Выбрать главу

— Кінь…— у Алачкі пацямнелі і звузіліся вочы, а рукі сціснуліся ў кулачкі,— я ж не яго жонка, навошта перада мною прыкідвацца? Думаеш, пра цябе і Жураўскага ніхто не здагадваецца? Эх ты! Хутка сорак бабе, а яна наіўная, як пятнаццатка! Вы яшчэ на бульбе былі, а пра вас усё выдавецтва плявузгала. Вядома, ты мне можаш не давяраць, твая справа, але ведай: ні крывога позірку, ні кепскага слова ты ад мяне не ўбачыш і не пачуеш. I не бянтэжся, калі ласка, на цябе ўжо шкада глядзець.

— Балбатуха ты.— Ірына адвярнулася да акна.— Язык без касцей, вось і мелеш абы-што.

— Добра, добра, больш не буду.— Алачка лагодна правяла рукой па яе валасах.— Ласкавая ты мая… Толькі ты скажы яму, каб машыну ставіў далей, за паваротам. А то як мы ідзём у «Юбілейны» абедаць, дык усё ж відаць. I як ён табе дзверцы адчыняе, і як вы цалуецеся, перш чым ад’ехаць… усё-ўсё…

Ірына павярнулася, вялікія карыя вочы яе, толькі што разгубленыя і збянтэжаныя, свяціліся шчасцем, і святло гэта, бы агнём, апякло Алачку. Яна аж зубы сцяла, каб не закрычаць ад нечаканага, вострага і пранізлівага болю, але Ірына, занятая сабою, гэтага не заўважыла.

— Няўжо відаць? — Яна закрыла твар далонямі і засмяялася ціха, стрымана.— Вось гэта навіна! Звар’яцець можна! I праўда ж, як дзеці! — Уздыхнула, пахітала галавой, рассыпаўшы па плячах густыя, колеру спелай жытнёвай саломы валасы, і шчаслівы агеньчык у яе вачах патух, быццам яго задзьмула ветрам.— Ох, Алка, Алка, што ж гэта робіцца?! I чым гэта ўсё скончыцца, Алачка?!

— Якая розніца? — легкадумна махнула тая рукой.— Ці варта пра гэта думаць? Жыццё кароткае, не паспееш азірнуцца, а ты ўжо нікому не патрэбная. Праўду гаварыла мая бабулька-нябожчыца: трэба жыць, як набяжыць, вось і ўсё. Сённяшняе шчасце варта заўтрашніх непрыемнасцей. Ну, я пабегла, Ірыначка, у мяне яшчэ работы, работы... Будзь шчаслівая!

— I ты, любая. Добрага табе надвор’я, цікавых людзей.

Яны абняліся, расцалаваліся, і Алачка пабегла да ліфта.

Каля студэнцкага інтэрната стаялі два тэлефоны аўтаматы. Алачка зайшла ў першы, набрала нумар.

— Школа? Жураўскую, калі ласка.

— Зараз пашукаем,— азваўся жаночы голас.

Яна пастаяла, прыціскаючы трубку да вуха і адчуваючы, як нешта соладка казыча ў горле, затым пачула энергічны голас:

— Алё! Жураўская слухае.

— Валянціна Іванаўна? — на ўсялякі выпадак перапытала Алачка і аблізнула засмяглыя вусны.

— Так, гэта я. Гаварыце, калі ласка, хутчэй, у мяне заканчваецца перапынак.

— Я хутка,— сказала Алачка.— Усяго некалькі слоў. Запомніце адрас: вуліца Дзімітрава, дом адзінаццаць, кватэра тры. Там ваш муж, Арсен Міхайлавіч, сустракаецца са сваёй каханкай Ірынай Мікалаеўнай Чумаковай. Кожны дзень пасля шасці гадзін вечара.

Нейкі доўгі момант у трубцы было ціха, быццам у Жураўскай адабрала мову. Алачка напружана чакала.

— Хто вы? — нарэшце глуха спытала Валянціна Іванаўна.— Хто вы і чаму так нахабна лезеце ў чужое жыццё?

— Не мае значэння. Адрас запомнілі? Гэта паміж Домам кнігі і Юбілейным базарам. Усяго найлепшага.

— Сволач,— сказала Жураўская, і Алачка з востраю радасцю адчула, як надламаўся, перасеў яе голас.— Якая ж вы сволач!

Алачка засмяялаея і асцярожна, быццам шклянул павесіла трубку. Вочы ў яе зрабіліся як дзве шчыліны, бледны твар перакрывіла сутарга.

— Ненавіджу! — прашаптала яна, хапаючы сухімі губамі паветра і ўглядаючыся ў даўжэзны рад вокнаў на далёкім дванаццатым паверсе Дома кнігі. — Ненаві-іджу!

3

А пачатку трэцяй з бібкалектара паведамілі, што нарада загадчыкаў бібліятэк пераносіцца на наступны тыдзень. Ірына з палёгкай уздыхнула і пазваніла дадому. Трубку ўзяла дачка Аленка.

— Як ты там? — спытала Ірына.— Жывеш?

— Жыву! — засмяялася Аленка.— Пяцёрку па матэматыцы атрымала.

— Малайчына. Сярожа дома?

— Няма. Але, відаць, нядаўна быў: у ракавіне стаяць брудныя талеркі і боршч яшчэ цёплы. Я паабедала — нават не падагравала.

— Зусім ён у нас распусціўся, Аленка,— уздыхнула Ірына.— Талеркі за сабой лянуецца памыць.

— Я памыю,— заступілася за брата Аленка.— Ты ж ведаеш, які ён цяпер заняты! Хутка экзамены — не жартачкі! Калі яму талеркамі займацца.

— Вось і сядзеў бы над падручнікамі, а то бегае недзе, сабакам хвасты круціць. Напіша сачыненне на двойку, будзе ведаць…

— Што ты, мамачка, ніколі! — сказала Аленка, і Ірына адчула ў яе голасе гонар за старэйшага брата.— Ён на адны пяцёркі здасць! Пабачыш!

Аленка вучылася ў сёмым класе, брат-выпускнік быў для яе амаль тым жа, што для яе сябровак папулярныя артысты кіно. Сярожа таксама вельмі любіў сястрычку. Ён, можна сказаць, выгадаваў яе: насіў у яслі і сад, як была малая, сядзеў з ёю вечарамі, калі Ірыне ці Аляксею Пятровічу здаралася затрымацца на рабоце, чытаў казкі, карміў, нават прасаваў сукенку і стужкі ў коскі. Аленка не тое што талеркі памыць, вочы за яго была гатова любому выдраць.