Калі ўсе пайшлі на заняткі, службовыя, пад маёю камандай, заняліся прыборкай. І пачалі мы... з мыцця паркету. Толькі хлопцы мае разляпаліся — як гром з яснага неба з другога паверха з'явіўся «шэф школы», тоўсты гарлапаністы старшы сяржант. Мы яго ў нашай кулямётнай роце ведалі толькі збоку, з расказаў тых, каму ён «гатаваў у дупе каву» ў роце стралковай. Выліўшы на мяне цэбар вульгарнай лаянкі, ён загадаў не памагатым, а самому мне паркет, дзе ўжо ён быў намочаны, выцерці насуха «шматамі», а тады працерці металічнай стружкай. І гэта ў суконным абмундзіраванні, уперазанаму, з раменьчыкам «рагатыўкі» на падбародку. А тут яшчэ гарачыня, а збоку стаіць ды вякае... Так пачалося, а да вечара мой жоўценькі рэмень аж пачарнеў ад поту. Бо пасля паркету, тады ўсёй прыборкі, трэба было паехаць на ровары з нашага прыгарада Арлова ў цэнтр Гдыні па шчоткі для падмятання, якія адна з вайсковых жонак купіла, а мне трэба было даставіць на багажніку. З горкі, улегцы, з ветрыкам, вядома, весела, але ж на горку, а там іх многа, ды яшчэ са шчоткамі, пілавалася то пехам, то большым спехам, бо час быў сурова вызначаны. Я справіўся, але яшчэ адзін, не першы і не апошні, цэбар брыды абрынуўся на маю запараную галаву ў прысутнасці камандзіра школы, капітана Каўрыга...
Дагэтуль ён камандаваў стралецкай ротай, а пазней, пасля нашай школы, калі была аб'яўлена мабілізацыя і наш 2-гі батальён пабольшаў, ператварыўся ў полк з тым самым нумарам, Каўрыга стаў камандзірам аднаго з трох новых батальёнаў, у званні павышаны да маёра. Я толькі раз, дый то выпадкова, сутыкнуўся з ім на фронце зусім блізка. У вёсцы Касакова, пабітай артылерыяй, з абезгалоўленым касцёлам (дзіўна для Польшчы, але яшчэ і ў 1969 годзе я бачыў яго такім самым), у нейкім шырокім, грувасткім асабняку маёру Каўрыгу спатрэбілася праверыць гарышча, ці няма там пятай калоны. На двары ён прыхапіў двух выпадковых салдатаў, і адным з тых двух якраз аказаўся я. А дзверы на гарышча былі пад замком, вісячым ды вялікім. На калідоры маёру трапіўся молат, і ён, ткнуўшы свой пісталет у кабуру, аберуч гваздануў молатам па тым замку. Раз, другі раз... І тут з іншых дзвярэй выйшла перапалоханая гаспадыня, якая ўсё-такі з крыўдай сказала нешта падобнае на «што ж вы так?!». Ён папрасіў прабачэння («Война ест, проша пані, война!») і, падзякаваўшы за пададзены ключ, адамкнуў замок, адчыніў дзверы і рынуўся па драўляных сходках угару з настаўленым пісталетам. А мы — за маёрам, са штыхамі на карабінах і, як здаецца весялей цяпер, калі пішу, з душамі ў пятках. У немцаў, а значыцца, і ў тых, каго выяўлялі на гарадскіх і вясковых гарышчах, былі аўтаматы, аднойчы нават агрызаўся кулямёт,— магло быць гэта і тут. На шчасце, тут нікога не аказалася...
А месяц перад гэтым, на адкрыцці нашай школы, капітан Каўрыга гаварыў між іншым і пра тое, якая пашана аказваецца нам, польскім жаўнерам: школа — у такім раскошным прыморскім палацы! Гэта не тое, што ў царскім войску, дзе звычайна пісалася: «Солдатам и собакам вход воспрещен». Сказаў ён гэта па-руску правільна, чым здзівіў нас, некалькіх беларусаў, а прозвішча яго, схаванае ў польскім Коўрыго, адкрылася мне сваім рускім значэннем — бохан хлеба.
Пасля, у палоне, хлопцы казалі, што перад самым канцом абароны Аксыўя, паўночнага раёна Гдыні, уздымаючы ў атаку рэшткі свайго трэцяга батальёна, маёр камандаваў: «Крэсовяцы, за мной!» Бо беларусаў у марской пяхоце — у гдыньскім другім і ў вейгароўскім першым батальёнах — была ці не добрая палавіна, а пад канец кампаніі сярод абаронцаў Узбярэжжа і наогул ці не большасць. Па сціпласці можна сказаць, што яны не хаваліся, тым больш не дэзерціравалі таму, што ім не было дзе хавацца і куды ўцякаць.
Вось такое ў мяне атрымалася адступленне. Не лічачы таго, што ў адну з гадавінаў пачатку другой сусветнай вайны ў газеце «Жыце Варшавы» я ўбачыў артыкул пра тыя нашы гдыньскія дні і ночы, падпісаны прозвішчам Коўрыго. І мне было прыемна ўспомніць адносную чалавечнасць камандзіра той быстрацечнай школы ў курортным палацы з мастацкім паркетам, які не можна мыць, пра што мы, вясковыя хлопцы, не ведалі, з дзівоснымі жырандолямі, панскімі ложкамі ў светлых пакоях, з вавёркамі на сасновым голлі, якое ледзь не казытала шкло вялізных вокнаў.
Тады, калі гарласты салдафон у званні старшага сяржанта зноў абрынуўся на мяне, як быццам навёрстваючы не вылаянае за час маёй адсутнасці, хацеў кудысьці паслаць, але наш найвышэйшы перапыніў яго: