ТРЫОЛЕТ.
Красавецъ юный тріолетъ.
К. Фофановъ.
Як птушка ў гібкіх трасьніках,
Стралою думка мільганула,
І ўраз жэ знікла, патанула,
Як птушка ў гібкіх трасьніках.
Ды ўсё-ж душа яе пачула
І ўжо пяе ў такіх славах:
"Як птушка ў гібкіх трасьніках,
Стралою думка мільгнула".
ТРЫОЛЕТ.
Калісь глядзеў на сонцэ я,
Мне сонцэ асьляпіло вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы.
Калісь глядзеў на сонцэ я.
Ніхай усе з мяне рагочуць
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонцэ я,
Мне сонцэ асьляпіло вочы.
РОНДО.
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла:
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваей адбіла.
І гымн сьпевае жабоў хор
Красе, каторую з'явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарачы міла
Узор.
І сонцэ дальш, клянуць, што скрыло
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб ня ўчуць вышэй ад гор
Там, дзе чыясь рука зрабіла
Узор.
ОКТАВА.
Як моцны рэактыў каторы выклікае
Між строк ліста, маўляў нябошчыкоў з магіл,
Рад раньш нявідных слоў — так цемень залівае
Зялёны, бытцым лёд, халодны небасхіл,
І праз імглу яго патроху праступае
Маленькіх, мілых зор дрыжашчы, срэбны пыл.
Здароў, радзімые! Мацней, ясьней гарыце
І сэрцу аб красе прыроды гаварыце!
ТЭРЦІНЫ.
Ёсьць чары ў забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць,
Пажыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным, —
Быцьцё дзядоў у смутку ўспамянуць.
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.
І вось звярнуўся я к рондо, соннэтам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым сьветам
Так вершы з'яюць даўніх форм красой!
ГРАМАДА ЗОРАК "КАРОНА".
(«Metamorphoses» Овідзія, кніжка 8-я, вершы 178—182).
Бог Аппалон з галавы зьняў карону і кінуў у неба.
Ў сьветлым паветры яна пралетае; агнямі малымі
Робяцца ў ёй на ляту ўсе каменьня каштоўные. Ў небі
Быццым карона-жэ між на каленях стаячаго Нікса
І паміж Цмока яна, затрымаўшыся, блешчэ на мейсцы.
С КРЫМСКАГО.
(Перэклад з украінскай мовы).
Кажуць людзі бытцым творучы мужчыну
Бог зрасіў вадою высахшую гліну.
Але чорт падкраўся: выціснуўшы воду
Падмешаў ён сьлёзы ў нашую прыроду.
Нудзяць нас праз тое цягам смуткі, жалі,
І адзін ратунак каб яны маўчалі: —
Выплакаць іх шчыра, голасна ці ціха,
Каб з сьлезамі разам вылілося ліха.
Ох, мне з гэтым лекам ачуняці трудна,
Сьлёзаў я ні маю, а ў душы так нудна.
Ўжо яна згарэла, а не плачуць вочы,
Ўжо самлело сэрцэ, а плакаць ня хочэ.
С ЧЭРНЯЎСКАГО.
(Перэклад а украінскай мовы).
Ўжо зноў не спаткаюцца тые шляхі,
Якімі ў жыцьцё выходзілі мы зраньня,
Мы ўсе пакляліся, маўляў жаніхі,
Да сьмерці ядынае меці каханьне.
А як разыйшліся—пакінулі нас
Заходы і думкі высокіе ўраз:
На іншые сьцежкі жыцьцё нас звертае,
Па своему кожны свой век пражывае,
У кожнаго неба і сонцэ свае,
Супольная ж праўды крыніца ня б'е.
3 ОЛЕСЯ.
(3 украінскаго)
Пекла было тут у тую часіну:
Гром звар'яцеўшы стагнаў і равеў,
Білі вакол пяруны без упыну,
Ўвесь небасхіл то пылаў, то чарнеў.
Бура прайшла і людзей я пытаю,—
Што жэ зрабілося з роднаго краю?
Пэўна, руіны ў ім бура зрабіла...
Кажуць разбітую ліпу дабіла.
Думка! Калі я цябе выліваю
Ў слова халоднае, ў песьню сваю,
Гэткае-ж пекла ў душы сваей маю,
Паліць яна мне душу ўсю маю.
Што-ж, асцюжэная словам людзкім,
Ты нарабіла ў краю дарагім?
Можэ разбіла маркотную ліпу
Сьмерці прясіўшую у нуднаму рьцу.
АСТРЫ.
У поўначы астры ў саду расцьвілі,
Убраліся ў росы, вянкі заплялі,
І сталі ружоваго ранку чэкаць,
Ў вясёлку колёраў жыцьцё убіраць.
І марылі астры ў цудоўнаму сьне
Аб зёлках шаўкоўных, аб соўнечным дне,
І казачны край падыймаўся з іх сна
Дзе кветы не вянуць, дзе вечна весна...
Так марылі ў шэрую восень яны,
Так марылі астры і ждалі вясны.
А равак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І ўбачылі астры, што ўкруг іх — турма,
Убачылі астры, што жыць ім — дарма.
І ўмерлі яны. Але тут як на сьмех
Паднялося сонца, цалуючы ўсіх.
МАДОННЫ.
У ВЁСЦЫ.
Lumen coeli, sarcta rosa!
А. Пушкинъ
Хвалююць сэрцэ нам дзявочые пастаці
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса — ў іх зьлітнасьці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй
Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны
Пачуцьця мацеры у обліку дзяўчыны,
Красы тэй сымвалам, Маць-Дзева, стала Ты —
І глянулі Твае с пад пензэляў чэрты.
С таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрцэ ўсё імкне да бацькоўскаго краю.
Мінулае сваё прыпамінаю я!
Між цёмных абразкоў прайшоўшаго жыцьця
Шукаю сквапна штось трывожнаю душою
І здарэньне адно ўстае перадамною.