— Панове курвы, пан паручнік Ліпняцкі бардзо просі вас одпепшаць стонд!..
Каля Гдыні, калі мы капалі акопы, гэтыя работніцы падыходзілі да нас зусім ужо з таннай, прыкрай агрэсіўнасцю. Адна чарнушка ў стракаценькай сукенцы пачала не толькі загаворваць са мною, прысеўшы на брустверы побач, але і цікавіцца якасцю запыленых «дрэліхаў», памацаўшы за калена.
Прыгожая, такую ў першы вечар, калі б не ведаць, хто яна, і абняць не адразу асмеліўся б, а тут такое... Гідка.
* * *
У Хэлме, у суседніх з намі казармах палка цяжкай артылерыі, служыла многа заходніх украінцаў. Яны ахвотна былі санітарамі, халуямі. Тыя, з кім я пасябраваў, і мяне ўгаворвалі пайсці ў халуі. Я смяяўся, не могучы ўявіць сябе, кніжніка і паэта, які ўжо і друкавацца пачаў, у такім лёкайскім становішчы, а хтосьці з іх не разумеў:
— А што? Пачысціў яму чобаты і гуляй собі па горадзе, як чумак!..
* * *
Кампанейскі, вясёлы Пятро Казланюк, львоўскі празаік, расказваў мне, калі мы пазнаёміліся ў студзені шасцідзесятага года:
— У дваццаць пятым годзе ўзялі мяне паны ў сваё войска. Ну, служу. А месяцы праз два давудца кампан'і выклікае мяне ў канцылярыю і пытаецца: «Козланюк, то вы естэсьце комуніста?» — «Комуніста, пане капітане!» — «Но то пуйдзеце до дому. До дупы мі таке войско!..»
Сустракаліся мы з Пятром Сцяпанавічам рэдка, у Кіеве або ў Маскве. І заўсёды весела ўспаміналася тая даўняя дэмакратыя.
* * *
У Хэлме памочнікам камандзіра ўзвода ў нашай роце быў стары, як нам бачылася, старшы сяржант, што раўназначна фельдфебелю, яшчэ з легіёнаў Пілсудскага. Чапляўся абы да чаго і лаяўся абы за што, шапялява-бяззубы, як нямоглая баба, з паўпадалымі шчокамі, не выпускаючы з рота слова «курва».
Начныя заняткі, арыентацыя па зорках. Прыходзім на сваю паляну.
— Плютон, стуй! Доокола мне збюрка! Зачынамы. То, цо відзіце над собон, то ест, курва, небо. А тэ малэ курэўкі — то гвязды. А поляк — то ест така курва, жэ любі вальчыць, курва, не ў дзень, а ў ноцы!..
Ну, і гэтак далей.
На прысязе, калі спачатку прысягнулі католікі, а тады пачулася каманда выступіць са строю праваслаўным, я зрабіў свае тры крокі, разам з нешматлікай лінейкай землякоў адбыў цырымонію і па камандзе ўступіў у строй. Пакуль прысягалі яўрэі, якіх было яшчэ менш, старшы сяржант, стоячы побач са мной, правафланговым, прыцішана прашаптаў:
— То ты, курва, естэсь правослаўны? — Як быццам ён не ведаў гэтага дагэтуль.— То як се, курва, зачне война, то ты мне заржнеш, а сам, курва, уцекнеш до большэвікуў?..
У Гдыні іншы старшы сяржант, «шэф кампан'і», ротны старшына, лаяўся яшчэ больш і не так аднастайна. Найчысцейшымі словамі, апроч той самай універсальнай «курвы», былі ў яго «бедуін», «фуяра», «гангрэна», а далей ішла такая вобразнасць, такая высокамастацкая мярзота, што і запісваць нельга, тым больш друкаваць.
* * *
Мой першы дзень «службовага стшэльца» ў падафіцэрскай школе.
Трэба сказаць, што трапіў я туды зусім без ахвоты. Першы раз перад строем адмовіўся, і палкоўнік аблаяў мяне бараном, а за другім разам, калі ротнага старшыну, што пайшоў у адпачынак, замяняў «падофіцэр мундуровы», загадчык склада вопратка і абутку плютановы Каханоўскі, у дзённым загадзе пад вечар было пададзена ў адным з пунктаў, што ў школу падафіцэраў, якая пачала ўжо вучобу, дадаткова адкамандзіроўваецца стшэлец Брыль. Загад загадам, тут ужо не выкруцішся. Плютановы павёў мяне на свой склад пераапрануцца ў новае. На калідоры, калі мы засталіся адны, гэты, як мне здавалася па прозвішчы, ледзь не далёкі нашчадак славутага Яна Каханоўскага з Чарналясу, вершы якога і я ведаў, нават некаторыя любіў, ён раптам брыдка аблаяў мяне на маёй родненькай з пытаннем: «Што, каб на школе беларусаў не было?!» Цяпер падумаўшы, можа, гэта ён мяне туды і ўцукраваў?.. А сігануўшы гадоў на дваццаць наперад, я ўспомніў яго, калі пазнаёміўся са слаўным маладзечанскім хлапчынам і добрым навукоўцам Генадзем Каханоўскім, як аказалася, блізкім земляком таго гдыньскага аднафамільца.
Звычайнае, чутае перад гэтым пра падафіцэрскую школу, што там можа аж кава ў задніцы закіпець, у мой першы днявальны дзень, можна сказаць, ажыццявілася вельмі нядрэнна. Школа была размешчана воддаль ад казармаў, зусім над морам, у раскошным доме адпачынку работнікаў Польскага дзяржаўнага банка, бо дом гэты стаяў пусты, як і ўсе іншыя дамы адпачынку, санаторыі, вілы багатых, з палавіны жніўня апусцелыя ў змрочным чаканні боскае літасці перад зусім-зусім набліжанай вайной... Трэба дадаць, што ў сувязі з палітычным становішчам курс навучання быў скарочаны з шасці месяцаў да трох,— каве трэба было кіпець удвая хутчэй.