— Тры селядцы выстаяў у вочарадзі,— расказваў потым дзядзька,— адзін,— кажа,— з'ямо, а тыя пакінем на выхадны!.. А дома ж у мяне дзве каровы было, япрука тым часам заколеш. А селядцы жыды па вёсках у бочках вазілі — толькі бяры!..
Колькі сын ні ўпрошваў бацьку не губіць яго, не ехаць назад, той паехаў, пакінуўшы абодвух сыноў. Палякі — «чэрці, яны ўсё ведалі цераз граніцу!» — у Стоўбцах яму такое вітанне наладзілі, што нават аркестр духавы з пажарнай каманды іграў на пероне... На выклік у пастарунак дзядзька не пайшоў, паслаў таго сына, што з ім у Саветы не ездзіў.
А тыя абодва, што ў Мінску, «так недзе, бедныя, неўзабаве і захлынуліся»...
* * *
На нашым дзедаўскім помніку імёны: «Даниил, Ульяна, Василий, Иван, Екатерина, Александр, Ева, Павел». Нават даты няма, калі пастаўлены помнік. Як памінанне нейкае. Толькі і ведаю, што першыя два — мае дзед і баба. Мох трэба было адціраць і літары, словы вычытваць упрытык. І ўжо спытацца няма ў каго пра тыя іншыя імёны. Вось яна — наша генеалогія!..
* * *
Змалку іх ведаю. Спачатку сіраты без маці, а потым і бацька памёр. Ох, як даўно гэта было, калі ў іх да таго яшчэ і карова здохла, праглынуўшы цвік, а мы, моладзь апошняга заходнебеларускага года, паставіўшы чарговы спектакль, хацелі заробленыя грошы даць ім на карову. Цэлы бунт пачаўся, бо бацькавых братоў, а з-за іх і самога бацьку сіротаў, нядрэннага чалавека, нават з гумарам, у вёсцы многія не любілі... А цяпер вось, будучы дома, дзе ў мяне ўжо нікога няма, пачуў, што і бяздольная Любося, дажыўшы да горкай старасці, днямі памерла. І ўспомніў яе малодшага брата Тадзіка (Уладзіка, з-за дзіцячага вымаўлення), які загінуў у вайну...
* * *
Зноў успомніўся стары, бяздзетны хутаранец Данька,— як ён зімовым вечарам клаў на кабылу няпоўны, як сяннічок, мех сена, з калодкі садзіўся на гэтае «сядло» і ехаў цераз гасцінец, полем у нагну вёску, да сваіх пляменнікаў. Кабыла, чым-небудзь накрытая або ўведзеная пад страху, хрупала сена, а ён сабе хрупаў гутарку. З Паўлам, старэйшым з трох пляменнікаў, які быў калісьці ў Пецярбургу паштальёнам, з сястрою трохі Данька гутарыў, старэнькай Тэкляй, менш з другімі двума пляменнікамі, якія пры Паўле і сябе лічылі разумнейшымі за суседзяў. Тэмы былі самыя розныя — уключна да таго, куды ж падзелася ўсё, з чаго складаўся Саламонаў храм?.. Калі па Святому Пісанію.
* * *
Дзед з праваслаўных, пасля быў пяцідзесятнікам, пакуль не зняверыўся. Цяпер, можна сказаць, зусім сучасны, бо і ад вывучаных дзяцей, і з радыё ды тэлевізара сяго-таго набраўся. Прыязджае ў сваю вёску з далёкае, куды забраўся ў прымы, і любіць пагаманіць з суседкамі, якія адна настаўніца, другая рахункавод, абедзве на пенсіі. Яны пытаюцца:
— Ну, а як жа вы, Анціпавіч, калі хаваць, захочаце — з прэсвітэрам вас ці з папом?
— Ат,— махнуў ён рукою,— хай патрубяць, дый годзе!..
* * *
Многа поля, двое коней, чатыры каровы, а дзядзька асмаліць аглоблі і ездзіць па далёкіх вёсках, як пагарэлец. Нажабраванай мукой і кавалкамі хлеба корміць потым свіней, а сена ды салома коням ды каровам.
Так было. Цяпер, у пачатку шасцідзесятых гадоў, унук таго «пагарэльца» занудліва, цягуча намагаецца ашукаць раённы міжкалгасбуд, які робіць яму цагляны дом.
— Зрабіце яшчэ і веранду. І хундамант глыбей ды вышэй. І на столі арнамант які...
І ўсё каб за тыя самыя грошы. Ходзіць, ные, усім у канторы абрыдзеў.
Жабрацкія гены?
* * *
За два няпоўныя савецкія гады, 1939—1941, нашы загорцы ўдосталь наслухаліся слова «иго» — «панское иго», «избавили от ига»,— і потым, калі прыйшлі немцы, гаварылі людзі так:
— Адны вызвалілі ад і-га-га, а другія вызваляць ад му-у-у!..
Забіралі кароў, бывала нават, што і апошнюю ў каго, калі солтыс зараза.
* * *
У заходнебеларускім кнізе-календары пра апошні перадваенны год чытаю — як прароцтва:
«Пануючай плянэтай у 1939 годзе ёсць Марс — плянэта гарачая і гвалтоўная, людзям не прыяльная».
Гдыня — Хэлм — Гдыня
Хто пры цару служыў у салдатах на тэрыторыі Северо-Западного края, пра таго ў Загары казалі: «Ат, капусту ў Гродне паліваў!..» Служылі хто ў Ерэване, хто ў Чыце, хто бліжэй — у Пецярбургу ці ў Адэсе. Калі старэйшы за мяне на год сусед ішоў у польскае войска, а па ім плакалі мала што дома, дык яшчэ і на вуліцы, дзед Пятроўчык смяяўся, па-свойму культурна вылаяўшыся: