Выбрать главу

Такая «цялячая» дабрыня не ўхвалялася, яе трэба было хаваць, як хваробу. Ад кпінаў Сярожку ратавалі кулакі — усе ведалі, што звязвацца з ім не варта, не змоўчыць.

Як большасць хлопцаў у яго ўзросце, Сяргей мала клапаціўся пра сваю знешнасць і злаваўся, калі жанчыны, што вечарамі сядзелі на лавачках каля пад’ездаў, кідалі яму ўслед: «Бач ты, які прыгожы хлопец! Чый гэта?» Углядацца ў люстэрка? Няхай ужо гэтым займаецца Аленка. Прыгожы, непрыгожы — якое гэта мае значэнне! Вунь Генка Мароз — твар, як у малпы, а джынсы фірмы «Левіс». I магнітафон японскі, «Панасонік»… Вось гэта рэч! Рэальная, памацаць можна. А прыгажосць…

У канцы лета каля іх пад’езда пачалі ўсё часцей спыняцца жоўтыя «Жыгулі». Сярожка ведаў гэту машыну, яна належала трэнеру па гімнастыцы Левусу, ведаў і яе гаспадара Арнольда Уладзіслававіча, невысокага, хударлявага, гадоў дваццаці пяці-дваццаці сямі мужчыну з халоднымі вачыма, тоненькімі вусікамі і пісклявым голасам. 3 машыны выходзіла Ніка, у бліскучай скураной куртцы і баваўняным берэціку, з пунсовымі падфарбаванымі вуснамі, блакітнымі ценямі над вачыма і распуснай усмешкай на круглым твары.

— Салют, камарадас! — кідала яна Сярожку і падавала руку з вішнёвымі, у залатых кропельках, пазногцямі.— Як жывецца-можацца? Колькі двоек-троек адхапіў за бягучы тыдзень?..

Ад Нікі пахла віном, яе здзеклівы тон абражаў, але чамусьці Сярожка не адчуваў сябе абражаным. Нешта незразумелае адбывалася з ім, калі ён глядзеў на яе; адчуванне было такое, быццам падняўся на высокую гару і цябе наскрозь прадзімае сцюдзёным ветрам. Цьмяныя жаданні абуджала яе ўсмешка; неяк Сярожка злавіў сябе на думцы, што яму хочацца схапіць яе за горла і сцерці гэту ўсмешку кулаком, і спалохаўся таго нядобрага, што, аказваецца, таілася ў ім, пра што ён нават не здагадваўся, і ў яго сціснулася сэрца ад нясцерпнага жалю да самога сябе.

Ён пачаў дрэнна спаць уначы: раней засынаў, ледзь заплюшчваў вочы, а цяпер мог ляжаць аж да раніцы, гледзячы ў столь, і думаць пра Левуса і Ніку. Упершыню ў жыцці ён пачуў, як напружана тахкае яго сэрца. У густой начной цемры Сярожка ўвачавідкі бачыў, як прагныя валасатыя рукі Левуса шныраюць па яе целе, бачыў яе пульхныя, прыгожыя губы, белую вільготную палоску зубоў, тугі, як спружынка, каштанавы завіток над маленькім ружовым вухам і плакаў ад бяссільнай злосці і крыўды. «Што ж гэта робіцца?! — думаў ён.— Чаму я нібы не бачыў яе так доўга, я ж кожны дзень, па пяць разоў на дзень сустракаўся з ёю; каб я быў хоць трошкі больш уважлівы, магчыма, яна не звязалася б з гэтым падонкам,— навошта ён ёй?! Няўжо яна спадзяецца, што ён усё жыццё будзе катаць яе на сваёй машыне, няўжо яна не ведае, колькі дзяўчат да яе ўжо там перабыло?.. Я сам чуў, як пра гэта шэпчуцца хлопцы са зборнай каманды па гімнастыцы, калі мы разам мыемся ў душы пасля трэніровак… няўжо яна пра гэта ніколі не чула?.. Праз месяц, праз два яна абрыдзее яму, і ён выкіне яе, як анучу… Як жа яна тады будзе жыць? I як мне жыць, я ж памру, калі яна будзе катацца з ім яшчэ месяц або два, памру або пры ўсіх наб’ю яму морду, а там што будзе, тое і будзе…»

Слёзы душылі яго, горкія і салодкія слёзы ўпершыню адчутай рэўнасці і крыўды, і ён плакаў, уткнуўшыся тварам у падушку,— вялікі, дужы і бездапаможны, як дзіця, мужчына семнаццаці гадоў.

А між тым жоўтыя «Жыгулі» прыязджалі ўсё радзей. Ніка вярталася з работы пешшу, яна неяк абвяла, асунулася, як быццам раптоўна пастарэла. Сярожка кожны вечар пільнаваў яе каля гастранома, але Ніка не заўважала яго, а калі заўважала, дык не жартавала, не пасмейвалася, а суха ківала і праходзіла міма.

Неяк ён набраўся смеласці і перапыніў яе каля газетнага кіёска. Было позна, імжыў дождж, вуліца была амаль пустая, Сярожка выйшаў з-за кіёска ў капронавай куртцы, з якой сцякала вада, у капюшоне, нацягнутым на галаву Ніка не пазнала яго і спалохана адхіснулася. Ён адкінуў капюшон.

— Не бойся, гэта я.

— Цяпер бачу. Чаго табе? — У голасе Нікі была непрыхаваная варожасць.

— Не ведаю… А, вось што… Я кахаю цябе.

Ніка здзіўлена ўскінула галаву, і Сярожка ўбачыў у яркім святле ліхтара, пад якім яны стаялі, што вочы ў яе чорныя, з маленечкімі рознакаляровымі кропкамі вакол зрэнак, смешныя пярэстыя вочы, і неяк міжвольна ўсміхнуўся кволай вінаватай усмешкай. Ад гэтай усмешкі ў Нікі перасмыкнуліся вусны, а падмаляваныя вочы звузіліся і зрабіліся халодныя і пагардлівыя.