Выбрать главу

Ірыну радавала, што дзеці растуць такія дружныя: ніколі не зведаюць адзіноты, якую зведала яна сама, не маючы ні брата, ні сястры. Аднак яе непакоіла, што Сярожка апошнім часам стаў нейкі замкнёны, пануры. Хвалявала яго сяброўства з інвалідам Акімавым — горкім п’яніцам і наогул пустым чалавекам. Сярожка дні навылёт тырчаў у таго ў гаражы, памагаў рамантаваць нейкія машыны, і Ірына разумела, што справа тут не ў самім Акімаве, хоць і ён сам, вядома, мог сапсаваць хлопца, прывучыць да гарэлкі, да дурных, халтурных грошай, а ў яго дачцэ Вераніцы, разбэшчанай, размаляванай асобе семнаццаці гадоў. Яны разам вучыліся аж да дзесятага класа, Сярожка і Вераніка, і як быццам нічога паміж імі не было, нават сяброўства; Сярожка наогул не звяртаў ніякай увагі на дзяўчынак; але ў дзесятым, на самым пачатку навучальнага года, Вераніку выгналі са школы, і яна пайшла працаваць малодшым прадаўцом у суседні універсам; а пазней, ужо напрадвесні, Ірына заўважыла, што з Сярожкам творыцца штосьці кепскае. Ён пачаў залішне, на яе думку, цікавіцца сваёй знешнасцю, моднымі дарагімі рэчамі, стаў рэзкі і грубы, дзіцячая шчырасць у яго вачах саступіла месца дарослым суму і тузе. А жанчыны ў пад’ездзе гавораць, што Вераніка раскатвае на «Жыгулях» з нейкімі бэйбусамі, цягаецца па рэстаранах, колькі разоў бачылі, як яна вярталася дадому, хапаючыся за сцены… Божа літасцівы, хоць бы ён не закахаўся ў гэтую дрэнь! Яно ж такое сляпое і бязглуздае, першае каханне, а раны, што пакідае, смыляць усё жыццё…

Колькі разоў Ірына спрабавала пагаварыць з Сярожкам пра Акімавых, але ён, звычайна ласкавы і адкрыты, цяпер агароджваўся ад яе такой сцяной хмурага маўчання і непрыхаванай варожасці, што яна міжвольна бянтэжылася, і размова сама сабой абрывалася.

Дачка шчабятала ў трубцы, расказвала нешта пра свае школьныя справы, але Ірына не чула яе: думала пра сваё. Потым спахапілася, папрасіла:

— Аленка, схадзі ў гараж да Акімавых. Калі Сярожа там, скажы, каб зараз жа ішоў рыхтаваць урокі. I няхай абавязкова пазвоніць мне на работу.

— Добра, мамачка, схаджу. Ага, ледзь не забылася: званіў тата. Сказаў, каб мы яго не чакалі: сёння ноччу дзяжурыць.

— Ён ужо дзяжурыў у гэтым месяцы,— здзівілася Ірына.

— Цёцю Надзю Каламійцаву замяняе, у яе Марынка захварэла. Тата сказаў, каб мы не чапалі маленькага акварыума з неонавымі рыбкамі, а мне так хочацца паглядзець…

— Сказаў не чапаць, значыць, не чапай. Дык ты схадзі пашукай Сярожу, добра?

— Добра, добра. Толькі ты не затрымлівайся, а то мне сумна.

Ірына ўспомніла пра ключы ад кватэры Алачкі і адчула, як у яе абмерла сэрца і сціснула ў грудзях, быццам не хапала паветра.

— Калі затрымаюся, дык не больш чым на гадзінку: трэба атрымаць у магазіне новыя кнігі. А табе прынясу сёння новы зборнік Акуджавы.

Яна паклала трубку, дастала з сумачкі касметычку, паправіла валасы, кранула фарбай вусны. Трохі пасядзела, чакаючы, пакуль адпусціць сэрца, затым набрала тэлефон Жураўскага.

— Арсен Міхайлавіч? Добры дзень, гэта Ірына Мікалаеўна. Я атрымала па міжгароднім абанеменце кнігі, якія вы заказалі. Так, можаце забраць. Хоць зараз. Добра, чакаю.

Жураўскі гартаў рукапіс Кузьменкі, апрацаваны Лаўрыновічам, ставіў на палях птушачкі вострым алоўкам і лаяў сябе ў душы самымі апошнімі словамі. Рукапіс быў безнадзейна сапсаваны. Знікла ўсё тое, чым некалі яго прывабілі запісы былога камандзіра партызанскага злучэння: шчырасць, непасрэднасць удзельніка падзей, канкрэтнасць кожнага эпізоду, праўдзівасць. Вядома, усё гэта было выкладзена нязграбна, каструбавата — інжынер-тэхнолаг Кузьменка пасля вайны вярнуўся да сваёй прафесіі, і грэх было патрабаваць ад яго большага. Матэрыял для апрацоўкі быў цікавы, за кожным сказам стаяла жыццё: прамёрзлыя буданы і зямлянкі, цяжкія крывавыя баі, блакады, складаныя чалавечыя лёсы… Распытвай, удакладняй дэталі, распрацоўвай тое, што ледзь акрэслена,— звычайная работа для вопытнага журналіста. Але навошта Лаўрыновічу тая работа? Ён проста падстрыг і пагаліў старога і ўціснуў яго ў стандартны касцюмчык масавага вырабу, і стаў бедны Кузьменка цяпер як дзве кроплі вады падобны на сотні другіх ветэранаў, чые кнігі ў літаратурнай апрацоўцы гэткіх жа лаўрыновічаў за апошнія гады літаральна запрудзілі бібліятэкі і кнігарні. Жывое жыццё падмянілі ўзнёслая рыторыка, штучны энтузіязм, агульная балбатня.