Выбрать главу

І ў нашага Макаёнка было такое самаздавальненне, чым бліжэй ішлося да прыдворнасці. Хоць і Андрэй, вядома, як і згаданыя старэйшыя аднажанравікі, чуў, чытаў, ведаў, што самому смяяцца раней за слухача — толькі трэцяя, апошняя зверху ўніз ступенька значнасці сатырычнага слова.

* * *

На Дняпры, на палубе цеплахода.

Былы дысідэнт, нестары, але сівабароды ды неяк па-духоўнаму валасаты паэт-філосаф гадае па далоні госцю з братняй рэспублікі.

— Жінкам давав прикурите...

Здольная пісьменніца, тыпова дародная, чарнявая ўкраінка, седзячы побач, з мілай міжвольнасцю дадае:

— А вони були некуряшчи.

* * *

Успомніўшы штосьці вясковае смешнае: ну што ты зробіш з гэтым народам!..

У Юрмале санаторная масажыстка, талковая, вясёлая зямлячка, не толькі з Беларусі, але і з Наваградчыны, пытаецца, чаму гэта пан Пілсудскі распарадзіўся так яго пахаваць: сэрца ў Вільні, мазгі ў Варшаве, увесь футарал у Кракаве?..

Сказаў ёй, як у той далёкі час гаварылася,— што ў Брэсце была пахавана і яшчэ адна ягоная дэталь...

І тут яна молада, разумна засмяялася.

* * *

Некалькі дзён па тэлебачанні Рыжкоў — без сваёй усмешачкі, якая ўжо даўнавата пачала раздражняць. Сур'ёзны, засяроджаны, шчыра ўзрушаны жахам і болем твар. А ўчора, калі ўжо не ў гарадах Арменіі, не на іх руінах, а ў вёсках, разбураных і трохі цэлых, пакінутых на пяць дзён без належнай увагі, ён выглядаў яшчэ больш чалавечна.

Баба-армянка дзякавала і прасіла, руку цалавала, а тады абняла яго, менш думаючы, што прэм'ер, больш чалавека абняла, таго, што хоча і можа дапамагчы, і стала яго цалаваць. І ён не проста шчокі ёй падстаўляў, але і сам — так звычайна, па-чалавечы, па-братняму, а то ледзь не як вельмі дарослы, вучоны, але і разумны сын, пацалаваў яе, і яно было так зблізку выразна, што я — адзін перад познім тэлевізарам — заплакаў...

Не страціць бы нам, не развеяць у тэарэтычных абстрактнасцях, не ўтапіць у балоце абыдзёншчыны тыя пачуцці, тую мудрасць агульналюдская ў адзінай сям'і, якая бачыцца, адчуваецца сёння... Тут ужо я яго, Рыжкова, бачу на прэсканферэнцыі, дзе ён, затузаны ўбачаным, пачутым, перажытым у штодзённай бяссонніцы, выступае перад сваімі і замежнымі журналістамі, сур'ёзна гаворыць тое, што ўсе мы сёння адчуваем.

Два самалёты — наш, з салдатамі, што з Прыбалтыкі ляцелі, і югаслаўскі, што са Скопле, дзе так разумеюць бяду землятрусу,— разбіліся на падыходзе да Ерэвана. Дзве ахвяры, два дапаўненні... У безымяннай (для мяне) вёсцы помнік салдату ацалеў, яго паказалі. І нехта з журналістаў так натуральна разумна сказаў, што побач з гэтым помнікам павінен стаць другі — настаўніку мясцовай школы, які выратаваў пятнаццаць дзяцей, а сам загінуў пад яшчэ адным абвалам.

* * *

Сорак пяць год будзе ўвосені, а яны ўсё бачацца мне — пара танцораў у раённым клубе.

Партызан, здаравенны, рахманы хлапчына з поўнай чагосьці палявой сумкай на азадку, пад шынялём, ад чаго ён выглядаў яшчэ больш гарбатым пры сваёй дужай сутуласці. І невысокая, спрытная, з панадна пышнымі «формамі» местачковая весялуха. Вальс «Ночь светла» (каронны ў нашага акардэаніста) і тая дзяўчына — так шчасліва адкінутая ў руках партнёра торсам назад, з песеннай усмешкай пад чароўную мелодыю. Ён — з вёскі, дзе ў іншых хлопцаў настраляны сем'і; яна — з мнагадзетнай, беднай местачковай сям'і, пры немцах недзе трохі працавала, каб не вывезлі ў Нямеччыну.

Клуб так нядаўна быў клубам у паліцаяў, куды і немцы заходзілі. Трэба думаць, яна і там не сядзела ў закутку. Цяпер кавалеры другія, а дзяўчаты ў большасці тыя самыя, толькі некалькі партызанак ці нейчых сёстраў з ляснога сямейнага лагера. Моладзь сышлася ў законным жаданні шчасця, аднолькава аднаго для ўсіх, на ўсё жыццё. Без усякай палітыкі, сабраныя толькі цягай, патрэбай узросту.

* * *

«У верасні трыццаць дзевятага мы вам працягнулі руку братняй дапамогі!»

«А мы вам на гэтую руку палажылі аполак сала».