Выбрать главу

Маці…

Сярожка Чумакоў доўга не звяртаў увагі на Вераніку Акімаву, проста не заўважаў яе, хоць яны жылі па суседству — Чумаковы на трэцім паверсе, а Акімавы — на першым, і вучыліся ў адным класе. Яна была для яго звычайная дзяўчынка, такая ж, як усе, а Сярожка ставіўся да дзяўчынак з пэўнай пагардай. Што ён мог сабе дазволіць, дык гэта забегчы параіцца, калі не атрымлівалася задача, пазычыць кнігу, перадаць, што заўтра не прыйдзе ў школу, таму што захварэла Аленка і давядзецца застацца з ёю, бо бацькі ж на рабоце… Каб хто спытаў тады ў яго, якога колеру ў Нікі вочы або якая на ёй сукенка, Сярожка страшэнна здзівіўся б такому пытанню і не ведаў, што на яго адказаць. Тым больш што ў дзесятым класе Ніка нечакана кінула школу, пачала працаваць у магазіне, неяк адразу пасталела, адышла ад сваіх былых сяброў і наогул страціла для Сярожкі ўсякую цікавасць.

Аж да дзесятага класа Сярожка лічыў сябе адным з самых шчаслівых людзей на свеце, хаця асабліва пра гэта не задумваўся. Для яго адчуваць сябе шчаслівым было гэтак жа натуральна, звычайна, як есці, піць, дыхаць, марыць пра будучыню і ўпарта адстойваць перад дарослымі сваё права на доўгія валасы, вышмарганыя джынсы, гітару і самастойнасць у меркаваннях аб самых розных праблемах: ад сучаснай моды да перспектыў палёту чалавека ў іншыя галактыкі.

Аднак самастойнасць гэтая толькі дэкларавалася. На самай справе Сярожка быў такім жа, як усе падлеткі ў яго двары, класе, школе, яго погляды фарміравала асяроддзе, і ён нават не імкнуўся хоць неяк, нечым з гэтага асяроддзя вылучацца. Гэтак жа апранаўся, прычэсваўся, круціў тыя дыскі і спяваў тыя ж песні, што усе, гэтак жа выкручваўся на школьных вечарах і дыскатэках пад дзікае выццё магутных узмацняльнікаў. Ён быў чалавекам з натоўпу, а чалавеку з натоўпу жыць лёгка і проста. Натоўп вызваляе ад думак, ад неабходнасці прымаць самастойныя рашэнні, ад пачуцця адказнасці. Пануе адзін прынцып: рабі як усе і ўсё будзе цудоўна.

Рабі як усе — і Сяргей ужо ў дзевятым класе не быў ні выдатнікам, ні двоечнікам, звычайны сярэдні вучань. У выдатнікі пнуліся падлізы і кар’ерысты, двойкі атрымлівалі дурні і гультаі. I тыя і другія павагай не карысталіся. Ён быў заўзяты футбольны і хакейны балельшчык і ведаў прозшшчы славутых футбалістаў і хакеістаў куды лепш, чым прозвішчы паэтаў і пісьменнікаў, якіх праходзілі ў школе. Ведаў не таму, што так зацята любіў спорт і не любіў літаратуру, а таму, што ўсе яго сябры на перапынках паміж урокамі, на лесвічных пляцоўках і на двары гаварылі не пра вершы Багдановіча і Барадуліна, а пра галы Блахіна і шайбы Харламава, а чалавек з натоўпу не любіць адчуваць сябе ў натоўпе белай варонай. Зліцца з ім, растварыцца ў ім — вось яго галоўная мэта.

Сяргей хадзіў у баксёрскую секцыю. Трэнер хваліў яго і абяцаў вялікую спартыўную будучыню. Сяргея гэта будучыня не спакушала: ён не любіў бокс. Але ў двары, на вуліцы, у школе фізічную сілу, уменне пастаяць за сябе паважалі ці не больш за ўсе іншыя чалавечыя якасці, і Сяргею падабалася, што яго паважаюць. Гэту павагу трэба было падтрымліваць, і ён кожны вечар бег не ў бібліятэку, а ў спартыўны зал.

Гаворачы матэматычнай мовай, да семнаццаці гадоў Сяргей яшчэ быў не адзінкай, а нулём і сябры яго былі круглымі нулямі, а як добра вядома з той жа матэматыкі, сума нулёў, колькі іх ні было б, заўсёды менш адзінкі. Яму яшчэ толькі наканавана было стаць адзінкай, адчуць радасць непадабенства, самастойнасці і ўласнай значнасці, пераступіць цераз нейкую мяжу паміж інфантыльным дзяцінствам і разважлівай сталасцю, і ён з радасным хваляваннем адчуваў, як жыццё набліжае яго да гэтай мяжы. Ёю было каханне: нішто не робіць падлетка такім дарослым і самастойным, як каханне. Але каханне ледзь кранула Сяргея сваім крылом, як у яго сонечны бестурботны свет увайшла бяда.

Гэта толькі ў матэматыцы ўсе нулі абсалютна аднолькавыя, у жыцці ўсё не так. Людзей з натоўпу аб’ядноўваюць вонкавыя, знешнія праяўленні, па-за натоўпам кожны хоць у нечым ды становіцца адметным. Здалёк лес здаецца зялёнай сцяной, толькі калі зойдзеш пад яго шаты, заўважаеш, што кожнае дрэва стаіць паасобку, кожнае адметнае, хоць нечым нязначным, але не падобнае на суседняе.

Адметнай рысай Сярожынага характару была дабрыня. Ён любіў сваіх бацькоў і сястрычку і забіраў яе раней з дзіцячага садзіка не таму, што яго прасіла аб гэтым мама, а таму, што яму карцела хутчэй яе ўбачыць. Ён падбіраў на вуліцы бяздомных кацянят і сабак, і маці толькі моўчкі ўздыхала, калі дома з’яўлялася чарговае мурзатае і галоднае стварэнне. Сяргей адмываў і адкормліваў яго, а потым аддаваў каму-небудзь: паласаты, як тыгр, кот Васька, які ўжо даўно прыжыўся ў Чумаковых, не цярпеў ніякай канкурэнцыі. Відаць, забыўся, нягоднік, што і яго некалі Сяргей забраў у дзяцей якраз у той момант, калі яны навязалі Ваську на хвост бляшанку ад кансерваў, а на лапы старанна надзявалі пустыя палавінкі грэцкіх арэхаў.