Выбрать главу

Потым падлічана было (і, вядома ж, з карэкцыяй), што за чатырнаццаць гадоў выпрабаванняў у трох бліжэйшых казахскіх раёнах было апраменена дзесяць тысяч людзей.

І ўсё гэта ішло «між іншым»?..

* * *

...И помощи просят страдальцев уста,

Один у Аллаха, другой у Христа...

Як толькі прачнуўся ў палавіне шостай, зноў падумалася, што гэтыя радкі Апухціна, якія заселі ў памяці з ранняга юнацтва, згадаліся не так сабе, а ў сувязі з тым, што робіцца «в песчаных степях аравийской земли»...

Учора — «дзень малітвы» ў ЗША, «За мір», за тых, хто там, зноў жа — за сваіх.

Як і мы цяпер, як быццам неяк апамятаўшыся, гаворым пра тысячы дарма забітых і пакалечаных у Афганістане — нашых...

А тыя, што гінулі там ад нас, што гінуць цяпер у Іраку?..

* * *

Ездзілі з Шурай у Карэлічы, наведаць у бальніцы яшчэ дваіх маіх пляменнікаў, а яго дваюрадных. Пасядзелі ў іх каля гадзіны, дзеля чаго былі ў падарожжы цэлы дзень, і адчуванне было такое — мы гаварылі пра гэта,— што вось і зрабілі тое, што трэба.

Я нават Хрыстова прыгадаў: «Я быў хворы і вы не наведалі мяне...» Як адно з найважнейшага, праверка веры справай.

Успомніўся мне добры, ціхагалосы, усмешлівы Алесь Пальчэўскі, калі ён прыходзіў да мяне ў бальніцу, скажам, са слоікам мочаных брусніцаў, думаючы пра мой пратрамбін, а думанне гэтае — ад яго чыстай, высокароднай душы, ад жадання чалавечай блізкасці.

Дарэчы тут успамінаецца, як ён, Алесь, выступаў аднойчы ў нейкай школе разам з Героем М., а потым расказваў, як у таго героя, раскормленай, расхваленай пачвары, вучні спыталіся, ці былі ў яго атрадзе (ці брыгадзе) дзеці. «Былі, вядома». І расказаў пра дванаццацігадовага хлопчыка, які прыйшоў да іх, і яму прыдумалі такое выпрабаванне: забіць свайго дзядзьку, якога падазравалі ў сувязі з паліцыяй. Калі малы адмовіўся, яго «шлёпнулі разам з тым дзядзькам»...

Расказваючы гэта, Алесь плакаў. І я не асмелюся назваць гэта сентыментальнасцю, у чым Набокаў абвінавачваў Дастаеўскага, пра што я з гадзіну таму назад чытаў у студзеньскай «Literaturze». У Алеся было зусім іншае, чыстае, яго чуллівасць ішла ад выпакутаванай чалавечнасці. Ды і ў Дастаеўскага, таксама ж пакутніка, з «сентыментальнасцю» было глыбей, чым гэта паддаецца тэарэтызаванню, хоць бы і на набокаўскім узроўні.

* * *

Улетку на прывакзальнай плошчы. Маладая, а можа, і маладжавая жанчына, відаць, у чаканні свайго цягніка, стоячы на адным месцы, павыплёўвала на асфальт цэлую кучку сланечнікавай шалухі. Прыбіральшчыца, пажылая цётка з мятлой і саўком, спынілася побач і пачала дакараць, нягучна і разважліва: «Вось урна каля вас, няўжо нельга туды?..» Збоку трэцяя жанчына нейтральна ўмяшалася з нашай савецкай філасофіяй: «Гэта ж ваша работа — тут падмятаць». І тая сваё, таксама як і пачала, памяркоўна: «Работа, дык работа, а сумленне дзе?..» Першая з іх, тая, што насмеціла, стаіць сабе ціха, як удой аддаўшы, поўна-румяная, ногі расставіўшы, і толькі, здаецца, ці то аблізваецца, ці нават і аддзімае. Нявінна і спакойна,

А побач — хлопчык, ці не сын яе, глядзіць і слухае, беручы «наглядны ўрок» жыццёвай мудрасці.

* * *

Ужо ў нас і педэрастыя — «инакомыслие», ужо і на сустрэчы з паважаным дзеячам (не памятаю, з кім, ды справа тут не ў гэтым) дзяўчына нейкая, не «старая дева» з адчаем у душы, а маладая, нават маладзенькая прылюдна, па тэлевізары, на ўвесь свет, зусім сур'ёзна пытаецца ў таго дзеяча, што ён думае аб... праве на лесбійскае каханне. Таксама ж «инакомыслие»...

* * *

Не магу зразумець: адны збіраюць грошы, карыстаюцца людской міласэрнасцю, заклікаюць да яе — дзеля таго, каб другія бралі шэсцьсот долараў за суткі ў бальніцы, дзесяць тысяч за аперацыю...

Дзяўчынку, да лёсу якое і мяне пэўным чынам далучылі, павінны былі аперыраваць не ў Амерыцы, а ў Вільні, і на гэта трэба было сабраць дзесяць тысяч рублёў (леташніх, з дзевяностага года) і тысячу долараў.

«Рыначныя адносіны» ці проста бесчалавечнасць?..

* * *

На сустрэчу з Гарбачовым у Акадэміі навук, калі мне далі запрашэнне, пайшоў з жаданнем хоць раз, а можа, і «пакуль не позна», пабачыць яго не на тэлеэкране. Пімен назаўтра напісаў мне, што сядзеў я там, «як сфінкс», а я толькі што адказаў у тым сэнсе, што інакш і нельга было сядзець, слухаючы і не могучы зразумець, чаго ён хоча,— падношаны і разгублены чалавек, які ўсім, ад акадэмікаў да веткаўскіх сялянак, свядома ці машынальна не-не дый нагадвае, што ён — прэзідэнт...

* * *

Чытаю ў «Спадчыне» Лёсіка. Гэты Коласаў дзядзька, маладзейшы за свайго пляменніка на год, таксама быў таленавіты. Будзь яго лёс ласкавейшы — быў бы ў нас і яшчэ адзін добры празаік.