Выбрать главу

На Сярожкава шчасце, у той год вясна была ранняя і дружная. Да пачатку сакавіка дарогі ўжо ачысціліся ад снегу, падсохлі і пачалі ажываць. Як мухі пасля зімовай спячкі, папаўзлі з двароў, гаражоў і платных аўтастаянак чароды «Масквічоў», «Жыгулёў» і «Запарожцаў». Ажыў і Акімаў: як толькі машыны пакінулі свае сховішчы, яны пачалі біцца, ламацца, псавацца, і вакол яго гаража зноў стала людна і весела.

Работы было так многа, што Мікалай Сцяпанавіч не спраўляўся, і Сярожка пасля ўрокаў пачаў яму памагаць. Цікава, ды і дурныя думкі пра маці і Жураўскага ў галаву не лезуць. Ліха з імі, дарослыя людзі, няхай жывуць як хочуць. Адно бацьку шкада. I на душы брыдка. А даўно вядома — лепшых лекаў за работу няма: яна ўсё гоіць.

Хлопец даволі хутка авалодаў тым, што называецца азбукай аўтаслесара: навучыўся рэгуляваць клапаны рухавіка, запальванне, счапленне, разбіраць і збіраць карбюратар, бензапомпу, мяняць крыжавіны, пракладкі, сальнікі, свечы. Акімаў толькі дзівіўся, назіраючы, як спрытна ўсё ў Сяргея атрымліваецца.

— Ідзі ў аўтамеханікі,— неяк сказаў ён.— Урачоў хапае, і добрых і дрэнных, а вось аўтамеханікаў — кот наплакаў. На бліжэйшыя дваццаць-трыццаць год самая дэфіцытная прафесія. Чаму? Дык жа казе зразумелаі Гэткі завод запусцілі! Гігант! Мільён машын у год. Сёння мільён, заўтра мільён, паслязаўтра мільён… Ты хоць уяўляеш, што гэта такое? А машына, якая б яна ні была выдатная, праз нейкі час ламаецца. Асабліва такая складаная машына, як аўтамабіль. Каштуе яна дорага, паламаецца — не выкінеш і новую не купіш, будзеш рамантаваць. А з рамонтам у нас яшчэ вой-ёй-ёй! Ні станцый не хапае, ні запасных частак… А галоўнае — майстроў. Добры майстар — на вагу золата. Ты паглядзі, хто на ВАЗе працуе! Учарашнія хлапчукі. А перад імі прафесары з акадэмікамі шапкі здымаюць: Ванечка, памажы, Пецечка, выручы! Не кожны ўрач мае свайго «жыгулёнка», далёка не кожны, а аўтаслесар — кожны. Бо ў яго, акрамя зарплаты, штодня навар. Ды яшчэ які! Не просіць, не вымагае — самі нясуць і дзякуй гавораць. Сёння добры аўтаслесар — нават не механік! — кароль. Усё можа: імпартныя транты дастаць, дыван шыкоўны, пуцёўку ў найлепшы санаторый, дэфіцытныя лекі… А ў цябе здольнасці да гэтай справы. Рукі разумныя. Папрацуеш са мной, кузавы рамантаваць навучышся — за адзін вечар заробіш, колькі ўрач за месяц.

Сяргей слухаў і разумеў, што Акімаў мае рацыю. Сапраўды, смешнае становішча. Прыязджаюць здаровыя мужыкі: Сцяпанавіч, ратуй! А там усёй работы — паўгадзіны з ключом папоркацца. Адкуль столькі бязрукіх? Інжынеры, будаўнікі, вучоныя, а ўласная машына для іх — тайна за сямю пячаткамі. Хаця што там, здаецца, складанага? Элементарны рухавік унутранага згарання, пастаўлены на колы і аздоблены пафарбаванай бляхай…

Неўзабаве Акімаў даў яму сто рублёў..

— Што гэта? — здзівіўся Сяргей.

— Твая доля,— адказаў Мікалай Сцяпанавіч.— Бяры, бяры, зарабіў.

Якая гэта асалода — мець свае грошы. Хто не памятае са свайго юнацтва, як сорамна, прыкра было прасіць у маці ці ў бацькі рубель на кіно, на марожанае, на пляшку ліманаду… Так, так, жылі бедна, цяжка… Адна справа прасіць, ведаючы, што грошы ў хаце ёсць, і зусім іншая — калі іх няма. Няма, толькі на самае неабходнае… I ніхто не можа і не хоча зразумець, што для цябе два білеты ў кіно або на танцы куда важней за бохан хлеба: ты згодзен лепш дзень-два пагаладаць, чым адчуць пагарду, знявагу ў голасе той, адзінай, на якой клінам сышоўся белы свет… Колькі горкіх нябачных слёз праліта з-за пакамечанага рубля, колькі страшных злачынстваў з ім звязана!

Ні на кіно, ні на дыскатэку Ірына Мікалаеўна сыну грошай не шкадавала. Давала, нават не чакаючы, пакуль папросіць. Але хіба параўнаеш тыя матчыны рублі і траячкі са сваімі?! Са сваімі, не ўкрадзенымі, не выпрашанымі — заробленымі сваімі рукамі! Памацайце, якія мазалі на далонях! Як пятакі. Два гады займаўся боксам, рэкі поту цяклі на кожнай трэніроўцы, а мазалёў не было. А ўсяго за два тыдні і з’явіліся, і палопаліся, і зацвярдзелі. Засунеш руку ў кішэню, намацаеш дзесяць чырвоненькіх паперак — і быццам вышэйшы ростам робішся. Чалавек!

Сяргей звадзіў усю сваю кампанію ў маладзёжнае кафэ. Андрэй Жураўскі, Лідачка Нячай, Генка Мароз і Светка Сінічкіна танцавалі, елі марожанае, пілі кактэйлі і паглядалі на Сяргея так, быццам той абрабаваў дзяржаўны банк, і яму гэта было прыемна. Толькі Вераніка, напэўна, ведала, адкуль у яго грошы, а можа, гэта проста не цікавіла яе: у Левуса і яго сяброў грошай звычайна былі поўныя кішэні…