Выбрать главу

Потым прыйшла зіма. Снежная, марозная. Пасля работы Вераніка спяшалася ў вячэрнюю школу. Сяргей чакаў яе ў школьным вестыбюлі, там было цёпла. Неяк ён паспрабаваў распытаць Ніку, што здарылася тады, першага верасня, паміж ёю і Валянцінай Іванаўнай, чаму яна так нечакана для ўсіх пайшла працаваць, але па ценю, які лёг на яе твар, здагадаўся, што пытанні гэтыя ёй непрыемныя, і загаварыў пра нешта іншае. Яна ўдзячна кіўнула: маўляў, прыйдзе час, раскажу.

Усё часцей ён заходзіў да Нікі дадому. Зіма не лепшы час для аўтахалтур, большасць аматараў ставіць свае машыны на прыкол да вясны, калі падсохнуць дарогі, калі з іх змые дажджамі соль. Акімаў уладкаваўся вартаўніком у гаражны кааператыў. Суткі дзяжурыў, трое быў дома: і весялей, і нейкі прыробак да пенсіі. Сяргея, як і іншых хлопцаў з іхняга двара, ён добра ведаў, усе яны вечна ашываліся каля яго гаража. Па вечарах, пакуль Ніка пераапраналася і гатавала на кухні вячэру, яны размаўлялі.

— Яна, канечне, дзеўка кручаная,— гаварыў Мікалай Сцяпанавіч, насцярожана пазіраючы на дзверы, за якімі тупала дачка.— Школу вось кінула. Добра, хоць у вячэрнюю ходзіць. Што нам, грошай не хапае? Хапае, магла б спакойна вучыцца. Дык жа не… А наогул яна добрая. Уся ў маці-нябожчыцу. А ўжо гаспадарлівая… Дзіва нейкае, скажу я табе. Раней анічога не рабіла, яешню спячы не ўгаворыш, сваю пасцель прыбраць… А цяпер… Сам не разумею, што з ёю робіцца. Усе кашулі мае перамыла, папрасавала, гузікі папрышывала, у суботу кватэру выліжа, нідзе пылінкі не знойдзеш, і есці варыць… Камедыя! — Ён шумна ўцягваў носам паветра.— Здаецца, катлетамі пахне, га? — I падміргваў Сяргею.— Хадзем павячэраем разам.

Сяргею хораша было сядзець з імі на кухні, есці катлету з бульбай, піць чай з абаранкамі, а дакладней, не столькі есці і піць, як употай назіраць за Нікай. Кожны яе рух здаваўся яму верхам прыгажосці. Калі ў Веранікі на грудзях расхінаўся кароценькі халат, а над верхняй губой выступалі кропелькі поту, у яго станавілася суха ў роце.

Неяк позна вечарам Сяргей і Вераніка стаялі ў тэлефоннай будцы каля свайго дома і цалаваліся. Губы ў Нікі былі цёплыя, вільготныя, заплюшчыўшы вочы, яна даверліва прыціскалася да Сяргея, і яму хацелася, каб гэта ніколі не скончылася.

Увесь вечар яны прабылі на катку ў парку Горкага. Лёд там быў кепскі, увесь у грудках і выбоінах, не параўнаць з люстраным лёдам на стадыёне «Дынама», але затое ў парку Горкага было весела, тлумна і прасторна. Сяргей і Ніка каталіся, пабраўшыся за рукі, пад вальсы і полькі, якімі грымелі дынамікі на слупах, і падалі пад рогат суседзяў, і самі рагаталі, калі падалі іншыя, і пілі гарачую каву з папяровых шклянак, і бегалі грэцца ў раздзявалку, дзе людзей было — што селядцоў у бочцы, і час ад часу Сяргей лавіў на сабе нейкі незвычайны, пяшчотны і ўважлівы позірк Веранікі, і ў яго, добрага канькабежца, запляталіся ногі, як у пачаткоўца, які ўпершыню выйшаў на лёд. А потым над катком закруціла завіруха — быццам недзе там, у небе, падралі старую пярыну, а ўвесь пух вывернулі на зямлю, і дынамікі перасталі жаваць бясконцую магнітафонную стужку, і выключылі рознакаляровыя лямпачкі, і натоўп пачаў разыходзіцца. Сяргей і Вераніка ўбіліся ў трамвай, каб даехаць да вакзала. Вокны ў трамваі густа зараслі інеем, нейкі жартаўнік на заднім шкле пальцам надрапаў: «Мяняю жонку на дублёнку!», усе азіраліся на гзты надпіс і пасмейваліся. У Нікі з рота вырываліся клубочкі пары, быццам яна курыла, а вочы блішчалі з-пад аблепленых інеем веек, як зоркі. Натоўпам яе прыціснула да Сяргея так шчыльна, што яму здалося, быццам у яе пад світэрам два крутабокія яблыкі, і Сяргею зрабілася горача і млосна, як ад напаленай печы. Але на наступным прыпынку ў трамвай улезла яшчэ з дзесятак пасажыраў, і нейкі кудлаты піжон нахабна ўцёрся паміж Нікай і Сяргеем, і яе панесла да пярэдняй пляцоўкі жывой людской плынню: паплыла, паплыла над галовамі чырвоная баваўняная шапачка з пампонам. Сяргей памкнуўся за ёю, але яму заміналі дзве пары канькоў з бацінкамі, перакінутыя цераз плячо; прыйшлося застацца на месцы, каб не выкалаць каму вока.

Калі яны, перасеўшы на вакзале ў аўтобус, даехалі да свайго прыпынку, было позна. Завіруха ўсхадзілася так, што не пагуляеш, дадому не хацелася, і тэлефонная будка каля гастранома, у якім працавала Ніка, дала ім прытулак. Там было трохі вальней, чым у перапоўненым трамваі. Сяргея зноў нібы кальнулі яе высокія грудзі, і ён зажмурыўся і абняў Ніку і пацалаваў у халодную шчаку. Ніка ціхенька засмяялася і правяла чырвонай рукавічкай па яго твары, потым прыўзнялася на дыбачкі і закінула рукі яму на шыю.