Выбрать главу

Я паслужыў у дзвюх польскіх часцях, у пашахонскім пяхотным легіяністаў і ў элегантным батальёне марскіх стралкоў, і ніякага здзеку старэйшых салдатаў з маладых не бачыў. Не чуў такога ні ад сваіх братоў, якія абодва служылі, ні ад знаёмых. Тады, на ўзлеску каля Ракава, мне прыгадаўся толькі такі выпадак. Калі мы вярнуліся з Хэлма ў Гдыню, ужо прайшоўшы хто стралковае, хто кулямётнае ці мінамётнае абучэнне, гатовыя да супрацьстаяння з ворагам усутыч з ім, я аднойчы быў рады атрымаць звальненне ў горад. Такое шчасце тады было вельмі рэдка, гарнізон стаяў у павышанай баявой гатоўнасці, у жніўні мы нават і спалі, распранаючыся цераз ноч, на змену. Нацешыўшыся вуліцамі, скверамі, караблямі ў порце, адзінотай, морам, я пад вечар падаўся на прыгарадную паляну, дзе чуваць былі танцы. Толькі ўвайшоў у той шумна-вясёлы салдацка-дзявочы гам — сустрэў малазнаёмага капраля з нашай кулямётнай роты. Адказыраць я павінен быў, і не больш. А яму якраз і трэба было ад мяне больш. Высокі, як і ўсе мы, і моцна рабы, як ніхто з усёй роты, ён спешна, нахмурана зашаптаў мне, што зноў вось наспявае бойка з маракамі. «У разе чэго — одразу багнэтэм у бжух!» Каго? Завошта?.. Ён заспяшаўся ад мяне, відаць, далей збіраючы сілы, а я пайшоў у казармы.

Бойкі бывалі, па дурной традыцыі, паміж родамі войскаў, у Гдыні марскія стралкі з уласна матросамі, у Хэлме — легіянеры з артылерыстамі з суседняга з намі палка. Пра такое падобнае расказвалі і іншыя ў нашай вёсцы, каму дзе і кім даводзілася служыць.

* * *

У батальёне нашым быў «стары» салдат літовец Бучаль. Нават з гумарам ды з хітрынкай. Капаем у падгдыньскім лесе акопы, спыніліся адпачыць. Пачалі, між іншым, успамінаць, як хто ў войска ішоў, як па ім плакалі. У розных родных кутках Польшчы і Беларусі. Бучаль сядзеў на горбе свежага пяску, звесіўшы ногі ў акоп.

— А па мне, сіраце,— далучыўся і ён,— не было каму плакаць, дык я пляменнічкаў, братавых дзетак, нашчыкаў, нашчыкаў — яны і паплакалі!..

Любіў хлопец прыкінуцца няўмекам, прасцячком. Так і служыць як быццам лягчэй. Нават часамі песню зацягне сумную, а то і зацілімкае раптам, таксама для сябе, на роднай літоўскай. Бяскрыўдны быў, неганарлівы перад маладымі.

* * *

Наш сусед у Загоры, Вінцусёў Захара, калі служыў у войску і прыходзіў «на вурляп», не толькі не фанабэрыўся сваім жаўнерствам, як большасць адпускнікоў, а нават, падыходзячы да маладой кампаніі на вуліцы або сустрэўшы каго аднаго, ці маладога, ці старэйшага, не браў пад казырок, нібы адпачываючы ад гэтага абавязку, а проста прыпадымаў сваю «рагатыўку» — на «добры дзень». І не пшэкаў, як некаторыя, а «здрастуйця, цётко Юсто!», «здрастуйця, дзядзько Арцём!», «здарова, Любося!»...

Успомніўшы гэта, думаецца, як жа яму цяжка было служыць, без ведання чужое мовы і пры нязграбнасці працавітага вясковага ламавіка, а да таго яшчэ і ў конніцы.

І іншае ўспамінаецца.

Старэйшыя дзецюкі і мужчыны, што кожны ў свой час адслужылі ў польскім войску, успаміналі ўсялякае, хваліліся, а мы, малыя, прагна слухалі. Адтуль мне каросліва-неадчэпна помніцца, як адзін з тых ваякаў не разумеў, чаму гэта так было ў яго аднойчы ў бардаку:

— Я — на ёй, а яна сабе газетку чытае!..

Рогат і голас:

— Ага, а ты любові захацеў!..

Калі нас, навабранцаў у сваёй вопратцы, гналі з вакзала ў казармы, з тратуараў абапал вуліцы гдыньскія прастытуткі крычалі, смяяліся:

— Тшы месёнцэ арэшту! Тшы месёнцэ арэшту!..

Так пра рэкруцкі час, без выхаду ў горад.

Улетку, пасля Хэлма ў Гдыні, у нядзелю я стаяў на ганаровай варце перад казарменнай брамай. Адна свабодная паненка падышла, папрасіла выклікаць ёй па прозвішчы салдата. Я сказаў, што не можна, не тлумачачы, вядома, што сёння выхад з казармаў зноў забаронены. «Пане, але ж я хцэ!» Паўтарыўшы просьбу і яшчэ раз пачуўшы адмову, яна сказала: «Ых, Ясь — зелёнэ ухо!» Так лаялі маладых салдатаў: вушы ў яго, маўляў, у вінтовачнай мазі. Я падышоў да бетоннага вушака, націснуў кнопку званочка, з вартоўні выйшаў другі службовы, якому я сказаў: «Узяць яе!» Пасадзілі дзеўку ў сутарэнне вартоўні, там яна пакрычала трохі, а калі супакоілася, выпусцілі, і яна, буркліва, па-мужчынску лаючыся, пайшла.

У Хэлме, на вялікай паляне, дзе праходзілі нашы ротныя заняткі, такія паненкі падбіраліся лесам так блізка, што наш ротны аднойчы паслаў касавокага Козака папрасіць іх адтуль не перашкаджаць. Той комік, што за свае мудрагельствы не вылазіў з розных нарадаў, калі не ўмывальня, дык туалет, элегантна падышоў да першай дзявочай групкі, казырнуў двума пальцамі і ветлівенька папрасіў, чамусьці сказаўшы ім не «пані» ці «паненкі», а: