— Шэфе, не відзі пан, жэ ў хлопца рэнцэ држон?.. Ідзьце, стшэлец, і одпочнійце.
Праўда, адпачываць мне лішне не прыйшлося. Толькі капітан кудысьці пайшоў, як з вестыбюля другога паверха, нібы з грымотнага неба, пачулася неўтаймаванае: «Службо-вы!!» Чортведама каторы раз. А быў яшчэ толькі поўдзень...
Не дзіва, што калі праз некалькі дзён наша школа была маланкава расфармавана зноў па сваіх ротах, мы, курсанты,— я ва ўсялякім выпадку,— адчулі... нават палёгку. Хоць і ў акопы!..
Ды радасць гэтая неўзабаве прайшла.
* * *
Нейкім пачаткам партызаншчыны мне можна, бадай, лічыць тое, як мы ў апошнія дні жніўня і ў самыя першыя дні верасня распраўляліся са складамі пакінутых на ўзмор'і дамоў адпачынку і санаторыяў.
На паліцах процьма бутэлек і слоікаў з напоямі і сокамі, якія так хутка ды моцна абрыдзелі нам, што аднойчы мы, нарэшце, шыбанулі ў адзін такі склад гранату, стукнуўшы дзвярыма ды схаваўшыся за сцены. Во дзе разгром быў, колькі пацякло па сценах ды па падлозе!.. Маладая дурнота і адчай, як здавалася, перадсмяротны, і непрыязь да панства, што так нядаўна вылежвалася на пляжах, каля якіх мы праходзілі то ў поўным рыштунку, то яшчэ толькі з рыдлёўкамі, якімі капалі сабе акопы...
З акопаў, калі на ўзмор'і засталіся мы адны, а за далінай нейтральнае паласы ўжо заселі немцы, у далейшыя дамы-санаторыі прабірацца трэба было пад калючымі дратамі, не думаючы пра тое, што і з варожага боку маглі знайсціся такія ж разумнікі ды смельчакі. Багнэты нашы былі на карабінах, а за рамянямі гранаты. Самі сабе начальства. Бо на самым далёкім узгорку над крутым, парослым букамі абрывам, куды афіцэры заглядвалі рэдка.
* * *
У зробленай мясцовым краялюбам рукапіснай копіі польскай брашуры нейкага А. Сняжко пра Мір з ягоным замкам, касцёлам і наваколлем мне выпадкова, паміж радкоў, прачыналася і такое, што нагадала адну даўнюю размову. Як мяне ўлетку сорак чацвёртага польскі маёр угаворваў ісці ў Войска Польске. Там, у Міры.
Адзін з аргументаў:
— Пане, бэндзеш пан жыл, як Буг!
— Я ў вас служыў, разам з вамі ваяваў, у палоне быў два гады,— можа, хопіць?
Размова ішла па-польску, у пустым райкомаўскім пакоі, куды мяне выклікалі з рэдакцыі. Гамонім даволі доўга, а потым ён, не ўгаварыўшы мяне, просіць падказаць, з кім бы яму тут яшчэ сустрэцца па той самай прычыне. Раю пацікавіцца нашымі засценкамі — Цвіркамі, Збыцінам, Вірбатамі, дзе шляхцюкі-католікі лічаць, сябе палякамі. Шыкоўны маёр глядзіць на мяне, моўчкі ўсміхаецца, а потым чысценька па-руску:
— На кой черт они мне? Свои ребята нужны.
— Вот так бы, товарищ майор, и сразу!..
А пан Сняжко ў сваёй брашуры піша (перакладаю):
«Апорай каталіцызму ў мірскай парафіі з'яўляюцца старыя засценкі і шляхецкія хутары. Даўней у іх кіпела, шумнае палітычнае жыццё, сёння ж яны страцілі не толькі палітычнае, але і ўсялякае значэнне».
Надрукавана брашура ў 1937 годзе. Прызнанне аўтарытэтнае.
А вышэй гэты дамарослы даследчык піша пра нас, што «прымусовая акцыя рускіх захопнікаў ператварыла іх у беларусаў праваслаўнага веравызнання. Засталіся ў іх. толькі схаваныя ў глыбіні душы ўспаміны і пэўная гордасць, што яны паходзяць з католікаў»...
Вось яно як!
* * *
Даведаўся, што ў Катыні сярод памардаваных польскіх афіцэраў было шмат рэзервістаў, мабілізаваных, на вайну, і ўспомніў такога.
Ён наведаў уранні аднаго з няпершых ваенных, дзён наша «становіско боёвэ» у лесе, на крутым абрыве над морам, дзе мы сядзелі са сваім «максімам», старанна замацаваўшыся. Госць быў нейкі вельмі ж цывільны, хоць і ў форме з пагонамі падпаручніка. Павітаўся за рукі, пагаварыў з намі не надта па-афіцэрску, а неўзабаве даў і яшчэ адзін доказ сваёй цывільнасці: захацеў пагаліцца побач з кулямётам — балазе там сядзячы акопчык. Дастаў з торбы сваё прычындалле, паставіў люстэрачка... І тут ужо я не стрываў — сказаў яму, што гэта вельмі небяспечна: люстэрка адсвечвае, бо дзень зноў сонечны, і гэта нас тут здэмаскуе. За глыбокай шырокай далінай з садамі ды віламі ўзвышаліся могілкі ў высокіх дрэвах, з якіх за нашым бокам назіралі, адкуль зрэдку пастрэльвалі. Пан паручнік (як прынята было звяртацца да падпаручніка) яшчэ раз здзівіў нас — папрасіў прабачэння, паслухаўся радавога і пайшоў, куды яму паказалі, глыбей у лес, да нашай зямлянкі, дзе быў хтосьці з разліку.
Ці не ў той самы дзень яго ад нас адклікалі, ці сам ён, непрыкаяны, пайшоў,— гэтага я ўжо не памятаю. Ды мне яно і не патрэбна. Я проста ўспомніў яго, цывільна-чалавечнага, прымераў і яго да жахлівай трагедыі ў лесе іншым, смаленскім...