— Ешце, Ядзя,— частуе гаспадар.— Хочаце — буракі, хочаце — панцак.
Буракі — боршч бурачны з мясам, а панцак — на другое, забелены. І нябедна, і па-святочнаму. Брата дык па старой памяці Івана назавеш, а братавую — хто яе ведае. Можа, лепш пані? Бо ўсё маўчыць ды ўсміхаецца.
* * *
Гаспадарлівая, вясёлая цётка: — Нешта масла маё на гэты раз спалоханае. Бялейшае, чым трэба.
* * *
Коласаў брат, стары дзядзька Юзік, калі мы ездзілі ў Наваградак выступаць, раненька зайшоў у мой гасцінічны нумар — пагаварыць. Між іншым і такое:
— Аладкі ў нас, у Мікалаеўшчыне, пяклі і з аўсянага цэду і называлі іх божыя анучкі.
* * *
— Адпачыў бы ты, чалавеча, халера яго ўсё пераробіць!
— Ат, усё роўна ўжо, адпачынем у татарскім квасе.
На Новы год у нас варыўся «квас», суп такі, з пшанічнай падкалотай і кавалачкамі тлустай свініны, з рабрынкамі. Відаць, той працавіты дзядзька думаў, што і татары ў нашым Міры вараць таксама квас, але з канінай. Там і канец каняжыне! Хоць, можа, і ведаў чалавек, што старое каніны не ядуць.
* * *
На «дзяды», раней чым сесці за стол, трэба было памаліцца.
Маці малілася шчыра. Коля, яшчэ зусім малады гаспадар, старанна пераймаў яе. А мы з Мішам, падшпаркі-вучні, ледзь трывалі, стоячы ззаду і пераймаючы яго стуканне кулаком у грудзі і паўтаранае тройчы:
— Боже милостивый, буди мне грешному! Боже милостивый...
З Адэсы гэта было прывезена.
* * *
Да пахаў маленства, дзіцячага шчасця, мілай утульнасці ў хатнім свеце сурова добрай, трошкі больш як пяцідзесяцігадовай матулі трэба дадаць і цёпленька смачны, з ціхуткім жывым патрэскваннем пах свежага, несалёнага масла ў лампадцы перад іконай. Той, што на самым покуці, той, абапал якое было яшчэ некалькі, цэлая анталогія святых легендаў, пачутых мною з-за прасніцы...
* * *
Пасля вучобы ў сямігодцы і патроху ў гімназіі, дома, у вольны час, у Мішы было яго маляванне, маё пісанне і наша агульнае — кнігі. Вечарамі даволі часта заходзіў Паганчык Іван па мянушцы Казак, што потым ажыў у «Золаку, убачаным здалёк». У Івана была скрыпка, у Мішы мандаліна. Нашы мастацкія вечары, асабліва на шарай гадзіне. Рускі вальс «Грусти», мелодыя польскай песні, туга па радзіме з выгнання — «За мгламі, за гурамі»... І паэтычны сум ужо не падлеткаў, а юнакоў, у якім таілася куды больш надзеі, чым адчаю, той сум, што светла помніцца і сёння.
Мне аднаму, бо іх ужо даўно няма.
* * *
Аднойчы мы з Мішам, малыя, ледзь не пабіліся. Толькі ледзь, бо ён спалохаўся маёй злосці, а я спалохаўся таго, што хацеў зрабіць. Першы і адзіны раз.
Пазней, падлеткамі, мы з суседнім хлопцам паганялі ў малатарні коней. Нудна гэта — кружыцца ў прывадзе цэлы дзень. Мой напарнік, вялы і тупаваты Федзя Кашавар, каб гаварыць хоць пра што, спытаўся:
— Хто з вас, Ваня, каго пабіў бы — ваш Міша цябе ці ты яго?
Дагэтуль жыва помніцца, як я зарагатаў ад недарэчнага пытання.
* * *
Да майстравання я быў заўсёды амаль «бязрукі». У школе пераплятаў сяк-так падручнікі, падлеткам рабіў нічальніцы, юнаком мог зляпаць табурэтку, веснікі — на мяжы магчымага. Добра рабіў толькі цяжкае: гной накідаў, снапы вазіў адзін, араў...
Намаляваць умеў адно: дом са студняй, плотам, комінам з дымком, сцежкай да студні і дрэвам, а то двума. Але заўсёды не хапала фантазіі намаляваць галіны ды галінкі так, каб адна на адну былі не падобныя.
Калі ж хто-небудзь іншы майстраваў ці маляваў — так добра было глядзець. Замілаваная цікавасць да нараджэння новага ў чужых руках.
І да песні, да ўсяго прыгожага быў чулы.
* * *
Міша ўжо браўся на кавалера, добра танцаваў, захапляўся дзяўчатамі. Зімой, вярнуўшыся з Палужжа, што каля Карэлічаў, дзе ён некалькі дзён гасцяваў у Ганны, нашай старэйшай, удовай сястры, памагаючы ёй, ён з радасцю адкрывальніка расказваў пра тамашнюю моладзь, пра песні іхнія, пра танцы з прыпеўкамі. Што-небудзь робячы, успамінаючы тыя полькі, ён прыпяваў:
А тады з асаблівай прыемнасцю, нібы пазвоньваючы імёнамі:
Яна гэта — Купалава народнасць!
* * *
Лета ў Палужжы, трыццаць пяты год. Увечары, пад канец вяселля, моладзь патрабуе з жаніха («кулачка!») паваротнае, выкуп за дзяўчыну, якую бяруць у іншую вёску. Ідзе торг. Камсамольцы папярэджваюць, што грошы не ім на прапой, а на справу, разумеецца, падпольную. Бравая цешча з ганка: