Выбрать главу

* * *

Сярод вучнёўскіх запісак было і такое пытанне: «Пасля якога твора вы адчулі сябе вядомым?» Адказваў не надта ўдала. А потым, адказваючы зноў жа пра тое: калі я пачаў пісаць, сказаў, што ў шостым класе, і дадаў:

«Вось тады іменна я быў найбольш вядомым — у сваёй школе».

І разам са слухачамі засмяяўся.

* * *

Калі мне было дзевятнаццаць-двадцаць гадоў, калі я араў, касіў, малаціў, штодня ведаў стому, аднак мог улетку ўстаць на світанні, перад выхадам у поле, а ўвосені засядзецца далёка за поўнач, каб тады пісаць,— відаць, у тыя часіны я, аўтар «Марылі», «Зладзеяў», «Як маленькі» і іншага, быў у пэўнай, заслужанай меры народным. Ужо без двукосся.

* * *

У маленстве ды малалецтве, ад бацькоў, сямейнікаў, суседзяў, сваякоў, калі да мамы прыходзілі екудзельніцы (з кудзеляй, прасці і гаварыць, гаварыць...), а да бацькі мужчыны-вячорнікі, што пабывалі ў розных кутках неўявіма вялікага свету,— як самавіта, важка, смачна гучалі мне ў іхніх размовах прозвішчы: Булдык, Кукарэка, Гіга, Цаба, Хавуста, Худоба, Чычук... імёны жаночыя: Настуля, Аршуля, Маланея, Аўдоля, Югася, Тэкля, Юста, Віліта, Палуся, Мартося... імёны мужчынскія: Віталь, Баўтрук, Ананік, Янка, Калінік, Артамей, Цупрон, Навум, Аўгей...

І раптам скрыгане імя — Ізыдор, прозвішча Кяргет, мянушка Ныгрыс, да сэнсу якое так і не дабрацца.

І многа было ва ўсім гэтым таямнічасці, паэзіі, мілагучнасці, што адгукаецца ў душы і сёння. Зямным і родным. Ці родна-зямным.

* * *

Пісаць так, як я пісаў на самым пачатку і як пішу цяпер,— што хачу і як хачу,— добра гэта, прыемна, лепш сказаць: радасна. Юнаком я хацеў друкавацца, хвалююча марыў пра гэта, а цяпер, як ні дзіўна бывае самому, з гэтым спяшацца не цягне.

Хоць, калі ўжо зусім шчыра, бывае і сумна. Нібыта я адбываю пакаянне за тое, што шмат друкаваўся, ідучы на кампрамісы, пішучы не заўсёды зусім па-свойму.

Успомнілася, як я туга, са стратамі ішоў у першую кнігу са сваёй праўдзівасцю, наіўнасцю, пісьменнасцю ад народа, мастацкага слова і Тарашкевіча...

А днямі цёпла згадаў рукапіс «Алеся», з якога потым вылушчыўся «Сірочы хлеб». У Мінску пагляджу і той рукапіс, і іншыя з самых першых,— каб дыхнуць тым свежым паветрам.

* * *

Раздражняе ўжыванне рускімі ў сваім кантэксце ўкраінскага «самостійно», замест «самостоятельно», з нейкім ціха-цынічным намёкам на нацыяналізм.

* * *

Шчыры ўсплёск любасці ў Васыля Сыманенкі: «Вкраінонько!» А я аднойчы на Дняпры, выйшаўшы раненька на пустую палубу, не стрываў: «Украинище! Красотище!..» (Папракніце, што з ходу не знайшоў такога на роднай мове...)

У Чаркасах на могілках не зусім маладая красуня артыстка ледзь стрымлівала плач — губы дрыжэлі і вочы поўныя слёз,— чытаючы каля помніка з пакладзенымі кветкамі яго верш. Другі прачытаў Іван Драч.. А я ўспомніў тады прысланага мне Сыманенку.

І вось я чытаў яго сёння больш — вершы і прозу. Таленавіта і нямала зроблена за дваццаць восем гадоў жыцця. Асабліва моцна тое, што найпрасцей ды найшчырэйшае, ад перажытага, адчутага перад гэтым. Ёсць і слабое, «публіцыстычнае», з пэўнай рыторыкай.

І як гэта кожны, няхай сабе найталенавіцейшы, не абыдзецца без слабога, слабейшага? Штосьці заканамернае, нармальнае.

Хоць мы і кажам — з любові — пра Багдановіча, што ён пісаў «адразу выбранае».

Так і ў Таўлая,— вакол стрыжнявых рэчаў і слабейшае, а то і слабое, чаго ён, нашто ўжо руплівы ды нетаропкі, не здолеў выграніць да свайго ўзроўню ў найлепшым.

Тыя, што адышлі заўчасна, трагічна ўзбагаціўшы, упрыгожыўшы родную літаратуру.

* * *

Усю халодную раніцу чытаў Плужніка, вершы, паэмы і цікавапатрэбны каментарый. Талент, праца, культура. І ўвесь час не выходзіла з памяці прачытанае ўчора ў прадмове. Як ён, трыццацівасьмігадовы, што мог бы пажыць, папрацаваць, паміраў у Салавецкай лагернай бальніцы і ў сваю апошнюю раніцу папрасіў у маладога санітара, таксама асуджанага ўкраінца, прынесці яму халоднай вады. «Я вмиюся, пригадаю Дніпро і вмру». Памыўся, выцерся прысланым з дому родным палтаўскім рушніком, лёг, схаваў рукі пад коўдру і, калі зямляк-санітар вярнуўся, вынесшы місу з ужытай вадой,— убачыў, што паэт памёр.

Як гэта добра, што той Мыкола дажыў да часу, калі змог расказаць усім нам пра гэтую святую смерць!..

* * *

Разам з Плужнікам судзілі і аднаго, так сказаць, негістарычнага, а знаёмага і мне пісьменніка — Аляксандра Кавіньку. Прыемны стары. Ды вось жа другі дзень успамінаецца, як ён,— разоў некалькі бачыў я гэта і чуў,— чытае сваю сатыру і гумар і, перш за ўсё, смяецца сам... За ім успамінаецца Сцяпан Алійнык, таксама заўсёды задаволены сваім сатырычна-гумарыстычным словам, упэўнены ў яго сіле і неабходнасці. Тым больш што і афіцыйна такая сатыра ўхвалялася,— часта яго лёгкія фельетонныя вершы друкавала сама «Правда», строга дыетычная ў адборы літаратурных публікацый. А да таго яшчэ і ордэн Леніна атрымаў. У падарожжы па Беларусі спыніўся быў у Мінску і паказаў мне той свежанькі ордэн, выняўшы яго з кішэні (і такая сціпласць) і радасна сказаўшы: «Ось що дають у наш час за сатиру!..»