Выбрать главу

Гастраном быў даўно зачынены; вялізны шкляны куб свяціўся ўначы, падобны на акіянскі акварыум, з якога вылавілі ўсіх рыб. Сухі, як пясок, снег гнала ветрам па заледзянелым тратуары, каля чорных таполяў ён збіраўся ў гурбы. Дзверы ў тэлефоннай будцы зачыняліся дрэнна, праз шчыліну востра цягнула холадам, але Сяргей не заўважаў гэтага. Ніка стаяла, прыціснуўшыся спіной да жалезнай скрынкі аўтамата. Па ім нікуды немагчыма было пазваніць: ні ў міліцыю, ні ў пажарную, ні ў «Хуткую дапамогу» — нехта абрэзаў трубку. Трубка была прыкавана тоўстым жалезным ланцугом, ланцуг утрымаў бы тыгра, але нейкі бэйбус перапілаваў яго напільнікам. Калі Сяргей пераступаў з нагі на нагу, кавалак ланцуга глуха бразгаў аб канькі.

— Вераніка...— сказаў Сяргей.— Ніка… Ніка Самафракійская…

— Што? — адгукнулася яна.

— Нічога. Мне вельмі падабаецца тваё імя. Так звалі багіню перамогі.

— Гэта мне ўжо гаварылі.

— Хто? Арнольд Уладзіслававіч?

— Якая розніца… Думаеш, адзін ты такі разумны?

Сяргей пакрыўджана адхінуўся. У яго дома, над тахтой, вісеў вялікі фотаздымак багіні Нікі, ён выразаў гэты здымак са старога «Огонька»: перад чэмпіянатам свету па футболу ў Англіі залатую статуэтку багіні перамогі ўкралі нейкія зладзеі, і здымак абляцеў увесь свет. I хоць Ніка Акімава была ані не падобная на сваю славутую цёзку, Сяргею было радасна думаць, што гэта — яе партрэт, што ніякая яна не багіня, а самая звычайная дзяўчына, якую зусім нядаўна ён нават не заўважаў.

Сяргей адхінуўся, і ў гэты момант каля іх будкі спынілася машына. Сяргей адразу ж здагадаўся, што гэта «Жыгулі» Жураўскага, блакітныя, першай мадэлі, МІТ 86-74. Ён здагадаўся аб гэтым, убачыўшы, як насцярожылася і падалася наперад Ніка: яна таксама добра ведала гэтую машыну,— і стаў так, каб спіной засланіць ад яе вуліцу. Нейкае прадчуванне бяды прымусіла яго зрабіць гэта, ён не хацеў, каб Ніка ўбачыла, хто зараз выйдзе з блакітных «Жыгулёў». Але яна схапіла Сяргея за адвароты курткі, прыціснулася да яго, паклала яму на плячо падбародак, і ён пачуў над вухам яе частае дыханне: ах, як жа ёй рупіла разглядзець, што адбываецца там, у снежнай каламуці, за шклом тэлефоннай будкі!

Шчоўкнулі і адчыніліся дзверцы, пачуўся ціхі смех, пацалунак. Ніка затаіла дыханне. Сяргей зразумеў, што яна пазнала жанчыну, якая выйшла з машыны, яму ж і азірацца не трэба было, каб яе пазнаць: ён і так ведаў, што гэта — маці, ніхто на свеце не ўмеў смяяцца, як яго маці, быццам у горле перакочваліся каменьчыкі; гэта яна цалавалася з Жураўскім, гэта абцасы яе боцікаў зараз стукалі па заледзянелым асфальце…

— Сярожка,— прашаптала Ніка, і ён адчуў, што яе аж калоціць ад цікаўнасці,— слухай… Гэта ж твая мама была з Жураўскім! Яна яго каханка, так?

— Выдумляеш…— вяла адказаў Сяргей і паклаў руку ёй на плячо.— Гэта табе проста здалося. I машына не Жураўскага, што я, яго машыну не ведаю? — і старыя мае ўжо даўно дома, яны сёння ў тэатр хадзілі.

Таргануўшы плячом, Ніка скінула яго руку.

— Няпраўда! — радасна сказала яна.— Ты стаяў спіной і нічога не бачыў. Гэта твая маці, я ж не сляпая. I яны цалаваліся. Разумееш?! Яна і муж нашай ведзьмы-дырэктаркі. Так ёй і трэба! Ох, каб ты толькі ведаў, як я рада!

Вочы ў Нікі ззялі, нібы толькі што, вось зараз, яна зрабіла адкрыццё, якое павінна ашчаслівіць чалавецтва. Святло з вокнаў гастранома падала на яе шырокім касым палотнішчам, і Сяргей убачыў цвёрдую складку над яе бровамі, і тугія завіткі валасоў, што выбіліся з-пад шапачкі, і прыадкрытыя вусны, за якімі блішчалі белыя вострыя зубкі, і адчуў, што яго нудзіць. Моўчкі кінуў Ніцы яе канькі, моўчкі адчыніў дзверы тэлефоннай будкі і пайшоў у завіруху, угнуўшы галаву, і вецер выціскаў з яго вачэй слёзы. Ён адчуваў, што здарылася нешта страшнае, непапраўнае, чаму ён нават назвы яшчэ не ведае. Нянавісць, пагарда да маці, якая раптам стала чужой жанчынай, здрадніцай, ворагам, захліснулі яго. Сяргей разумеў, што больш ніколі не зможа абняць і пацалаваць яе, прыціснуцца да яе плячом, адкрыць ёй сэрца. Усё жыццё маці была яго богам, сімвалам чысціні і вернасці; аказалася, што і гэты бог, як усе багі, быў злеплены з гліны, і Сяргей без шкадавання выграбаў на снег са сваёй душы патрушчаныя чарапкі.

Чысты свет, у якім ён пражыў больш за семнаццаць шчаслівых гадоў, жорсткай рукой узяў яго за валасы і сунуў тварам у гразь, і ён адчуваў, што ўжо ніколі не адмыецца ад гэтай гразі.