Черный Кузьма
Вялiкае сэрца (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Вялiкае сэрца
Вёска Галаскi выславiлася тым, што ў ёй чалавек малога росту i сярэднiх год, Пархвен Катлубовiч, бiўся з п'яным пеўнем. Гэта было даўно. Малыя хлолцы дасталi гарэлкi i сiлком напаiлi пеўня, злавiўшы яго на Пархвенавым двары. Певень стаў як шалёны i кiнуўся на свайго гаспадара, калi той выйшаў на двор. Пархвен спачатку адмахнуўся ад пеўня, але той падлятаў i дзёўб чалавека ў твар. Пархвен кiнуўся на ўзвар'яцелую птушку, i так яны ўдвух качалiся па зямлi, аж пакуль Пархвену не ўдалося, нарэшце, адкiнуць пеўня на той бок свiнушнiка. Пра гэтае смешнае здарэнне доўга гаварылi, а пасля з году ў год так i хадзiла погаласка пра бойку чалавека з пеўнем. На Пархвенавым агародзе рос вялiкi стары дуб. Можна сказаць, што ён узвышаўся над усёй мясцовасцю, i калi па шашы, якая праходзiла тут непадалёку, ехалi людзi, iм гэты дуб вiдзён быў гадзiны дзве, а вёска Галаскi ўсё яшчэ недзе скрывалася ў полi. Але даволi было i дуба, каб, зiрнуўшы на яго, хто-небудзь не падаў заўвагу:
- А унь i тыя Галаскi, дзе Пархвен з пеўнем бiўся.
I кожнаму, нават самаму далёкаму ад Галаскоў чалавеку, якi нiколi таго Пархвена i не бачыў, здавалася, што Пархвен - чалавек варты смеху i нясталы: вядома, дзе ж гэта на свеце было, каб стары чалавек з пеўнем бiўся. Так i склалася ўяўленне па людзях аб Пархвене Катлубовiчу. У самiх Галасках часта льга было пачуць, як жанчыны крычалi на дзяцей:
- Чаго вы развар'явалiся, як Пархвен каля пеўня!
Што ж да самога Пархвена, то ён, здавалася, не зважаў на такую сваю славу. Магло быць, што гэта быў чалавек можа i дробны сваёй натурай, але ў кожным разе ён быў задаволен тым, што было ў яго: была смешная слава, была хата, пры ёй двор i агарод, у агародзе прадзедаўскi дуб напроцi хатнiх вокнаў i жыццё - цiхае i роўнае, у цягавiтай працы ад усходу сонца да заходу i з панядзелка да панядзелка. Ён быў скупы на словы, i за гэта сусед не ўзяў яго ў суд за сведку: "Ён жа ў гадзiну па слову цэдзiць". Пархвен пра гэта нават i не ведаў, а думаў, што гэта выйшла таму, што на судзе i без яго абышлося. Ён рана аўдавеў, i з дзяцей у яго была адна толькi дачка. Ён тады зусiм як бы ўвайшоў у самога сябе. Упраўляў сваю работу, весну, лета i восень хадзiў босы ("так ямчэй" - казаў), гадаваў сваю дачку Марылю, а яна расла вельмi высокая i, калi дарасла да паўналецця, была вельмi мажная, на галаву вышэй за бацьку, якi, здавалася, пашчуплеў, i новая рыса з'явiлася ў яго: раней ён з малых год наложваў сваю Марылю да работы, а гэта ўсё сам у хаце рабiць стаў: варыў яду, кармiў свiней, насiў з лесу ўвосень кашом апенькi, i нехта пусцiў пра яго новую пагалоску: у яго быццам на левай назе не пяць, а чатыры пальцы. Марыля з кожным годам яшчэ больш мажнела i пайшла замуж за каваля ў мястэчка на тым беразе рэчкi, да якой даходзiлi галаскоўскiя паплавы. Тады Пархвен Катлубовiч быццам змянiўся натурай: стаў бываць на людзях i больш гаварыць. А вядома, што ён мог гаварыць, не бываючы нiколi далей зарэчнага мястэчка. Гаварыў пра буракi i рэдзьку, пра алешнiк i асаку, пра дупляваты асiннiк i пра мак-вiдук. I пайшлося так, што найбольш ён гаварыў пра гэтыя рэчы з жанкамi, а мужчыны пра яго казалi:
- I чорт яго ведае, як такi чалавек адважыўся бiцца з пеўнем, ды яшчэ з п'яным.
Праз некаторы час Пархвен Катлубовiч прынёс з зарэчнага мястэчка ў свой агарод Марылiнага двухгадовага сына i пасадзiў яго пад дубам, сказаўшы яму:
- Ты яшчэ, унуча, малы i не ведаеш, што гэты дуб садзiў твой прапрапрадзед. Ты малы?
- Малы.
