Выбрать главу

* * *

Між іншым, сёння, прачнуўшыся ў 6 гадзін, ад курантаў па рэпрадуктары, па-новаму, з новай — і больш балючай — свежасцю думаў над Мішавай фразай з яго неадасланага пісьма Ігнату [7]: «Ваня весь погряз в тщеславии...» Убачыў я той пачатак пісьма гадоў са тры ці больш і, вядома, пакрыўдзіўся. Аднак, было яно! Не толькі ў 1955 годзе перажыў за меншы, чым мне раней намецілі, ордэн, але яшчэ ў 1949 годзе,— што не ўзнагародзілі як літаратара і — яшчэ больш смешна — як партызана!..

Было і ёсць. І не значыць, што не будзе. І не быў я ніколі, як Міша кажа, radzieckim świętym [8], тым больш без штодзённай пільнасці, барацьбы з самім сабою.

* * *

Два дні ў Загоры. «Візіт пашаны» Віліце. Выпіўка (двойчы і прыстойна), карты, песні і гутарка. У Колі [9] чытаў заўсёды смачнага Паўстоўскага, нарысы.

Аддаў даніну і сваёй бядзе — думаў востра, балюча пра сваю нікчэмнасць. Што гэта — хвароба, можна было б пераканацца і па тым, што апоўначы я, прачнуўшыся на засланай кажухамі канапе, як адрэзаў — перастаў думаць пра ўсю чарнату, аддаўшы ёй чарговую даніну крыві.

Пісаць сеў не таму.

Можна зрабіць такую замалёўку з натуры, назваўшы яе «Учарашні дзень».

Учора, вяртаючыся ад Віліты, апоўначы зайшлі ў клуб, на танцы. Як толькі я прысеў на лаве каля маладзіц, прататып майго Гаўруся Каляды (і трошкі, з бацькам і балалайкай, Міхася Ждановіча), Арцёмаў Павел падышоў да мяне, нагнуўся зверху п'янавата-расчуленым позіркам і кажа:

— А калі мы, Ванька, выбачай, ды пацалуемся?

Пацалаваліся. І ён пачаў:

— А памятаеш, што я быў пры Рыч-Шміглым? Голы, босы і проставалосы. А цяпер у мяне двое валёнкаў, дзве пары ботаў і добры кажух. Во! І сын мой ужо татка, і дачушкі — мамкі... Чатыры ўнукі! Чатырыжды дзед Савецкага Саюза і чампіён свету па танцах!..

Зноў схіліўся нада мною.

— А як там, Ванька, мядзведзі, га? Ніколі не забудуся!..

Ён павярнуўся да мужчын, што ўжо сабраліся каля нас:

— У мяне яшчэ калені былі падраныя, калі мы з Ванькам у цырк у Мінску хадзілі. І Павел Арцёмаў сядзеў каля генерала! Во! Усё, брат Ванька, добра ў мяне, аднаго толькі і не хапае — бабы. Яна старая, сівенькая, пад коўдрай ледзьве знайду... Я тут з харошай публікай танцую, а яна мне коўдру грэе. Не нагрэе ўжо. Сам, вярнуўшыся, грэю...

Былы бядняк. Яскравы прыклад таго, што далі савецкая ўлада, калгас пераважнай большасці людзей у нашай вёсцы. Учарашні дзень нашай сапраўднасці, пра які я (часамі трохі авансам) пісаў у калгасных замалёўках і ў «Забалоцце. Прыемна, радасна, што я тады не ілгаў, верыў, любіў — з усімі «вытекающими последствиями»: і Сталінская прэмія, і выхад за мяжу рэспублікі, нават Саюза, і паводка ўсякай чарнаты, якой аблівалі мяне ўсе, хто быў сяк ці так закрануты маім поспехам.

Хлеб, боты, валёнкі, кажух, добра ўладжаныя дзеці, новая хата, электрычнае святло і іншае — які гэта харошы ўчарашні (беручы па-журналісцку) дзень нашага калгаса!..

Мне трэба бачыць яго заўтрашні дзень, я хачу верыць, што ён будзе харошы.

Але...

Праклятае «але»! Сённяшні дзень перашкаджае мне бачыць заўтрашні. Сёння ўжо два гады не плочана людзям грошай на працадзень (з'ела тэхніка, а лён пагніў), на фермах няма подсцілу, корму — лёгенька — хопіць толькі да красавіка, а цялят калгас павінен закантрактаваць па плану... 600. П'яныя брыгадзіры. Адзін, ён жа старшыня таварыскага суда, цягае недарослых дзяўчатак (пазаўчора, прыйшоўшы да малатарні, засталі яго з 17-гадовай на саломе). «Галоўны» камуніст у нашым Загоры рэгулярна гоніць самагонку. Старшыня, які быў добры дзесяць гадоў таму назад, калі трэба было і паганяць, цяпер адстаў ад свайго калгаса і крыўдзіцца, што партарганізацыя (35 чалавек) не слухае яго. А ў партарганізацыі таксама зашмат прыдуркаў і лайдакоў, несумленных і нават па-анкетнаму з цёмнай душою.

Адзін з трыццацітысячнікаў, былы дырэктар СІД студэнт, афіцэр, здзіўляецца, за што білі Кулакоўскага з яго «Дабрасельцамі». Бледная, кажа, нявінная рэч... Так, цяжкавата без крытычнага рэалізму! І не хацелася б называць яго — усюды і катэгарычна — днём учарашнім.

* * *

Пара ўжо мне канчаць з тым, што мне нібыта сорамна бывае за сваю панскую работу, сорамна — перад людзьмі цяжкай працы. Адкрыта трэба, свабодна. У многіх тых, каго я часамі саромеюся, як блазен ці як чалавек не на сваім месцы, дзеці тым часам ужо не меншыя «паны». Нешта ў гэтым ёсць такое мужыцкае, калі грубасцю, нібыта гумарам прыкрываюць сапраўдную сутнасць з'яў. Як той наш «камуніст»-самагоншчык, што глядзіць у загорскім клубе хвалюючы, глыбокі фільм і каменціруе яго ўголас, самаздаволена, дурнымі, але «смешнымі» рэплікамі: «Ну, тут яму і хана!.. От дзе даў лататы!.. Па мордзе ёй, правільна!..» — і яшчэ лепш.

вернуться

7

Браты Я. Брыля: Міхаіл (1914—1966) і Ігнат (1900—1960).

вернуться

8

Савецкім угоднікам (польск.)

вернуться

9

Сястра Я. Брыля Уліта, па-мясцоваму Віліта (1896—1975), і брат Мікалай (1910—1970).