Гедымін. Уяўны партрэт, XVII стагоддзе.
Аб тым, ці быў захоп продкамі літоўцаў земляў будучай Беларусі
Як вядома, тэза аб захопе земляў Навагародскага княства літоўскім нобілем Міндоўгам з'яўлялася папулярнай канстантай у савецкай гістарыяграфіі, а пазней, у рамках работ беларускага гісторыка-рамантыка, Мікалая Ермаловіча, была перавернута з ног на галаву, у выніку чаго Міндоўг ператвараўся з захопнiка Навагародка, які дзейнічаў у інтарэсах літоўскіх феадалаў, у захопніка земляў літоўскіх феадалаў, які дзейнічаў у інтарэсах навагародскага баярства.
Варта адзначыць, што акрамя работ Ермаловіча, існавалі і іншыя публікацыі аб утварэнні ВКЛ, якія выводзiлi на першы план менавіта славянскі (чытай: беларускі) фактар. Гаворка тут пра працы гісторыка-эмігранта П. Урбана, які прадэманстраваў беларускім (і не толькі) аматарам гісторыі ўжо зусім дзікі, з пункту гледжання акадэмічнай навукі, канцэпт літоўцаў-лютычаў, здатны для выкарыстання ў рамках мастацкай літаратуры, але мала прыдатны для рэканструкцыі рэальных працэсаў утварэння ВКЛ.
Аднак менавіта працы Мікалая Ермаловіча сталі адкрыццём для беларускіх аматараў гісторыі і запусцілі зерне, якое вырасла потым у цэлае буйное дрэва сучаснага літвінізму. Пра з'яву літвінізму, дарэчы, будзе падрабязна расказана ў наступных главах.
Але як жа было насамрэч і што захапіў літоўскі ўладар? Просты і кароткі адказ, на дадзеную «дылему Міндоўга» будзе гучаць так: навукоўцам дакладна невядома, як Міндоўг аказаўся ў Навагародку. Таму, калі вы чытаеце катэгарычныя сцвярджэнні аб захопе Навагародка Міндоўгам ці ж аб яго паступленні на «пасаду служылага князя» па волі навагародскага баярства, будзьце ўпэўненыя, што аўтар, нават калі ён валодае моцным навуковым аўтарытэтам і носіць мноства званняў, проста дае вам недастаткова абгрунтаваную версію, якая, з той ці іншай прычыны, яму спадабалася.
Калі прыняць маладакладныя, як лічыцца, звесткі аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга, то можна цалкам абгрунтавана сцвярджаць, што валадар наўрад цi захопліваў горад. Выпадак хрышчэння Даўмонта Пскоўскага, які быў мірна прыняты пскавічамі на службу і сапраўды служыў гораду верай і праўдай, стаў бы аналагічным выпадку Міндоўга.
Аднак, як сказана вышэй, хрышчэнне Міндоўга ў праваслаўе выклікае вялікія сумневы спецыялістаў.
У прыхільнікаў тэорыі захопу Навагародка ёсць і адносна пераканаўчае пацвярджэнне падобнай пазіцыі. Гаворка пра ўжо згаданную булу Папы Рымскага, дасланую да Міндоўга. У ёй пантыфік закранае пытанне захопленых Міндоўгам земляў «Рускага каралеўства», пад якім можна разумець Галіцка-Валынскае княства. Кіраваў гэтай дзяржавай, каранаваны папскімі пасламі Данііл Галіцкі. Папа, у сваім пасланні, не пярэчыць супраць таго, каб захопленыя землі былі замацаваны за Міндоўгам. Аднак некаторыя даследнікі жадаюць бачыць у гэтых землях маёмасць наўгародскага князя Аляксандра Неўскага, з якім у Міндоўга былі канфлікты. Супраць разумення, пад загадкавым каралеўствам, Галіцка-Валынскай дзяржавы прыводзяць наступны аргумент: папа не мог ухваліць захоп земляў аднаго каталіцкага караля, іншым каталіцкім каралём. Існуе таксама версія аб тым, што «Рускім каралеўствам» з'яўляецца Полацкае княства. Такім чынам, названыя без дакладнай прывязкі да якога-небудзь горада, землі, выклікаюць вялікія пытанні і ўскладняюць лакацыю.
Папа Аляксандр IV. Партрэт XV стагоддзя.
Ці ідзе там гаворка пра саму Навагародскую зямлю, ці іншыя землі, да прыкладу, пра Слонімшчыну, ці Полацкае княства, а можа быць землі аддаленага Вялікага Ноўгарада?
Нават захоп некаторых земляў валынцаў, зразумела, не азначае, што гэтымі землямі былі менавіта землі Навагародскага княства.
Выклікае пытанні і пазіцыя жыхароў Навагародскай зямлі, якія, у тэорыі, маглі падтрымаць знішчэнне (або выгнанне) з Навагародка валынскага гарнізона, бо ў мясцовага насельніцтва, якое жыло ў поліэтнічным Панямонні, маглі быць свае матывы для збавення ад улады звязаных з татарамі валынцаў.
Абвешчаны Мікалаем Ермаловічам статус Міндоўга, які паказвае літоўскага нобіля толькі служылым князем, узятым, так бы мовіць, на працу, навагародскім баярствам не знаходзіць прамога пацверджання ў вядомых спецыялістам, дакладных крыніцах. Аднак аналіз паводзін мясцовай эліты дазваляе зрабіць некаторыя здагадкі аб яе стаўленні да літоўскіх уладароў старажытнарускіх княстваў рэгіёна.