* * *
Яшчэ адна крытычная сіла жаночага роду, нядаўна спечаная кандыдатка тасуе нашы празаічныя творы, для зручнасці — у першую чаргу раманы ды аповесці. У тых падліках-пераліках яна мне нагадала касірку: грошай — цэлымі пачкамі, а ўсе яны — не свае, не заробленыя, і таму такая лёгкасць у механічным пералічванні. Найлепш — вялікімі купюрамі.
* * *
«Пісанае для сябе» нясе яшчэ і такую прыемнасць: міжволі, як быццам з боку заўважаеш, пішучы, як узнікае патрэба ў належным слове і слова тое з'яўляецца, нібы само па сабе, з таго запасу, што папаўняецца на працягу многіх гадоў пажыццёвай вучобы. Прыемны працэс, ажно нагадвае ціхенькае, шчаслівае вуркатанне свежай скібы, калі ты ішоў за плугам у баразне, босы на хлебадайнай зямлі...
* * *
Думка, што час ад часу вяртаецца: Чаму я так часта адчуваю сябе адказным у нашым, перш за ўсё культурным, жыцці за ўсё, нібы па прывычцы з таго часу, калі нас, хто клапаціўся гэтым, было вельмі мала для той работы, што ўсё-такі неяк рабілася.
Цяпер чым далей, то ўсё больш заўважаеш, як на гэтай усенароднай ніве пабольшала работнікаў, і радасна гэта — за справу, і сумна — за сябе, вінаватага і без віны, бо старасць, і з пэўнай віною, бо і лянота, і рассеянасць; а «з пэўнай» таму, што на маім галоўным, калі не асноўным, заўсёды і назаўсёды адзіным участку не вельмі зробіш адпаведнае, калі няма на гэта адпаведнага настрою,— скажам так, не чапаючы слова натхненне.
У такім стане я цяпер, і гэта нялёгка.
* * *
Падхадзіўшыся раніцою, адзін на Дачы, сеў чытаць «Остров пингвинов». І нецікава, і думка такая недзе глыбей, што не гэтым мне ў лічаны час (гады, месяцы, дні?) трэба займацца. І санлівасць такая, што кніга ледзь не валіцца з рук, і зноў успамінаецца той сіняўскі славуты скрыпач, што ў старасці, як мне расказвалі, ужо зусім не мог іграць у вясковай «капэле», бо ад голасу скрыпкі сваёй, нават стоячы, засынаў...
* * *
Вяртаючыся з вёскі, неяк дзіўна глядзелася на свае сляды на шчодра прыбітым начным дажджом пыле, які так быў абрыдзеў за дні вар'яцкай спёкі. Ішоў, глядзеў, і ўяўлялася, як гэта я, нейкія дваццаць мінут таму назад, нёс над гэтай дарогай самога сябе, а вось спакойна сігаю насустрач свайму следу, нібы насустрач самому сабе, і думаю зверху: што гэта азначае — «пакінуць след на зямлі, у людской памяці»...
* * *
Пад вечар, кажучы па-пастушынаму, убіўся на сваім агародзе («ўбіваліся» толькі ў чужое) у салодкі гарох, і ад таго, відаць, што ўлетку саракавога года, першы раз уцякаючы з палону, сяды-тады здаралася падмацоўвацца ў нямецкім полі гарохам, шчасліва набрыўшы на яго ноччу, убачыў самога сябе тады. У тым часе, з высокім адчуваннем сябе ў цэлым свеце, у імкненні да шлі, у шчасці такога становішча — пасля ўсяго, што перажылося, а як сёння падумаўшы, перад тым, што давялося б перажыць, каб уцёкі тыя ўдаліся...
* * *
Якая падзея, якая ўрачыстасць, якое відовішча — як у наша мястэчка па гасцінцы везлі найбольшы звон, як потым уздымалі яго на званіцу, а мы, малыя школьнікі, забыўшыся пра вяртанне дахаты, і местачковыя, і з вёсак, глядзелі ды слухалі каманды таго, што кіраваў гэтым пад'ёмам. Упершыню пачутае мною слова «лябёдка!» — як каманда, што паўтаралася ўперамешку з іншымі словамі, толькі ж без мата.
Успамінаю гэта, чытаючы ў прысланым з Саратава новым часопісе «Гонецъ» (так — з цвёрдым знакам) пра рускія званы. І захацелася заглянуць у «Байдуны»,— як мы, малыя, прабіраліся на званіцу, каб не заўважыў стары званар, што корпаўся ў царкве, як мы краталі той велічэзны звон...
І каўнаскія званы загучалі ў памяці па-свойму, па-літоўску...
* * *
Мінск пасля вёскі сустрэў мяне пахаваннем Скрыгана.
У завяршэнне нашага сяброўства скажу і я, дый не апошні раз, які гэта быў светлы, таленавіты, чысты, амаль па-дзіцячы вясёлы чалавек, да апошняга часу (апавяданні ў «Беларусі») працавіты гранільшчык роднага слова.
* * *
Няма, няма ўжо з кім пасмяяцца намёкам, даўно і добра ведаючы тое самае.
Гэта — калі пра старасць коратка.
* * *
Што вяртаецца час ад часу, каб яго запісаць. Да чаго апусціла нас рэчаіснасць,— столькі гора навокал, а ты пра тое думаеш, як бы гэта самому табе і тваім найбліжэйшым важыць у ліхалецці. Самаахова і ачарсцвенне, і як надоўга яно?..
Калі ўсё звесці толькі да самога сябе, дык не назаўсёды ж самога сябе хопіць. Я адчуў гэта днямі безнадзейна цяжка...
* * *
На труне працавітай і здольнай, і маладой Тамары Чабан па-вясковаму гарэлі тры вялікія свечкі, адна ў галавах, дзве абапал грудзей са складзенымі на іх рукамі. Стоячы ў ганаровай, жалобнай варце, я адчуваў векавую, мудрую вясковасць, народнасць гэтых агеньчыкаў, што цёпла патрэскаліся, перашэптваліся паміж сабой, і ўспамінаў грамніцу ў бацькавых руках. Ён, відаць, меў нейкі час для развітання, як ён ні цяжкі быў, той час, бо ён жа, бацька, і перахрысціў нас, трох малых сыноў, хоць цераз сілу, ён жа і чуў, відаць, наш плач, з якім і адышоў?..