Выбрать главу

Алачка любіла свой «куратнік», як у выдавецтве называлі машынапіснае бюро, і была для сваіх сябровак добрай і спагадлівай квактухай. Яна заўсёды старалася больш-менш справядліва размеркаваць платныя работы, усім пазычала грошы, збірала ў сябе дома на святы, цягала ў тэатры і на канцэрты. У адрозненне ад іншых службаў і рэдакцый, дзе супрацоўнікі часам грызліся, як галодныя сабакі, у машбюро панавала атмасфера сяброўства і прыязнасці. Усю драбязу, што няспынным патокам сцякалася сюды з прыёмнай дырэктара і галоўнага рэдактара, з рэдакцый, з бухгалтэрыі і планавага аддзела: адказы на пісьмы, заключэнні на рукапісы, зводкі і ведамасці, планы і даведкі — рабілі дружна і хутка, не спіхвалі адна на адну, як гэта часам бывае, не пісалі даносаў начальству, падмянялі тых, хто захварэў альбо адпрошваўся на гадзінку па пільнай патрэбе.

Усе мышыністкі ўмелі працаваць, але нават сярод іх Алачцы не было раўні. Бездакорнае веданне мовы, уменне схопліваць сэнс напісанага, а не толькі бачыць літары, даведзеная да аўтаматызму тэхніка дазвалялі ёй выконваць заказы акуратна, прыгожа і хутка, а гэта, пры вечнай спешцы аўтараў і рэдактараў, цанілася асабліва высока. Працавала яна і дома вечарамі, у выхадныя. Рукапісы пасля яе можна было не вычытваць — ці ёсць для машыністкі вышэйшая ацэнка?!

Дзяўчаты чакалі Алачку з тортам і цукеркамі, на століку булькаў электрычны чайнік, стаялі кубачкі для кавы. Каця прынесла ёй новенькі японскі купальнік — а раптам спатрэбіцца! Валя — польскія акуляры ад сонца. Нічога гэтага Алачцы не трэба было, свайго хапала, але ўвага кранула сэрца.

Папіўшы кавы і перацалаваўшыся з усімі, яна пайшла ў бібліятэку. У бібліятэцы было пуста, адна Ірына сядзела ў куткў за сталом і перабірала каталожныя карткі. Пачула стук танкетак Алачкі, падняла галаву і радасна ўсміхнулася:

— Якая ты прыгожая сёння! Калі ты купіла гэту сукенку? Павярніся, павярніся… Ну, Алачка, няма слоў! А гузікі, божа мой, якія гузікі…

— «Фірма» венікаў не вяжа,— пажартавала Алачка, абняла Ірыну і прытулілася шчакой да яе шчакі.— Дзякуй табе, Ірыначка, для ўсіх ты знойдзеш добрае слова, нават для мяне, недарэкі…

— Ну, ну,— лёгенька адштурхнула яе Ірына,— годзе прыбядняцца. Не цеш д’ябла, лепш паглядзіся ў люстэрка. Няшчасныя будуць тыя мужчыны, што стрэнуцца на тваёй дарозе. Вось каму сапраўды можна паспачуваць. Калі твой самалёт?

— Яшчэ не скора, у шаснаццаць трыццаць.

— А мне ў тры гадзіны ў абласны бібкалектар. Нейкая чарговая нарада. Яўка, як заўсёды, строга абавязковая. Дзве гадзіны ідыёцкай балбатні, нават праводзіць цябе не паспею.

— I не трэба. Чамадан у мяне маленькі, ты ж ведаеш, валачы з сабой цэлую скрыню, каб дэманстраваць туалеты… навошта? Некалькі сукенак, сёе-тое… Не турбуйся.— Алачка пакорпалася ў сумачцы і паклала на стол два ключы.— Дык ты ўжо палівай, хоць раз у тыдзень, мае гартэнзіі. Кактусы можаш не паліваць, вытрымаюць. Між іншым, калі табе спатрэбіцца пасцельная бялізна, дык ты добра ведаеш, дзе што ляжыць, шафу я не замыкала.

— Што ты вярзеш, бессаромніца! — Ірына аж збялела ад нечаканасці.— Навошта мне твая бялізна? Паміж намі ніколі нічога не было. Ты… ты што, не верыш мне? Як ты магла такое падумаць?

— Не бойся, не бойся,— усміхнулася Алачка.— Божа мілы, ды ты зараз самлееш! Эх ты, сяброўка ты мая адзіная, сястрычка мая! Не думала, што ты баязлівая, як заяц. Мне ты заўсёды здавалася смелай і дужай — мора па калена. Што б я рабіла без цябе, як захварэла, пэўна, даўно б ногі выцягнула. Ты ж два месяцы ад мяне не адыходзіла, нібы маці, хто, акрамя маці, цяпер на такое здатны. У кожнага сваё жыццё, свае клопаты. Прыбеглі, пасядзелі дзесяць мінут, пабеглі… Адна ты… 3 лыжачкі карміла, мыла, лекі па ўсім горадзе шукала… Я гэтага век не эабуду! Каб не ты, хто яго ведае, чым тая хвароба для мяне скончылася б.

Алачка гаварыла, гаварыла, быццам хацела пацярухай слоў неяк прысыпаць абразлівасць сваёй здагадкі, але Ірына, здавалася, не чула яе.

— Як ты магла…— разгублена паўтарала яна і ўсё прыціскала да шчок, пабітых на чырвоныя плямы, далоні.— Як ты магла такое падумаць…