Калі пазней прапанавалася слова мне, пачуліся галасы: «Суржыкам! Суржыкам!..» Я гаварыў таксама на дзвюх мовах.
Пасля падняўся для тоста эстонец. Не памятаю прозвішча, а толькі знешні выгляд: нізкі, мажны, вялікая галава з шырокім ілбом, твар трохкутнікам. Пачаў гаварыць па-руску. З прыкметнай цяжкасцю. «Суржыкам! Суржыкам!» — закрычалі і яму. Ён, пачакаўшы, на поўным сур'ёзе сказаў: «Хорошо!» І, павярнуўшыся да юбіляра, пачаў выступленне нанава:
— Дорогой товарищ Суржик!
Вясёлыя апладысменты, смех — больш, чым украінцу з беларусам. Статэчныя і культурныя, мілыя латышы.
* * *
На ціхай ускраіннай вуліцы, у драўляным доміку Толя Вялюгін частаваў мяне ў пачатку пяцідзесятых віном з «дурніцаў», буякоў, работы ягонай цешчы. Па адной, па другой, а бутэлька ўсё па-ранейшаму поўная... Гаспадар пачаў даваць хвалу віну і цешчы:
— Гэта яно, брат, так пеніцца, расце!.. К твайму сведзенню, Алена Іванаўна ведае, што робіць!..
А потым з бутэлькі закапалі апошнія кроплі, і стала вядома, што гэта такі асадак на шкле з сярэдзіны.
Помніцца не збянтэжанасць зяця, а дабрадушны смех старое.
* * *
Зіна Мажэйка, наша магутная фальклорніца,— пра сваіх паляшуцкіх сябровак:
— Кажуць цёткі ды бабкі мае: «Спяваць хочацца вольна, а не на ўсялякіх гэтых журах!..»
* * *
Добра ў гадах, але яшчэ ўсё энергічна-наіўны ці журналіст, ці пісьменнік, з закліканых калісьці «ад станка», успамінаў аднойчы, як яны, некалькі маладых яўрэяў, хадзілі ў гасцініцу да Маякоўскага, калі ён выступаў у Мінску. Пазнавата прыйшлі, пастукалі раз і другі раз, і нарэшце пачуўся сонны, незадаволены бас:
— Кто там?
— Это мы, белорусские писатели, пишущие на русском языке!..
— Пошли вы к...— і гэтак далей.
І пайшлі.
Ён жа ўлетку сорак чацвёртага, хутка пасля вызвалення, выступіў з абураным аглядам знішчэнняў, якія ў горадзе зроблены акупантамі. «Немецко-фашистские варвары взорвали собор святых Петра и Павла...» А ён быў зняты з плошчы перад вайной.
* * *
Калі дзве нашы брыгады, «Жукаўская» і «Камсамолец», аб'яднаўшыся, грамілі, нарэшце, магутны мірскі гарнізон, дык і мы, разведчыкі, сёе-тое прывезлі з гэтай «краіны непалоханых паліцэйскіх гнёздаў», мясцовых і наезджых, разбагацелых на рабаванні рэпрэсіраваных вёсак. У адным з багацейшых двароў гарадка запрэглі ў сані-развалы ўпасвеную кабыліцу, дзе наскідалі ў пусты куфар кумпякоў, каўбас, аполкаў сала, дзе побач з куфрам паставілі на санях дзежку мёду, а дзе паклалі два мяхі мукі і вырваліся з пажару ды страляніны весела.
І неўзабаве да нас, у Зарэчча, дзе мы стаялі, за добры дзесятак кіламетраў ад брыгаднага лагера ў пушчы, у хату бабы Кастусяй, што жыла адна наводшыбе, заехала гасцямі ўсё брыгаднае начальства. На чале з самім упаўнаважаным ЦК партыі і партызанскага штаба Беларусі Царуком.
Да змесціва гарнізоннага куфра і дзежкі ў разведчыкаў знайшлася самагонка з лясных хутароў. Было застолле з песнямі і танцамі пад гітару і балалайку. З нашым чэркесам Хачуковым і галасістым Шурам, маім пляменнікам, ішоў упрысядкі сам найвышэйшы госць, «дзядзя Валодзя».
А потым малады камбрыг, лейтэнант з акружэнцаў, таварыш порсткі, раптам скамандаваў — гаспадарам:
— Разведка, у раён!
І мы пайшлі сядлаць. Збянтэжана, неахвотна.
Вісела цёмная сакавіцкая ноч. Следам за намі з хаты выйшаў і з ганка заняўся сваёю справай Царук.
— Х-хлоп-цы,— пачуўся нам з цемры ды трохі зверху свойскі заікасты голас.— Вы т-там лішне г-галоў не п-падстаўляйце. Ліха іх усіх п-пераб'е. Д-да Лісабона яшчэ д-далёка. Т-трохі т-там недзе п-пакруціцеся д-ды назад!..
Былы актыўны заходнебеларускі падпольшчык, пажыццёвы вязень санацыйных астрогаў, у якіх ён да верасня трыццаць дзевятага прасядзеў трынаццаць гадоў, чалавек, якога ніхто ніяк не змог бы западозрыць у няшчырасці да роднай справы, ён быў цвярозы па-народнаму, заўсёды з простым, натуральным гумарам.
Чулася пра яго сёе-тое і пасля вайны. Скажам, як ён, намеснік старшыні, абласнога савета, ездзіў па вёсках, арганізоўваючы калгасы, і так агітаваў сялян:
— М-мужчыны, п-пішыцеся ў к-калхоз. К-калі ўжо такі ў нас п-парадак, што яны п-павінны быць, як і ўсюды, то н-нікуды в-вы ўсё роўна не дзенецеся. Б-бальшавікі як н-намогуцца, т-то і зробяць. Лепш ужо, хлопцы, раней запісацца, чым п-потым, у свіныя галасы!..
Супрацоўнік «Вожыка», нешта ў канцы саракавых гадоў, вяртаючыся з палескай камандзіроўкі, маючы ў Баранавічах тры гадзіны да мінскага цягніка, я павагаўся трохі і пазваніў яму дахаты.