— Советський власть хоросё. Всё у нас есть — и сельсовет, і клуб, і ськола, і аптека, і яслі... Всё есть! А подумаесь, подумаесь — і на хрена мне всё это?!
Яму патрэбны стрэльба і тайга.
* * *
Канадскі анекдот, там і пачуты цераз перакладчыка.
Да фермера, які арэ ў полі, прыбягае сынок:
— Ідзіце, тата, дадому — поп прыйшоў.
— Які поп?
— Не ведаю.
— Няма мне, сынку, калі. Бяжы ты хуценька ды глядзі,— калі той поп худы, дык гэта прэсвітэрыянскі, хавайце грошы; калі барадаты, дык гэта праваслаўны, хавайце гарэлку; калі ж тоўсты і паголены, дык гэта каталіцкі — сядай, хлопча, маме на калені.
* * *
У Чэхіі чуў. Пра суд над аліментшчыкам, ад якога ў трох розных вёсках за адну восень нарадзілася трое дзяцей. Суддзя па-чалавечы пацікавіўся, як ён гэтак паспеў.
— Я мам коле! — горда сказаў той пра свой веласіпед.
Помачы тое — як з начальства, якое «ўскладае вянок»: стужку крышку памацае, нібы расправіць.
* * *
Мара афіцэра-палітработніка:
— Выйду ў адстаўку — пайду вартаўніком магазіна палітычнай кнігі. Во дзе высплюся!..
Калі б не заходзіў у тую кнігарню, успамінаецца гэта, даўно ўжо расказанае сваяком-вайскоўцам. І чысценька, і акуратна ўсё, і — пуста...
* * *
Дзядзька ў санаторным аўтобусе:
— Я таксама ўдзельнік вайны. Ляцеў на саначках з горкі ды немца падбіў, кацялок з супам з рук у яго паляцеў. Ну ж і крычаў на мяне той стары!..
І ўдакладняе:
— Нейкая часць тылавая спынілася.
* * *
Гэтым разам у Варшаве мой польскі сябар запрасіў мяне наведаць яго старэнькую мамусю. У гатэль па савецкага госця прыехала жоначка сябравага пляменніка. Адна ў маленькім самаходзе, і сама такая мініяцюрная, што да ручкі трэба было нізка нахіліцца. На ўскраінных варшаўскіх вуліцах таксама даволі калдобіста. І вось на кожнай ямцы ды ямачцы гаспадынька мая, не адхіляючыся ад руля, падавала мне на задняе сядзенне сваё мілае: «Пшэпрашам!., Пшэпрашам!..» Трохі па роўным пракоцім, а тады зноў: «Пшэпрашам!..»
Ну і як такое не запомніць?..
Настаўнік-пенсіянер не па гадах малайцавата ездзіць на матацыкле з каляскай. Аднак і ён не ўсцярогся, паляцеў у кювет. Добра, што ўдала. Расказвае мне пра гэта пры сустрэчы і пытаецца:
— Ці бачыў ты, браце, хоць аднаго калі жыда на матацыкле? Канечне ж, не бачыў. А наш мужык усё-такі дурны,— ляціць, задраўшы галаву!..
Гэта ўжо пра сябе. Хоць і з вышэйшай асветай.
* * *
Такое пайшло паўсюднае вышукванне яўрэйскага паходжання, што мой украінскі знаёмы, тыповы хахол, спаважны ды дасціпны, кажа мне:
— А біс яго бацьку ведае. Пракінешся ўранцы, ляжыш і думаеш: а можа, і я таксама яўрэй?!
* * *
Усходнія немцы — пра палякаў. Там пачутае.
— У нашых магазінах трэба два-тры разы на дзень іграць «Ешчэ Польска не згінэла»,— тады яны кожны замруць на сваім месцы, а нашы людзі змогуць што-небудзь купіць.
* * *
Добра, калі пры розуме, пры таленце — яшчэ і гумар.
Барыс Алейнік піша ў «Литературной газете» пра лектараў-халтуршчыкаў:
«Куда легче тому, кто по старинке и ныне заходит в наскоро собранную, а иногда и не весьма демократично рекрутируемую аудиторию и упругой походкой барса устремляется на кафедру».
Я засмяяўся адразу, а потым яшчэ і яшчэ раз, на працягу ўсяго дня.
Праз вершы яго таленавітыя, праз вострыя артыкулы апошняга часу, праз бліскучае выступленне на пісьменніцкім з'ездзе 1986 года, яшчэ раз праз упругую походку барса ўспомніў вось, светлай вясковай раніцай, адну з ім нашу, ужо і даўнюю, сустрэчу.
У вестыбюлі маскоўскай гасцініцы я кагосьці чакаў, а ён, Барыс, з чамаданам, выразна відаць — пасля развітальнага застолля, спяшаўся на таксі і на вакзал. Мы з ім былі яшчэ не знаёмыя. Аднак яго, відаць, перапаўняла штосьці вясёлае, добрае, бо падышоў, паставіў чамадан,— усё гэта спешна,— абняў мяне, тройчы прылажыўся і сказаў:
— Да воскреснет Бог и расточатся врази его!..
Падняў чамадан і далей, у дзверы.
Я смяяўся тады, можа, не менш, чым пасля барса.
* * *
У ранішнім пустым і свежым парку сустрэў Міколу Лупсякова. Быў у маці, на вёсцы, і кажа:
— Так, браце, саслабеў я нешта, нават і рыбу вудзіць не мог. Пячкур клюне, а я — потырч з берага ў Дняпро!..
* * *
У снежні пяцьдзесят другога года на Упітавым юбілейным банкеце Васіль Казачэнка, уздымаючы свой «рэспубліканскі» тост, папрасіў дазволу гаварыць «суржыкам» — па-руску, але ў сумесі з родным украінскім словам.