- А бачыш, колькi жалудоў насыпалася? Бо цяпер восень. Мне няма часу, i матка твая таксама не мае часу, а ты тут збiрай сабе з травы жалуды i забаўляйся з iмi, а пасля мацi цябе забярэ. А калi будзе заходзiць сонца, то зiрнеш угару, як тады вiдно будзе ў дубовым голлi! Я i сам кожны вечар гляджу. Прывыкай да гэтага дрэва. Можа ты яго кожны дзень праз сваё жыццё будзеш бачыць. Бачыш, якi жолуд! Зялёны з жоўтым. Бо можа табе суджана жыць у гэтай маёй хаце. Хата яшчэ здаровая, а ты ў мяне адзiн. Каму ж хата пасля мяне будзе, як не табе? Можа ты ў вялiкiм дзе свеце апынешся, як вырасцеш. А дуб сабе будзе на гэтым самым месцы расцi, i кожны год жалуды з яго будуць падаць, i табе будзе здавацца, што ты дайшоў ужо да такога месца на свеце, без якога i свет не свет, i людзi не людзi, а тым часам сонца кожны дзень, калi будзе заканчваць сваю дзённую дарогу, прысядзе адпачыць на гэты дуб, а не на тваю галаву, хоць яна i залатая была б. Дык ты i падумаеш, калi чалавекам будзеш, што i дзяды i прадзеды ў цябе былi, i там, дзе яны жылi, сонца на дрэвах бывае кожны дзень... Бачыш унь? Жолуд упаў!
Ён так разгаварыўся, што нават гаварыў, калi ў хату ўвайшоў. Так з iм бывала цяпер. У гэты свой час ён думаў, што можа мала песцiў i шкадаваў сваю Марылю, а калi гора яе спасцiгне, то што яна добрага ўспомнiць са свайго маленства?
- А ты ж не даваў ёй нават у печы палiць, а рабiў гэта сам, калi яна была ўжо вялiкая, - сказалi яму, калi ён пачаў раз гаварыць аб сваёй Марылi.
- I добра рабiў, што не даваў, хоць выгулялася дзеўка, - адказаў ён.
I дзiўна было людзям бачыць дробнага ростам Пархвена Катлубовiча, якi стаяў ужо на парозе сваёй старасцi i так клапацiўся аб сваёй Марылi, якая жыла асобна, мела сваю сям'ю, ростам, размахам плячэй, даўжынёй рук i сiлай была падобна на здаровага мужчыну i мела са сваiм кавалём багатую дамоўку.
Аднойчы Пархвен Катлубовiч захаладзiўся, пакашлiваў, i яму здалося, што прыйшла нейкая бяда. Ён лёг на ложак, каб адляжацца ад хваробы, i наказаў праз людзей Марылi, што захварэў. Таго ж дня падвечар Марыля, як бура, уляцела ў хату, а за ёю ўвайшоў яе каваль. Зяць закурыў, седзячы каля Пархвена, а Марыля падмяла хату, памыла вокны i мiскi i пагаварыла з бацькам. I яму стала лепш.
- Заўтра, Марылька, я буду здароў, не прыходзь, - сказаў ён, а сам сабе падумаў: "Заўтра сёе-тое яшчэ мне пабалiць, а паслязаўтра ўжо ўсё пройдзе".
Назаўтра ён, як i заўсёды, устаў нацямочку i да падвячорка спускаў сухастой у лесе, а першым прыцемкам сядзеў на прызбе i глядзеў, як апошняе сонечнае праменне ляжыць на дубовай вяршалiне, а ўвесь агарод пад дубам агортваецца вечарам. Адбывалася i яшчэ многа важнага i патрэбнага: за Галаскамi пракрычала балотная птушка, з шашы доўга чуўся грузавы аўтамабiль, запахла роснаю травою, i неба за агародамi цьмела, зламаная саломiна гойдалася на браме: узнiмаўся нанач вецер. "Вось я i здаровы", - думаў Пархвен, хоць i сам не ведаў, чаму якраз з гэтай хвiлiны ён стаў здаровы, а, кладучыся спаць, думаў, што ён жыве адзiн, i што прыйшла старасць, i што ён у сваiм жыццi занадта мала зрабiў для сваёй Марылi. "Ну, што ж, няхай ужо са сваiм кавалём там як-небудзь", - суцешыў ён сябе, нарэшце, i заснуў да самай ранiцы на доўгую вераснёўскую ноч. Усю тую восень, а пасля зiму i вясну ён пражыў з нейкiм цьмяным адчуваннем, што прыйшла старасць, i што ўжо скончаны яго вялiкiя справы, i што трэба ўжо толькi дажываць веку, i невядомая раней горыч прыйшла да яго. "Я толькi i зрабiў, што пабiўся з пеўнем", - падумаў ён раз. Але суджана яму было вельмi хутка адцурацца гэтых думак, як самай брыдкай непатрэбшчыны. Прыйшла пара гора i думак толькi аб тым, што навiсла над душой i перад чым ранейшыя клопаты i гора сталi дробнай забаўкай. Вось дзе была праўда, вялiкая i горкая: жылося, былося i прычакалася. Дзеля чаго ж так добра было жыць, калi да такога канца дайшло? Вось калi смутак сапраўдным болем разануў душу аб тым, што Марыля не так многа мела шчасця ў мiнулым i ўжо не можа ўспамiнамi заглушыць сваей беспрасветнасцi. Як яна зблажэла! Страшна стала глядзець, якая яна высокая! I твар яе ўчарнеў за тры днi. Асталася яна адна як ёсць i вярнулася назад да яго i жыве ў роднай хаце. Але гэта ўжо не была тая Марыля, якую ён гадаваў i шкадаваў. Гэта была ўжо пажылая жанчына, праз жыццё якой прайшоў добры чалавек, каваль з зарэчнага мястэчка, i сын, якому iшоў ужо чацвёрты год.