Здаецца, смешнае
Пасля выхаду з партызан, пакінутыя на працу ў райцэнтры, мы прывыкалі да тае працы не надта ахвотна. У абед, сабраўшыся каля сталоўкі, пагамонім, перавядзёмся тым абедам, выйдзем — і разыходзіцца не рупіць... І вось нам аднойчы весела пашанцавала. Нейкі дзядок падышоў да нашага гурту, слова за словам і пачаў хваліцца, што ён таксама парцейны, яшчэ з той, з мікалаеўскай, вайны. І пачалі мы падсоўваць яму сяброў па ягонай партыі.
— Васілій Блажэнны быў у вас? — пытаецца адзін.
— Быў! — усцешана адказвае стары.
— Грышка Атрэп'еў быў? — пытаецца другі.
— А як жа, быў!
Ціха-ўсмешлівы Цітавіч, нядаўні наш начальнік штаба брыгады, цяпер памочнік першага сакратара райкома партыі, таксама падставіў пытанне:
— Скажыце, а Лука Мудзішчаў быў?
— Быў! — зусім узрадаваўся дзядок.
Пералік членаў закончыўся, у старога спыталіся:
— Ну, а чаго вы, дзядзька, у Мір прыйшлі?
— Сказала баба купіць гаршчок.
— Ну, дык пойдзем паможам.
Здаецца, і пайшлі. Усім сваім савпартактывам.
* * *
Швагер загадчыка райза, нядаўняга партызана, ён жа брат заслужанай настаўніцы, здаравенны брахун і выпівоха, былы франтавы дэсантнік, жыве сабе на сваяцкім хлебе і не вельмі рупіцца зноў пашукаць якую-небудзь працу. А ўжо трэці год пасля вайны. Ажно сакратар райкома зацікавіўся такім камуністам і выклікаў яго.
— Ну, дакуль жа ты, Груша, будзеш спацыраваць па плошчы?
— Няма машыны — вось і спацырую пехатой. Сакратар — чалавек бывалы, цёрты жыццём і вясёлы.
Сышоўшы з абавязковага тону, ён усміхаецца:
— А ты што — машыну хацеў бы?
— А вы што, думаеце, я горш за вас выглядаў бы з яе акна?
...Уелася ў памяць, як гэты Груша, нейкі ўжо раённы ўпаўнаважаны, начаваў у суседняй вёсцы, дзе я гасцяваў у брата,— засядзеўся таварыш з мужчынамі перад хатай, ажно гаспадар яе выйшаў і ветлівенька (хітры мужык!) спытаўся:
— А вячэраць будзеце? На што той царственна:
— Малака, можа, пап'ю.
* * *
На рэспубліканскай канферэнцыі абаронцаў міру малады актывіст зачытвае спіс прапанаваных у прэзідыум. Пра мітрапаліта, сівабародага, велічнага святара ў белым клабуку ён чытае:
— ...от московского матриархата...
Відаць, нядаўна канчаў таварыш партыйную школу.
* * *
Смяцяр заяўляе на двары жанчынам:
— Заўтра смецця не выносьце. Я не прыеду, у мяне партыйны сход.
— Так зранку цэлы дзень і будзеце сядзець?
— А гэта ўжо не ваша цялячае дзела!..
* * *
У адным з раёнаў Віцебшчыны па «хатынскіх» вёсках суправаджаў нас настаўнік-пенсіянер, які часова выконваў абавязкі дырэктара музея народнай славы. Яму трэба было чагосьці затрымацца ў сельсавеце, і ў адну з бліжэйшых вёсак мы паехалі самі. Вяртаемся забраць яго, а ён — такі павольны, здаецца, разважлівы, трохі вахлакаваты мужчына — выходзіць з таго сельсавецкага дома, а на бярэмку нясе вялізны артылерыйскі снарад. Да машыны з ім.
— Вы што?!
— А ён няўрэдны. Будзе экспанат...
Не далі палажыць у багажнік, панёс назад. На такую праверку «няўрэднасці» страшна было пагадзіцца. Нават уявіўся наш апошні «боўць!» на якой-небудзь апошняй калдобіне...
* * *
Папярэдні запіс выступлення адказнага таварыша на радыё. Чытае ён з паперкі, відаць, упершыню:
— Соиздательный труд белорусского народа...
Пажылая жанчына, рэдактар, спыняе запіс і папраўляе таварыша:
— Пожалуйста: со-зи-да-тель-ный труд.
А ён ізноў тое самае. Яна цярпліва, ветліва папраўляе зноў. Абурыўшыся, таварыш абрывае сваё выступленне, выходзіць са студыі на калідор. Да самога кіраўніка камітэта ісці яму не прыходзіцца — той з пашанотай стаіць на калідоры, чакаючы.
— Ідзі зірні, чаго яна хоча.
Зайшлі ў студыю, паўтарылі — зноў соиздательный, як заварожаны.
Ды тут кіраўнік камітэта падказаў папраўку: творческий труд.
— Ну вот, так я сагласян з табой,— згадзіўся выступальнік.
І ўсе рады.
* * *
Побач са мной у самалёце незнаёмы старшы лейтэнант. Калі мы ўзняліся над Мінскам, ён зірнуў у акно і сказаў:
— В БССР много снега.
Калі прызямляліся ў Кіеве, ён таксама зірнуў у акно і сказаў:
— В УССР снега мало.
Усяго і гаворкі было за гадзіну палёту.
* * *
Палкоўнік сам водзіць машыну. І на ноч пакідае яе на двары, а на заднім акне — фуражка з чырвоным аколышкам. Ад зладзеяў? Бо сам ён з унутраных войскаў.