Цяпер адразу ж пасля заняткаў Сяргей спяшаўся ў гараж да Ахімава. Калі работа была тэрміновая, уцякаў з апошніх урокаў. На падрыхтоўку дамашніх заданняў часу амаль не заставалася. Настаўнікі па інерцыі ставілі яму тройкі і чацвёркі, хоць Сяргей адчуваў, што да двоек зусім недалёка. Гэта не засмучала яго.
Усё складвалася — лепей не прыдумаеш. Каб не мама. Каб не яе незразумелая жорсткасць. Не ганебнае бессаромнае двудушша…
…Сяргей выбег на двор — зашыцца куды-небудзь, дзе цямней, супакоіцца, падумаць, што рабіць далей… I ўбачыў каля пад’езда жоўтыя «Жыгулі» Левуса. Спыніўся як утрапёны, нібы нейкае страшыдла з дзіцячых казак убачыў. Тахнула і абарвалася сэрца. Шалёная злосць, як цёмная вада, падступіла да горла. Каб у яго было шыла, ён прапароў бы гэтым «Жыгулям» колы. Каб пад рукамі быў камень, патрушчыў бы шкло. Але ў яго нічога не было. А найбольш — часу. Ён думаў, спадзяваўся, што былы трэнер Нікі назаўсёды знік з іхняга жыцця. Утапіўся, памёр, разбіўся на машыне… А ён — вось ён, заявіўся, як да сябе дамоў. Ах ты, падонак! Як Ніка яго сустрэла? Плюнула ў твар і пайшла ў свой пакой?.. А можа, ухапіўся Сяргей за выратавальную думку, Левус прыехаў па нейкіх справах да Мікалая Сцяпанавіча?
Сяргей вярнуўся ў пад’езд, у два скачкі падняўся на першы паверх, ірвануў на сябе дзверы ў кватэру Акімавых. Зайшоў, адчуваючы, як цяжка б’ецца ў скронях кроў. Тое, што ён убачыў, уразіла хлопца ў самае сэрца. Левус разваліўся ў мяккім крэсле, закінуўшы нагу на нагу. Ніка, амаль голая, у нейлонавых трусіках, ліфчыку і белых басаножках, стаяла перад акрытай шафай і заклапочана перабірала сукенкі — відаць, не магла рашыць, якую надзець. Левус нахабна разглядаў яе, пыхкаў цыгаркай, і па твары яго блукала сытая паблажлівая ўсмешка.
Сціснуўшы кулакі, Сяргей кінуўся на трэнера. Усю сваю нянавісць, увесь адчай уклаў ён у гэты ўдар — каб на месцы Арнольда Уладзіслававіча сядзеў хто іншы, забіў бы. Але рэакцыя ў Левуса была што трэба: у апошнюю долю секунды ён паспеў адхіліцца. Кулак толькі па скуле слізгануў, а сам Сяргей ад моцнага стрэчнага ўдару адляцеў да дзвярэй. Падхапіўся, яшчэ не адчуваючы болю, гатовы біцца з гэтай гадзінай да апошняга дыхання, але паміж Левусам, які прыціскаў да твару белую хусцінку, і ім ужо стаяла Ніка. Прыжмураныя вочы яе гарэлі, як у кошкі. У іх не было ні сораму, ні страху, ні роспачы — нічога, акрамя сляпой злосці.
— Вон адсюль! — пырскаючы слінай, прашыпела Ніка.— Ах ты, смаркач!
Яна ўперлася рукамі Сяргею ў грудзі, выпхнула яго, зламанага, растаптанага, знішчанага гэтай пагардай, на лесвічную пляцоўку і шчоўкнула замком.
Сяргей выцер рукой кроў з разбітага твару і пабрыў у ноч. I няшчасней за яго не было чалавека ва ўсім белым свеце.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
1
Нехта ратаваў Жураўскага. Нехта прабіваў штольню, каб выцягнуць яго на волю. Яго ці тое, што ад яго засталося,— яшчэ жывы камяк болю і адчаю. Нават праз каменнае забыццё ён чуў, як скрыгаталі бульдозеры, разграбаючы снегавыя завалы, як з ціхім шоргатам угрызаліся ў снег рыддёўкі выратавальнікаў. А можа, гэта толькі мроілася яму, пакуль ён ляжаў у здранцвенні? Не, ён выразна ўбачыў у глыбіні штольні светлую кропку.
Яна павялічяалася, расла, у яе ўплыў спалоханы твар Валянціны са зблытанымі, збітымі ў шапку валасамі на галаве і азызлы, як бохан нявыпечанага хлеба, твар доктара ў белым халаце і белай кухарскай шапачцы. Доктар трымаў яго за руку і бязгучна плямкаў вуснамі: пэўна, лічыў пульс.
— Ну, вось мы і ачомаліся,— перахапіўшы яго позірк, з задавальненнем сказаў доктар і павярнуўся да Валянціны.— Я ж вам гаварыў: нічога страшнага. Мазгавы спазм і глыбокая непрытомнасць. Відаць, у нас былі нейкія непрыемнасці, га? Відаць, вы перажылі тое, што цяпер называюць стрэсам, вось яно і дало такую рэакцыю. Заўтра выклічце ўчастковага ўрача, ён вам выпіша бюлетэнь. Паляжыце некалькі дзён, адпачнеце, і ўсё будзе добра.
Доктар устаў, і Жураўскі заўважыў за яго спіной медсястру: яна скручвала шнуры кардыёграфа, збірала ў металічную каробку шпрыцы. Разам з Валянцінай яны выйшлі. Ён чуў, як за імі зачыніліся дзверы, як працягла рыпнулі — сто разоў збіраўся змазаць, ды так і не сабраўся! — дзверы ў спальню: пэўна, Валянціна зноў зачынілася там.
А што… нічога страшнага. Не інфаркт, барані божа, не інсульт. Мазгавы спазм і глыбокая непрытомнасць… толькі і таго. Стрэс…
Зайшоў Андрэй.
— Ну і напалохаў ты нас, бацька! Што з табой?
— Глупства,— адказаў Арсен Міхайлавіч.— Вось што, Андрэй: закажы мне таксі. На чатыры трыццаць раніцы. Калі папытаюць, куды ехаць, адкажы — у аэрапорт.