Выбрать главу

— Што, пашкадаваць вырашыў? — сіпла выдыхнула яна.— Як тых кацянят і шчанюкоў, што ў двары падбіраеш? Ах, які ты добранькі, Сярожанька, які чуллівы і спагадлівы! Пра гэта ўсе кабеты ў нашым доме гавораць. Толькі мне тваё шкадаванне і твая чуллівасць патрэбны, як свінні бранзалетка….

— Навошта ты так,— разгубіўся ён.— Я ж шчыра, ад усяго сэрца…

— Ад усяго сэрца… Ведаю я вашы сэрцы… А можа, і табе цяляцінкі захацелася? — Яна прысунулася да Сяргея блізка-блізка, уперлася грудзямі ў яго грудзі, і ён адступіў, як апёкся.— Можа, ты рашыў, што я такая дзяшоўка, што гатова з усімі?.. А што, калі Левусу можна, дык чаму табе нельга? Ты ж не такі барбос, як ён, і прыгожы, і разумны… Толькі ў цябе машыны няма, і дачы, і грошай на рэстараны. Сапляк ты яшчэ, хоць і вырас пад неба.— Ніка правяла далонню па мокрым ці то ад дажджу, ці то ад слёз твары.— А ўрэшце, гары яно ўсё ясным агнём, хадзем… Моташна мне, холадна, можа, адагрэеш. Вось толькі куды? Да цябе нельга, твая мамачка любіць мяне, як скулу на носе. Да мяне?.. Калі мой стары нарэзаўся, можна і да мяне, а калі цвярозы…

— Што ты гаворыш, Ніка? — Сяргей узяў яе рукі ў свае і сціснуў так, што яна войкнула, тарганулася, але ен не адпусціў.— Навошта ты нагаворваеш на сябе? Я ж ведаю: ты добрая, чыстая… ён твайго пазногця не варты. Ён табе прысніўся, разумееш?! Гэта быў сон, дурны, агідны сон, і я шчаслівы, што ты прачнулася. Я кахаю цябе, ужо даўно кахаю. Я проста не ведаў гэтага, быў як сляпы. Навошта табе машыны, дачы, рэстараны… Без усяго гэтага можна жыць, глупства гэта. Я кахаю цябе, павер мне...

Ён выпусціў рукі Нікі, яна пацерла іх і, гледзячы Сярожку ў твар, ціха, самотна сказала:

— Ах ты, дурань дурны… Што ж, гэта і праўда быў сон. Агідны сон, і я сама рада, што прачнулася. Дужа мне паскудна жылося, ты ж ведаеш… Ды і цяпер не лепей. Дзякуй табе за добрыя словы, я даўно ведаю, што ты харошы, усё ж такі колькі год у адным класе вучыліся… Хадзем дадому, позна ўжо.

Яны моўчкі дайшлі да дома, трымаючыся за рукі, і музыка нябесных сфер гучала ў душы Сярожкі. Яму здавалася, што ён не ідзе па шэрым, мокрым, у пярэстых плямах мазуту асфальце, а лунае над ім, лёгкі, як вецер, і чысты, як дождж, што законы зямнога прыцягнення больш не маюць над ім улады. Захоча, узмахне рукамі і падымецца высока-высока, пад самыя хмары і за хмары, туды, дзе заўсёды свеціць сонца, і няма на зямлі нічога, што непадуладна яму. Зрушыць з месца гару, скруціць у бараноў рог усіх Левусаў на свеце — калі ласка, няхай яна толькі загадае!

У пад’ездзе, каля кватэры Нікі, яны спыніліся. Было цёмна, лямпачка ўжо даўно перагарэла, і ніхто не мог наважыцца купіць новую. Пастаялі, цяжка дыхаючы, нібы абодва беглі ўсю дарогу, затым Ніка абняла Сяргея, прытулілася вуснамі да ягоных вуснаў, і ён адчуў халадок яе зубоў, І таксама абняў яе, але яна выслізнула з яго рук і знікла за дзвярыма.

— Вытры памаду, дуранька, а то маці з дому прагоніць,— пачуў ён яе шэпт, і следам суха шчоўкнуў замок.

Разгублены, узрушаны тым новым, што ўварвалася ў яго жыццё, Сяргей яшчэ патаптаўся на лесвічнай пляцоўцы, адчуваючы, як соладка ные сэрца, затым павольна пабрыў па прыступках на свой паверх.

Ён не ведаў, што сорак прыступак, якія яму трэба было прайсці, вялі не з першага паверха на трэці, дзе жылі Чумаковы, а з дзяцінства, якое толькі што скончылася, у юнацтва. Ён ведаў іншае: здарылася нешта незвычайнае, што перавярнула ўсё яго жыццё, і па твары яго блукала шчаслівая ўсмешка.

Ціхенька адчыніўшы дзверы сваім ключом, Сяргей зайшоў у ванную і паглядзеў у люстэрка. На вуснах яго, знакам сталасці, даросласці, чырванела памада.

4

Варта было Сяргею пакахаць, і ўвесь навакольны свет змяніўся. Ён стаў вялікі і прыгожы, і Сяргей толькі дзівіўся святочнай яркасці звычайных будзённых дзён і зорнасці вечароў. Усё, што ён раней не заўважаў, што праходзіла паўз зрок і душу, не кранаючы іх, раптам стала кідацца ў вочы, радаваць, выклікаць замілаванне: сухая, як абрэзкі бляхі, лімонна-жоўтая лістота на шэрых тратуарах, клін птушак у выцвілым, выгаралым за лета небе, ціхі шолах дажджу ў чорных галінах дрэў…

Ён і не ведаў, што ў іх мікрараёне ёсць столькі ціхіх бязлюдных куткоў, дзе можна стаяць, трымаючы Вераніку за руку, і маўчаць або ўспамінаць розныя смешныя выпадкі са школьнага жыцця, а калі ў Веранікі ад холаду пасінеюць вусны, пайсці ў кіно і там, у цеплыні і паўзмроку залы, глядзець не на экран, па якім рухаюцца нейкія цені, а на яе, і злавацца на сябе: ах, дурань, дурань, і як жа ты раней не бачыў, што ў яе такі пяшчотны профіль, і мілы кірпаты носік, і пушыстыя вейкі, і тугая спружынка валасоў на скроні… Чаму раней ты абыякава глядзеў на ўсё гэта, ты ж не сляпы, глядзеў — а не бачыў, і вось цяпер у цябе так калоціцца сэрца, што зараз людзі з пярэдніх радоў пачнуць азірацца: што гэта там грукоча, як трактар, не дае глядзець карціну?..