Выбрать главу

Найвыразней прыгадаўся цяпер Бэркаў почырк — быстры, прыгожы. Спачатку я ім з зайздрасцю любаваўся, а потым, асабліва ў сёмым класе, і карыстаўся ім, так сказаць, літаратурна, па-выдавецку.

Бэрка перапісваў мне мае польскія вершы, што мне бачылася не толькі, не проста прыгажэйшым, у параўнанні з маім почыркам,— тут ужо было штосьці ад іх распаўсюджвання, самага першага, хвалюючага, з прадчуваннем шчаслівай перспектывы...

Можна падумаць, і я так падумаў цяпер, пішучы гэта, што ёсць тут таксама штосьці ад старэчага бэрсання светлых успамінаў, аднак намацваецца і іншае — малечая радасць прадчування, якая ўсё-такі была і праяўлялася не толькі так.

Бэрка перапісваў маё неабавязкова за нейкую паслугу, што, зрэшты, таксама бывала: я вучыўся лепш, лягчэй, і ў пэўнай меры дапамагаў яму, але ён слухаўся і так сабе, перапісваў — абавязкова ў новым сшытку! — хутка і акуратна, а да таго яшчэ і без усякай прэтэнзіі на «сааўтарства». Што праявіў аднойчы яшчэ адзін перапісчык.

Гэта быў Вова Ядлінскі, пераведзены ў наш сёмы з Мірскай школы, адкуль ён быў ледзь не выключаны за паводзіны, якія і ў нашай школе ў яго не надта палепшыліся, хоць і была над ім строгая апека аднаго з настаўнікаў, што сябраваў з Вовавым бацькам, настаўнікам у Міры. Ды я тут толькі пра почырк новага аднакласніка, таксама вельмі прыгожы.

Сказаць, што мы сябравалі з Ядлінскім, нельга, аднак да перапісвання маіх вершаў дайшло, што і прывяло нас да разрыву.

І там, дзе я перапісваў свае опусы сам, і дзе яны былі перапісаны Бэркам, кожны верш быў знізу падмацаваны імем і прозвішчам аўтара. Калі ж Вова аддаў мне яшчэ адзін новы сшытак з перапісанымі ім вершамі, почырк ягоны, можа, нават прыгажэйшы за Бэркаў, мяне зусім не ўзрадаваў. Пад кожным вершам замест Jan Bryl стаяла Włodzimierz Jedliński... Пакуль мы не шчапіліся па-сапраўднаму, ён аніяк не згаджаўся ўцяміць, што вершы — мае, што ён іх толькі перапісаў!..

У Бэркі ніякіх падобных прэтэнзіяў не было. Наогул не памятаю нічога дрэннага за гады нашага сябравання. Калі не лічыць расправы з катом.

Побач з вялізным, як тады бачылася, гмахам млына, зробленага з бетонных пустакоў, стаяла «завозніцкая», драўляная прасторная хата, на гарышчы якое было галубінае царства. І вось аднойчы Бэрка павёў нас, мяне і Мішу, майго пляменніка і аднагодка, заядлага галубятніка і жулікаватага спрытнюка, туды, на сваё гарышча. Не толькі каб пахваліцца і галубамі, і пшаніцай, чаго ім хапала,— яму трэба было дапамагчы расправіцца з паповым катом, які панадзіўся на галубяціну. Тут ужо мы ўзяліся за справу пад Мішынай камандай. Не памятаю, за якім разам ды як нам удалося злавіць таго ката,— помніцца тое, як мы начапілі яму рашчэп, кастровае палена, надколатае так, каб, выбіўшы клінок, хвост кашэчы можна было заціснуць у той расколіне надзейна. Кавэнчыць кот пачаў і пры гэтай аперацыі, і пакуль мы зносілі яго на край зааранага агарода, а калі пусцілі — ён папёр да сваіх старых пападзянак, брэнкаючы паленам па мёрзлай, яшчэ не пакрытай снегам раллі, глуха і адчайна вякаючы. А мы — пераможна смяяліся...

Ды гэта ж ішло не толькі ад Бэркі, гэта мы рабілі разам, так, як па даўняй завядзёнцы трэба было распраўляцца са шкоднымі катамі, і калі разуменне суровасці нашага прысуду і выклікала ў душы няёмкае, шчымлівае сумненне, дык гэта ўжо ў кожнага з нас па сабе, у адзіноце, тады або пазней, як у каго...

Пасля школы мы бачыліся вельмі рэдка, бо ён неўзабаве пераехаў у Мір, дзе «пры першых саветах», у 1939—1941 гадах, працаваў пісарам у судзе. Міша — ужо не пляменнік мой, а брат — дзеля цікавасці зайшоў неяк у той народны суд, на «смешную» справу: прысуджвалі аліменты нашаму скрыпачу, глухаватаму, вусатаму Калініку. Бэрка заўважыў Мішу ад свайго сакратарскага стала, прывітальна ўзняў руку, а тады яшчэ спрытна ды весела паказаў, нібы нямко, як падкручваецца вус, як іграецца на скрыпцы і як прыйдзецца — шматзначнае пстрыканне шчопцямі — плаціць за раман на пятым дзесятку беднага халасцяцтва.

Вось і ўсё. Не памятаю, калі і чуў што тады, вярнуўшыся з палону, пра далейшы Бэркаў лёс. Ці ён прапаў у вайну, ці яшчэ жахлівей загінуў ад гітлераўскага пагрому...

Цяпер, чытаючы Шолам-Алейхема, вясёлы, быстры Бэрка прыгадаўся перш за ўсё з тым перапісваннем.

Хоць і не толькі...

* * *

У чужым, далёкім па часе напісання, тэксце чытаю сказ: «Пяюць дзяўчаты, а сонца садзіцца над лесам». І ўспамінаюцца дзяўчаты маёй вясковай кампаніі, як яны ідуць у нядзелю чародкай па вёсцы і важна, урачыста спяваюць, святкуючы сваю маладосць.

А за гэтым прыгожым відовішчам — другое, што даўно ўжо неяк было ўявілася, а вось паўтараецца...