Выбрать главу

— Ты чуў, што сказаў урач? Я не хачу быць тваім забойцам.

Арсен Міхайлавіч сумна ўсміхнуўся.

— Я здаровы, як конь, сынок, нічога са мной не здарыцца… да самай смерці. Ідзі, прашу цябе.

— Што за спешка? Куды ты ляціш? У адпачынак? Ты ж нікуды не збіраўся?

— Вечарам я вярнуся,— цераз сілу прагаварыў Арсен Міхайлавіч.— У крайнім выпадку — заўтра раніцай. Выключы святло, сынок, і ідзі пазвані. Я трохі паляжу.

Андрэй павярнуў выключальнік і выйшаў. Праз прачыненыя дзверы Жураўскі чуў, як ён круціў дыск тэлефона, як называў дыспетчару іхні адрас.

— Усё ў парадку,— Андрэй зазірнуў у кабінет.— У чатыры трыццаць пазвоняць. Можа, прынесці чаю або яшчэ чаго?

Арсен Міхайлавіч заплюшчыў вочы і пакруціў галавой: нічога не трэба.

— Калі што, гукні, я пачую.

А не такі ён і дрэнны хлопец, падумаў Жураўскі. А што эгаіст… усе яны цяпер такія. Век спажывецтва і абыякавасці…

На індыкатары электроннага будзільніка, што стаяў на стале, як кашачыя вочы, зелянелі лічбы. Пачатак першай. Добра было б гадзіны дзве-тры паспаць, можа, суняўся б шум у галаве, перастала так ціснуць скроні. Але на гэта не варта і спадзявацца. У лепшы час, здаралася, не спаў да раніцы. Круцішся, круцішся… Лётчыкі гэта называюць «круціць бочку»,— недзе я чытаў. Лётчыкі… Алачка загінула ў аварыі — нешта адбылося з самалётам. «Ту-134», семдзесят чатыры пасажыры, чатыры чалавекі экіпажа, дзве-тры сцюардэсы, або бортправадніцы, як іх яшчэ называюць. Восемдзесят душ. А загінула яна адна, дзед гаварыў — адна. Чаму з васьмідзесяці чалавек смерць упадабала менавіта яе? Што гэта — лёс? Сляпы выпадак? Уласная неасцярожнасць?.. Хто яго ведае.

Жураўскі ўспомніў, як зусім яшчэ маладым журналістам ляцеў на Брацкую ГЭС. У Маскве на бліжэйшы рэйс да Іркуцка месцаў не было. Дыспетчар па транзіце паслаў яго да начальніка змены, той — да начальніка аэрапорта. Начальнік аэрапорта пакруціў у руках яго камандзіроўку, чырвонае рэдакцыйнае пасведчанне і паслаў яшчэ далей…

— Не дурыся, хлопча,— стомлена сказаў ён.— Ну, прыляціш у Іркуцк на тры гадзіны пазней, ну, дабярэшся ў Брацк не сёння, а заўтра… Што яна, уцячэ, твая ГЭС? Вякі прастаіць, і чорт яе не возьме.

Але яму трэба было быць у Брацку не заўтра, а сёння, менавіта сёння, на ім скура гарэла — упершыню такое адказнае заданне, камандзіроўка за межы рэспублікі, на найвялікшую будоўлю камунізму! — і ён упёрся як бык. Зніміце восемдзесят кілаграмаў багажу, я пастаю, нічога са мной не зробіцца. Памяняйце рэйс каму іншаму, я ж лячу на такім важным заданні… Я буду скардзіцца ў Міністэрства грамадзянскай авіяцыі, у ЦК КПСС…

Ён крычаў і лаяўся, пакуль начальнік не выгнаў яго з кабінета.

Жураўскі прыляцеў у Іркуцк наступным рэйсам, на тры гадзіны пазней. Самалёта на Брацк ужо не было, прасядзеў да раніцы на аэравакзале. I там даведаўся, што «Ту-104», які выконваў папярэдні рэйс, разбіўся пры пасадцы і ўсе пасажыры і экіпаж загінулі. Якраз тады, ноччу, ён упершыню пачуў дурную прыпеўку, якую п’яны, аброслы дзікім валоссем чалавек у штармоўцы і цяжкіх балотных ботах ціхенька напяваў на матыў жалобнага марша:

«Ту-104» — самый лучший самолет,

«Ту-104» — самый лучший самолет,

Сто-о пассажнров,

Сто-о пассажиров,

Сто пассажиров на бо-орт он берет…

3 таго часу ён смела лётаў на ўсіх самалётах і верталётах, куды б ні заносіў яго журналісцкі лёс. Паверыў: каму суджана быць павешанаму, той не ўтопіцца.

Дык што — лёс?

I пад машынай ты не загінеш. Якія яшчэ варыянты?

Варыянтаў заставалася безліч. Што зорак у небе.

Слёзы цяклі з яго вачэй, збягалі па барадзе, казыталі шыю, але не прыносілі ні аблягчэння, ні ачышчэння. Душа яго блукала ў цемры, і не было вакол нікога і нічога, каб вывесці яе адтуль. Літасці маліў ён, літасці, а ў каго маліў? Ціха было вакол, толькі кран на кухні за сцяной капаў, адлічваў секунды жыцця: кап-кап-кап… Жыццё сцякала кроплямі вады, гублялася ў пяску забыцця, няўхільна набліжала яго да апошняй рысы. Кап-кап-кап… як малаточкам па галаве. Бедная Алачка, яна ўжо перайшла гэту рысу. Так прагла шчасця, маленькага, ціхага чалавечага шчасця: не варыць адну талерку баршчу або супу, варыць цэлую каструлю, карміць сям’ю. Чаму лёс не даў ёй гэтага шчасця, хіба яна была не варта яго? А Наташа дык і зусім засталася сіратою. Не, няпраўда, яшчэ ёсць я. Пакуль ёсць я, мая дачка ніколі не будзе сіратою. Наташа… Гэта ўсё мяняе. Арывідэрчы, мая блакітная мара стаць вартаўніком садова-агароднага таварыства «Лысагор’е», завесці сабаку, перачытаць Талстога… Дзяўчынцы патрэбны дзіцячы садзік і школа, сяброўкі, нармальнае жыццё. Значыцца, будзем цягнуць лямку ў родным выдавецтве. Хамут прыцёрся, асабліва не муляе… Але дзе жыць? У кватэру Алачкі я не пайду, я там павешуся праз тыдзень у туалеце, адзін толькі партрэт маладога Блока з белай драпінкай на скроні загоніць мяне ў магілу. Прыйдзецца разменьваць нашу кватэру, нічога іншага я не прыдумаю. Няхай Валянціна бярэ дачу, няхай прадасць яе або спаліць, якая мне розніца… Мне і Наташцы дастаткова пакойчыка на агульнай кухні, Валянціна і Андрэй выменяюць добрую двухпакаёўку. Маці Алачкі зможа жыць на Дзімітрава, мы з Наташай паселімся недзе паблізу, будзем хадзіць адзін да аднаго ў госці…