Літасць, не праганяйце літасць з нашага грамадства, таму што без яе, без літасці, яно разваліцца.
Ф.М. Дастаеўскі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1
У ноч з чацвярга на пятніцу ад радыёхірургаў дзяжурыць па клініцы выпадала Надзі Каламійцавай, але ў яе захварэла дачка, і яна яшчэ зранку пачала падшукваць сабе замену.
Найбольш спадзявалася доктар Каламійцава на Анатоля Сяргеевіча Малышава, пажылога, добрага і спагадлівага чалавека. У Малышава была вялікая сям’я, аж пяцёра дзяцей, усе дзяўчаты, старэйшыя ўжо нявесты, і хоць Анатоль Сяргеевіч працаваў на паўтары стаўкі, але ўсё роўна вечна скардзіўся, што не хапае грошай, і ахвотна дзяжурыў за ўсіх, хто яго прасіў, не толькі ў буднія дні ці ў выхадныя, а нават і ў святы: у такой сям’і дзесятка-другая заўсёды спатрэбіцца.
Аднак на гэты раз Малышаў не даў Каламійцавай нават слова сказаць.
— Толькі не сёння, галубка мая, толькі не сёння! — спалохана замахаў ён кароткімі, тоўстымі, зусім не «хірургічнымі», хоць хірург быў першакласны, рукамі, быццам ад назолы-асы адбіваўся.— У суботу старэйшую замуж выдаём, Любачку, мне мая кобра трэпанацыю чэрапа мясарубкай зробіць, калі я хоць на пяць хвілінак спазнюся. Нам з ёю двое сутак на кухні гараваць, жартачкі! Адных курэй тры скрынкі, паспрабуй іх пасмаліць, парэзаць на порцыі, падсмажыць… Звар’яцець можна! Назапрашалі, разумееш, мамаеву арду гасцей, а іх жа ўсіх накарміць-напаіць трэба! Ды не толькі ў суботу, а яшчэ і ў нядзелю, каб яны ўсе здаровенькія былі. Інфаркт каля пліты схопіш, далібог, і нават не заўважыш. Папрасі Зіначку, яна ў нас вольны казак, выручыць. Дарэчы, Надзейка, любая, у цябе часам няма знаёмага заўмага? Ну, там рыбкі якой зачапіць, ікры, сухой кілбаскі? Хоць трошкі. Не для ўжытку, дык хоць, так сказаць, для мастацкага афармлення...
— Няма, Анатоль Сяргеевіч,— адказала яна, занятая сваімі невясёлымі думкамі, і ў Малышава патухлі вочы.
— Скажы ты,— ён сеў, і старэнькае крэсла жаласна зарыпела пад яго цяжкім целам,— колькі самага рознага народу прайшло праз мае рукі. Вучоныя, канструктары, будаўнікі… Нават цыркавы клоун. Далібог, клоун! Такі вясёлы быў чалавек… А вось заўмага — ніводнага. Ці то яны ўсе здаравякі такія, ці, можа, мне проста не шанцуе, га?
— Відаць, проста не шанцуе,— квола, праз сілу ўсміхнулася Каламійцава і ўспомніла энергічнага смуглявага мужчыну з залатымі зубамі. У яго быў поўны рот залатых зубоў, здавалася, іх там штук восемдзесят, калі не болей, і нахабна вялікі залаты пярсцёнак-пячатка — пры выпадку ім можна было, відаць, карыстацца як кастэтам.— Пачакайце, Анатоль Сяргеевіч, здаецца, адзін ёсць. Так, так, ёсць. Калі не памыляюся, Іван Іванавіч Хамянок, дырэктар універсама «Свіцязь». У мінулым годзе я аперыравала яго жонку, ну, памятаеце, гэта тады, калі мы цэлы месяц пілі чай з цукеркамі, што ён прыносіў.
— Не помню я ніякіх цукерак.— Малышаў пачухаў пальцам за вухам, але ў голасе яго адчулася зацікаўленасць.
— Я помню,— адарваўся ад сваіх папер аспірант Жэня Тарасаў.— Вы, Анатоль Сяргеевіч, тады ў адпачынку былі. Вялізныя такія каробкі з прыгожымі малюнкамі.
— Вось-вось,— узрадавалася Каламійцава, быццам гэта мела нейкае значэнне.— Я такіх каробак у продажы ніколі не бачыла. А якія ружы ён мне дарыў! Я з ім кожны раз сварылася, прасіла не рабіць гэтага, а ён… Відаць, ён вельмі кахае яе, сваю жонку, хаця каго там, здаецца, кахаць? Маленькая, тоўстая і нязграбная жанчынка, Антаніна Андрэеўна, нядаўна яна была ў мяне на кантрольным даследаванні, шэранькі верабейчык з брыльянтавымі завушніцамі… Калі яна выпісвалася, мне гэты самы Іван іванавіч залатыя горы абяцаў. Тэлефоны свае пакінуў, адрас. Праўда, я так ні разу да яго і не звярнулася, але паперку пашукаць можна. Вядома, калі я яе не выкінула, як пад Новы год прыбірала ў стале. Можа, успомніць пра свае абяцанні?
— Не ўспомніць,— змрочна сказаў Ілья Мацвеевіч Безбародзька. Ён курыў каля адчыненага акна, за якім цвіў бэз. Зялёныя галінкі і вялізныя ружова-блакітныя суквецці лезлі ў ардынатарскую, тонкі пах кружыў галовы, але Безбародзька, у якога з раніцы быў кепскі настрой, не заўважаў гэтай прыгажосці і страсаў на кветкі попел са сваёй цыгарэты.— Яны ўсе шчодрыя на абяцанні, калі іх смажаны певень у адно месца дзеўбане, а потым... Потым усё забываюць. Я вунь аднаго дзеяча глядзеў... Суткамі з палаты не выходзіў, у суботу прыбягаў, у нядзелю... Ад пуцёўкі адмовіўся, першы раз у жыцці мястком пуцёўку прапанаваў. Банальная язва страўніка, потым гнойны перытаніт, паўторная аперацыя... Можна сказаць, за вушы з таго свету выцягнуў. Усё з кватэрай абяцаў памагчы. Гэтак жа шчыра абураўся: два ўрача з двума дзецьмі шосты год туляцца ў маленькім пакоі ў інтэрнаце! Чорт ведае што! А выпісаўся, пайшоў я да яго — не прыняў. Заняты дзяржаўнымі справамі...— Безбародзька паныла махнуў рукой і адвярнуўся.