісьці, пасля XX з'езда, таварыш Г.,— як даваенныя студэнты падзараблялі, прымаючы ўдзел у катаваннях, як яны стамляліся і адпачывалі, пілі піва, а бутэлькі разбівалі... аб галаву Кузьмы Чорнага?..

І тады ж, відаць, на літаратурных сустрэчах ці задаваліся ці падаваліся сакраментальныя пытанні:

«Скажыце, як вы ставіцеся да сучаснай моладзі?»

* * *

«Чарнобыль... Чарнобыль!..» Крытыка заклікае, кавэнчыць. А бачыць яго неабходна ўвесь час. На лес, на жыта, на кветкі гледзячы. Так вось бачыць, цераз крытычныя правілы руху, можа, і можна. А калі сэрцам? Колькі ж магчыма вынесці яму? Без паўзаў, без забыцця, калі хочаце — нават без пэўнага выратавальнага атупення?..

* * *

Нядаўна па радыё паведамілі, а толькі што, па іншай праграме, паўтарылі, што ў ЗША прыдумана новая вінтоўка, куля з якое ляціць чатыры разы хутчэй і прабівае стальны шчыт.

Радуйся, хто спадзяецца на мір паміж народамі!..

Адчулася, што не я, не мы гэтыя кулі выпускаем у цэль, а нам трэба засланяцца ад іх сэрцамі і галовамі...

* * *

Проста бюракратызму ў нас няма: гэта партыйны бюракратызм. І ён не хоча сказаць пра гэта адкрыта. Як не хоча сама пра сябе прызнацца русіфікацыя, шавіністычная каланізацыя. Таўчэцца вакол эпіцэнтра гэтага набалелага пытання, агрызаючыся на мясцовыя «нацыяналізмы», якія сама яна, адкрытая ці замаскаваная русіфікацыя, і спараджае.

* * *

Гаворыцца: «Дакор усім нам». За тое, што рабілася ў жахлівыя гады. Калі дакоры за ўсіх прымаць шчыра, а не «холодным рассудком» — будзе занадта балюча.

* * *

І мы вінаваты, і нам вінаваты, і вы, што папракаеце нас, будзеце вінаваты перад наступнымі.

* * *

Пазабіваныя людзі ўсё роўна памерлі б?.. Аднак жа колькі і жаху, і болю, і плачу на ўсёй зямлі, у тым ліку і на нашай, на працягу неапісаных, сяк-так апісаных і па-сучаснаму апісаных, таксама няпоўна, прыблізна, дзесяцігоддзяў, стагоддзяў гісторыі!..

* * *

Раней нам далдонілі пра ідэйнасць, а цяпер пра праўду. Да таго дагаворваюцца некаторыя, што талент, мастацкасць, першаасновы творчасці лічаць нечым не вельмі абавязковым. Абы праўда? Як быццам яна ў нас не аднабокая. Скажам, Афганістан, дзе мы яшчэ ўсё сядзім, або паміранне вёскі, пра што мы гаворым не на ўвесь голас.

* * *

Па тэлевізары з Масквы — «круглы стол па нацыянальным пытанні». Сякая-такая стандартная гутарка. І маўклівая ўсмешка культурнага эстонца Бекмана, які можа быць спакойны за свой народ. Сказаў потым, што яны, эстонцы, перакладаюць практычна з усіх братніх моў без падрадкоўнікаў, а ў падтэксце сказанага — і роля рускай мовы, і цвёрдасць здаровага патрыятызму, якога нам, беларусам, так страшна, ганебна не стае.