Кантраст знешняга і глыбіннага, што ёсць і ў нас цяпер, і невядома, у што яно выльецца,— ці ад добрага ў лепшае?..
Эпітэтаў ужо няма, але былое яшчэ вытыркаецца, пагражае...
* * *
Смерць Сахарава. Адчування не растлумачыш нават самому сабе, аднак яно вернае — адчуванне таго, што ва ўсім нашым сённяшнім вар'яцкім жыцці ёсць жа нешта і найважнейшае, на што толькі і можна абаперціся. У яго яно было, з гэтым ён і пайшоў у гісторыю.
А цяпер пачнецца асэнсоўванне яго подзвігу. Ужо і пра сем «вопиюще несправедливых» гадоў горкаўскай ссылкі загаварылі, пра яго мудры і смелы пратэст супраць афганскага злачынства...
Глядзеў на Гарбачова, Лук'янава ў прэзідыуме з'езда, пакуль прамаўляў Варатнікоў, і думалася: а каб паслаць Гарбачову запіску: «Ну што, цяпер вам будзе лягчэй?..»
Бо і ён жа не даваў Сахараву гаварыць, дагаворваць тое важнае, што таму ясна, высакародна бачылася...
* * *
Немаўля, зачараванае агеньчыкам свечкі, хоча ўхапіцца маленькай рукой за гэты цуд. І апякаецца, і плача ў горкай нечаканасці крыўды. Пачатак.
Трымацца за грамніцу, бачыць яе агонь — можа, ад гэтага і лягчэй. У канцы.
* * *
Днямі неяк па светла-вячэрняму падумалася, што вось мяне спачатку не было, потым не будзе, а нешта ўсё-такі ад мяне застанецца. Нешта патрэбнае, чаго ў людзей раней не было, а што пабудзе ці будзе.
* * *
Чытаючы рукапіс Калюгавых «Пустадомкаў», дзе пра пачынаючага паэта, успомніў, як я ў раннім юнацтве — і неаднойчы — даходзіў да адчування, што калі не стану пісьменнікам, дык мне наогул няма ў жыцці — страшэннае няма! — анічога...
* * *
Казка «Воўк і сабака», знаёмая са школы, па беларускай чытанцы. Прымітыўны рысунак зімовай начы: апроч сабакі ды воўка — белы ўзгорак і хаты з белымі стрэхамі пад цёмным небам.
І зашчымела цёпла на сэрцы — дзіцячай загадкавай радасцю.
* * *
Як маці сеяла муку, а мне, малому, прыгаворвалася: «Пакі, пакі, пакі!» — калі яна паляпвала далоньмі па абручы сіта. Я ўжо чуў гэтае «пакі» з малітваў у царкве і ў маміных дома і ведаў, мусіць, што гэта — «яшчэ».
Потым яна ад «пакі, пакі» пераходзіла да «сею, сею, сею!», хутка-хуценька сеяла на стол духмяную муку.
А мне было так добра ад гэтай светлай, хлебнай музыкі.
* * *
Раніца ў парку. Малая тэпае да лужынкі на асфальце, з намерам уступіць у яе. Маладая мама папярэджвае гэта нястомным, шчаслівым настаўленнем «не лезці ў вадзічку».
Вадзічка гэтая не здаецца мне сентыментальнай. У свядомасці ўзнікаюць тры словы: дзіцячая радасць бачання. У іх жа і сонейка, і траўка, і іншае ўсё, імя чаму — жыццё.
* * *
Даволі часта і даўно, ці не з даваеннага часу, калі я ўпершыню прачытаў «Плоды просвещения», успамінаюцца словы старога камердынера: «А тоже была хорошая, тоже мать родила, лелеяла, выращивала...» Цяпер выпісваю гэтыя словы, для большай акуратнасці (як сказаў бы Федзя Янкоўскі) з кнігі, і прыемна, што памятаю іх, як аказалася, дакладна. А з пераліку дзейных асоб хочацца запісаць і тут па-талстоўску значнае: «человек умный и добрый»,— пра гэтага камердынера.
«Родила, лелеяла»...— як гэта дакладна, як мера, крытэрый, напамін пра тое, што кожны чалавек, як бы нізка ён ні апусціўся, заслугоўвае на зразуменне і літасць, што кожнага чалавека, якога крыўдзяць або бэсцяць, трэба, варта пашкадаваць.
Узяўся запісваць гэта, убачыўшы ў газеце здымак непрыгожай дзяўчыны, якая на сваім месцы добра працуе, а шчасця, можа, яшчэ ўсё чакае. Часцей за ўсё тыя словы «умного, доброго» чалавека і ўспамінаюцца ад сутыкнення з крыўдай жаночай.
* * *
Раптам успомніў, уявіў самога сябе ў пракосе, росна-церпкай раніцай, калі яшчэ тычкі ледзь відны ў світальным прыцемку,— нармальны пачатак дня ў касавіцу.
І — разам з тым — успомніў, як мы днямі ўязджалі ў Беражан і шафёр аўтобуса голасна засмяяўся на групу мужчын, якія — у дзесяць з гакам гадзін — перад пачаткам калгаснага працоўнага дня гуляюць каля лаўкі ў карты. У «дурня», на выкідку. Адны, шасцёх, гуляюць, іншыя стаяць, чакаючы свае чаргі, і каменціруюць з гучным матам і поўнай зацікаўленасцю...
Падумалася: не абражайце былую, сапраўдную працу, якую ведаю і я,— не абражайце «працай» сённяшняй!..
* * *
Арэшчыха пра Багушэвіча:
«Яго польскія вершы слабыя, але беларускія, на маю думку, па меншай меры выдатныя».