Выбрать главу

Вось я ўжо і распарадзіўся чужымі лёсамі, паныла падумаў ён. Але чаму чужымі? Ды таму… Таму, што ты не ведаеш ні дачкі, ні яе бабулі. Таму што яна можа не аддаць табе ўнучку, хоць ты ў нагах у яе валяйся. Таму што яна наогул не захоча кідаць сваю хатку і ехаць у белы свет да чорта лысага, і ты гэта добра ведаеш.

Годзе ляждць, сказаў ён сам сабе, праз паўгадзіны пазвоняць, што выехала таксі. Уставай.

У аэрапорце ён назваў сваё прозвішча касірцы, і яму адразу ж выдалі білет да Сімферопаля. Калі самалёт прызямліўся, да яго падышла сцюардэса і моўчкі праводзіла ў аэравакзал. Пад лесвіцай на другі паверх пастукалася ў дзверы, адчыніла і прапусціла Жураўскага ў невялікі пакой.

За пісьмовым сталом, паклаўшы галаву на сталешніцу, драмаў чалавек у светла-шэрым касцюме. Ён выпрастаўся на скрып дзвярэй, і Арсен Міхайлавіч беспамылкова пазнаў у ім Івана Раманоўскага, так сын быў падобны на бацьку. Падышоў, паціснуў руку, назваўся. Сеў насупраць, дастаў цыгарэты.

Закурылі, пасядзелі моўчкі.

— Як гэта здарылася? — нарэшце спытаў Жураўскі.

— Як? — Іван Уладзіміравіч паклаў цыгарэту ў попельніцу і пацёр кулакамі вочы: яны былі чырвоныя ад бессані; відаць, стома змарыла яго незадоўга перад тым, як Жураўскі ўвайшоў у пакой.— А вось так, элементарна… Мы сядзелі побач, Ала Барысаўна каля ілюмінатара, я — каля праходу. Паказалася мора. Я нахіліўся паглядзець — ніколі не бачыў мора ні зверху, ні знізу… Яна прапанавала: давайце памяняемся месцамі, я гэта бачыла ўжо тысячу разоў. Памяняліся. Я зашпіліў прывязны рэмень… прывычка… шафёр, я раблю гэта механічна, а яна… Відаць, калі я ўставаў, мой рэмень трапіў за крэсла. Яна так села. А я і ўвагі не звярнуў. На мора мне трэба было глядзець, каб яно згарэла. А на што там было глядзець? Вада і вада, толькі белыя баранчыкі…

Ён расказваў павольна і залішне падрабязна, але Жураўскі не перапыняў яго. Разумеў: накіпела на душы, трэба даць выгаварыцца.

— Самалёт пайшоў на пасадку. Я ўсё яшчэ глядзеў у ілюмінатар: цікава.— Раманоўскі, відаць, забыўся на сваю цыгарэту, дастаў з пакамечанага пачка новую,— Самалёт чыркнуў коламі па бетонцы, і ў тое ж імгненне ў яго адвалілася стойка левага шасі. Гэта я цяпер ведаю, тады я нічога не ведаў, не разумеў. Проста раптам нешта рванула, і самалёт пачаў павольна завальвацца на левае крыло.— Ён глыбока ўздыхнуў, наліў з графіна вады, залпам выпіў: пэўна, мучыла смага, пякло ўсярэдзіне.— Удар быў такі моцны і нечаканы, што Алачку… Алу Барысаўну выкінула з крэсла, і яна галавой ударылася ў перагародку. Ведаеце, дзе вісіць фіранка, што аддзяляе ўваход. Там яшчэ такая вострая рабрыстая стойка… Вось у яе… А я нават не ўбачыў гэтага, толькі раптам жудасны крык пачуў… гэта закрычалі жанчыны… Самалёт скінула з пасадачнай паласы і пацягнула па полі, пранізліва заскрыгатала жалеза — разбуралася левае крыло. Самалёт трэсла, кідала, быццам ён вось-вось разваліцца на кавалкі, па салоне ляталі сумкі, «дыпламаты», пакункі — усё, што ляжала на верхніх палічках. Галасілі жанчыны, жахліва крычалі дзеці… Сцюардэсы падалі, хаваліся за крэслы і таксама крычалі, каб трымаліся, не адшпільвалі рамяні. Помню, адна дзяўчынка разбіла твар, кроў залівала вочы, яна выціралася рукавом і крычала: «Толькі без панікі, таварышы, толькі без панікі!» Але гэта ўжо было потым, пазней… Я ўжо адшпіліў свой кляты рэмень, падхапіў Алачку з праходу і пасадзіў у крэсла, а сам наваліўся на яе і ўчапіўся за ручкі. А што я яшчэ мог зрабіць? Загарэўся левы рухавік, полымя шуганула ў ілюмінатары… Канец свету!.. Ды тут нарэшце самалёт спыніўся, падляцелі пажарныя машыны, затушылі пенай агонь. Адчынілі аварыйныя люкі, пачалася эвакуацыя. «Хуткіх дапамог» наехала… А ёй… ёй ужо нічога не трэба было… нічога.

Раманоўскі падняў вочы на Арсена, ні крывінкі не было ў яго твары. Увесь ён быццам развінціўся: торгаліся павекі, губы, дрыжалі вялікія дужыя рукі, што трымалі цыгарэту.

— Гэта я яе забіў, я…— змучана прагаварыў ён.— Каб мы не памяняліся месцамі… Каб не мая дурная цікаўнасць… Мяне б так не выкінула, паспрабуй выкінуць дзевяноста кіло, ну, гузак бы набіў… каб нават і без рэменя. А ў яе ж быў зашпілены рэмень, я дакладна помню, як яна адшпільвала яго, калі мы мяняліся месцамі. Я васемнаццаць год за рулём, нават курыцы не задушыў за сваё жыццё, а тут… забіў чалавека. Як цяпер жыць…