Выбрать главу

* * *

«Білінгвіст» Айтматаў — ці шчыра, ці то са славутай «азиатской хитрецой» — націскае на такое вырашэнне нацыянальнага пытання: «русский язык и национальный». А для мяне мой «язык» не нацыянальны, а родны. І ўсім нам, нацыяналам, трэба кожнаму свой родны, а рускі — братні, для міжнацыянальнай сувязі. У такім парадку.

* * *

Па прывычцы правярацца, знайшоў у Талстога («Два старика») патрэбны абзац:

«Поел мужик немножко, и старуха поела, а девочка с мальчиком и чашку всю вылизали и завалились обнявшись спать».

Гэта — калі падарожны, які ішоў «да прошчы» ў Ерусалім, зайшоў у мазанку ў ахопленай голадам украінскай вёсцы і накарміў зняможаную сям'ю.

А падкрэсленае мною помніцца — боская моц! — з зімы 1932-1933 года, калі я чытаў гэта ў патрапанай кнізе народных апавяданняў Льва Мікалаевіча. І часта яно ўспамінаецца, калі накормленыя мною, а то і не мною, унукі хораша, ціха ды мірна гуляюць.

Так уражвае слова, якое ідзе ад жыцця, ад належнага бачання.

* * *

Янка сеяў — людзі жалі,

А зязюлька кукавала.

Які цудоўны падзел працы! Выпадкова сустрэўшы гэты верш у яшчэ адной публікацыі, працытаванае — як быццам упершыню заўважыў. Такое бывае з сапраўднай паэзіяй.

* * *

У «Полымі» — слабая юнацкая аповесць Караткевіча «Пад снегам драмае вясна», якую сам ён не палічыў патрэбным друкаваць.

Дарэчы, што за драмае? З любові да Валодзі маладыя ўляпіліся за набытыя ім на вучобе ў Кіеве ўкраінізмы. Распавядаць — ад росповідати, ад чаго ў іх пайшоў і распавед, і прыкры наватвор аповяд, і распавяду, а то і такое ў маладой, шыкоўнай паэткі са сцэны: «Я вам распаўю свой верш...» Нібыта ён, шануючы вас, саграшыў у пялёначкі. Няўжо пойдзе ў шырокі абыходак і драмае? Няўжо наш вясёлы Ладысь не ведаў такога, народнага (зноў жа шануючы вас):

Ці не спіш, Акуліна, ці не дрэмлеш ты, ці не прыйдзе табе ліха — ці не п... ты?..

Апошні радок — з унутранай рыфмай.

* * *

Заўсёды блытаю: здаецца, што трэба казаць не цішэй вады, ніжэй травы, а наадварот, бо вада ж наогул найніжэй, а трава шуміць не так, як нестаялая вада.

* * *

Па радыё «Славное море, священный Байкал...». І, як заўсёды, калі чуў ці спяваў гэтую песню, хвалюе, радуе спалучэнне высокай, вольнай паэзіі і самай нізавой, будзённай прастаты: «...парни снабжали махоркой».

* * *

...У які складаны, цяжкі, небяспечны час жылося, які шчаслівы лёс вызьмейваў і цябе паміж небяспекамі, які касталом трэба было прайсці, якія страты перажыць, як,— можа, і на здзіўленне — штосьці ўсё-такі зрабіць!.. Захаваць свой агеньчык, пранесці яго сяк-так праз такія гады, і яшчэ яго адчуваць, і баяцца за яго, каб свяціўся сваім святлом — ва ўсёй складанасці часу, ва ўсёй яго мітусні ды глыбокай трагічнасці, якую не заўсёды бачыш, усведамляеш...

Зрэшты, інакш, відаць, і нельга, а то можна было б і звар'яцець.

Паратунак непамятаннем? Але ж яно і прытупляе нас, робіць абыякавымі, прывучае да гэтага...

* * *

За мяжу, дзякуючы Сталінскай прэміі, я ішоў не галавой наперад, не душой, што змоладу імкнулася да святла, прагна дзівілася на жыццё, а прыблізным словам савецкага неафіта, які, вучачыся, залішне верыў іншым, а не сабе.

Што ж, і я быў «чалавекам свайго часу». І ў мяне, у маёй рабоце жыцця ёсць чарнавік і белавік. Многа рабілася і мала зроблена. І нічога ўжо не парадзіш.

* * *

Маскоўская валтузня, групавы перабрэх з узаемапакусваннем, што ў небывала вялікіх тыражах разыходзіцца па вялікай краіне, выплёскваецца цераз краі за межы яе,— як быццам у гэтым і ёсць перабудова, новае мысленне, дэмакратыя...

Колькі ўсяго трэба пераварыць, каб вярнуцца да таго самага: ведаць, выразна бачыць сваё месца ва ўсёй гэтай агромністай куламесе і на гэтым сваім месцы рабіць тое, што можаш.

* * *

Думалася, як буду адкрываць вечар Талстога.

У яго — усё тое, чаго нам сёння так не хапае: чысціня душы і самадасканаленне, любоў да зямлі, да працы, і міласэрнасць, і барацьба за мір... Блокава: «С Толстым умерла нежность». І тое, можа, што ў яснапалянскай бібліятэцы знойдзены быў «Капітал» Маркса — «испещренный пометками Льва Николаевича на полях»,— як ён не тое што не дацягнуўся да яго, як шкадуюць некаторыя, а пераступіў у вякі.

Здаецца, выкарыстаны ўжо ўсе найвышэйшыя, найцяплейшыя словы, сказаныя пра яго, а ён усё ўзвышаецца над імі, ён свеціць нам сваім словам. А мы паўтараем тыя выразы захаплення і ўдзячнасці, і яны не здаюцца нам няновымі.