Выбрать главу

Зрэшты, сціпласці, пакорнасці нас не трэба спецыяльна вучыць — сама рэчаіснасць вучыць.

* * *

Успомнілася Пушкінава, з найбольш любімага: «Что ты ржешь, мой конь ретивый...» Перачытаў і гэта: «Стамати был стар и бессилен, а Елена молода и проворна...» А потым пашукаў і знайшоў у «Руслане и Людмиле» тое, што так мне, падлетку, падабалася:

С порога хижины моей Так видел я, средь летних дней, Когда за курицей трусливой Султан курятника спесивый, Петух мой по двору бежал...

Вясёлае, з юнацкай хітрынкай, і зямное, што так прыемна апускала высокую паэзію да саменькай зямлі, па-летняму горача, пыльна пясчанай.

Некалькі рэчаў перачытаў, за адну зачапіўшыся, і зноў так хораша думалася пра Яго народнасць.

* * *

Кацянятам на дварэ, дзе і я чакаў малака,— я, седзячы са сваім слоікам, а яно, гуляючы на пясочку,— зноў нагадала цеплыню, жыццёвасць пушкінскага радка ў перакладзе Міцкевічавых «Будрысаў»:

...Весела, как котенок у печки.

Сапсаванасць літаратурай? .

* * *

Незалежна ад таго, што чытаю цяпер, пра маё заложнае штодзённае чытанне гаварыў нядаўна па тэлефоне Вялюгіну. Што я, як млын вадзяны, мялю сабе ды мялю... Цяпер дадам: млын няновы, але яшчэ трымаецца.

* * *

Перачытваць сваё — час ад часу — гэта ўсё роўна як папраўляць на сабе збрую перад далейшай дарогай.

* * *

Марына Цвятаева ў сваім «Кедры» — пра кнігу князя С. Валконскага «Родина». Цытуе таго прагрэсіўнага князя, які, у сваю чаргу, прыводзіць выказванне нейкага француза (перакладаю):

«Абуджэнне дзіцяці радасна-ўрачыстае, абуджэнне сталага чалавека панурае, а ў старых людзей — змрочнае».

Валконскі з гэтым не згодзен, бо і ў старасці ён абуджаецца ўрачыста, яму радасна пачынаць новы дзень, «асабліва калі добрае надвор'е або на стале пачаты рукапіс чакае».

Бывала, бывае такое і ў мяне. Бывае і іншае... А вось сёння, як толькі прачнуўся, нешта каля пяці, перш за ўсё ўявіў-убачыў высокае зорнае неба з маёй даўняй і мілай знаёмай — Вялікай Мядзведзіцай — і адчуў сябе зусім-зусім унізе, з абавязкам пайсці яшчэ ніжэй...

А яна ж, так мудра, мужна таленавітая Марына Іванаўна, яшчэ свой адыход і паскорыла.

Ці ж яна з адчуваннем таго, што душою сваёй застаецца?..

Пра што мы,— а нас так многа на Зямлі,— удзячна сведчым.

* * *

Да канца, да магчымай глыбіні не дадуманае, не абгрунтаванае, што мне самому цьмянавата, але ж і ўпарта бачыцца. Гэта — Ленінава пра Талстога: «люстра рускай рэвалюцыі». Толькі для Леніна яно, у такім, у партыйным прыстасаванні? У люстры тым, калі ўжо так, зацесна для вялікіх агульналюдскіх твораў мастацтва, агульна-людскай, далёка-перспектыўнай мудрасці...

* * *

Нам патрэбны прафесіяналы, каб кожны рабіў як найлепш сваё, на сваім месцы, а ў нас па-ранейшаму ўсе масава імкнуцца, крыкліва лезуць у несмяротна-славутае «общее руководство», якое сёння называецца грамадскай, палітычнай актыўнасцю.

* * *

Такія вялікія справы! На тэлеэкране Гарбачоў з яго... няхай сабе ганарова-стрыманым адрачэннем, перадача апакаліптычнай «кнопкі» ў другія рукі... А мне ад стомы, ці што, зноў прыгадаўся, зноў убачыўся інтэлігентнага выгляду дзядок, з вострым голым падбародачкам і з'едліва-мудрай, народнай усмешачкай,— як ён ветліва спытаўся ў прадаўшчыцы, вядома ж, не чакаючы станоўчага адказу:

— А как бы это, дорогая, по случаю съезда партии, да получить у вас кусочек мясца? Купить, конечно же...

Было гэта пры Хрушчове, ці не пасля Новачаркаска.

* * *

У нашай і польскай энцыклапедыях — пра Чачэна-Інгушэцію. Ад інфармацыі павяло ў «Хаджы-Мурата». Перачытаў два першыя раздзелы, потым семнаццаты, кульмінацыйна найкарацейшы, а тады не вытрымаў і перачытаў смерць героя — нібы пераклічку з прадмовай, перачытанай, як малітва, з самага пачатку.

Столькі крыўдзіць малыя народы, а цяпер камандаваць імі, і ў «пераможнай дэмакратыі» па-імперску? Без адчування віны, у самазахапленні вядучай, ва ўсім дабратворнай роллю рускіх, Расіі — у горкіх лёсах народаў слабейшых, да найбольшай сярод іх, Украіны, уключна.

Успомніўся Пушкін: «Черкесы нас ненавидят...» І ягоны рэцэпт на мірнае вырашэнне «воссоединения», «покорения Кавказа» — самавар і Евангелле. «Кавказ ожидает христианских миссионеров»,— піша Аляксандр Сяргеевіч. Сёння такое чытаецца з горкай усмешкай.

* * *

Дзеці, мілыя дзеці — сведчанне вечнасці. А яны — паміраюць...