Жураўскі моўчкі глядзеў сабе пад ногі, жаль душыў яго, не даваў дыхаць.
— У яе засталіся дачка і старая хворая маці. Не ведаю… Я буду памагаць ім як змагу… Але калі не стане і старой…
— Не трэба,— папрасіў Жураўскі.— Гэта мая дачка, я сам пра яе паклапачуся.
Раманоўскі прыўстаў з-за стала.
— Значыць, гэта вы былі яе мужам?
Жураўскі прамаўчаў: што ў такой сітуацыі растлумачыш… Ды і каму гэта трэба?
— І вы кінулі яе? Такую жанчыну… Вы… Вы…
— Што вы пра нас ведаеце? Усё ў жыцці складаней, чым здаецца. На жаль, ад таго, што мы адзін аднаму нагаворым абразлівых слоў, нічога не зменіцца. На вялікі жаль…
— Даруйце…— Раманоўскі неяк абмяк і зноў цяжка сеў у крэсла.— Мы пазнаёміліся мінут за сорак да пасадкі, я сапраўды нічога не ведаю. Але ў мяне чамусьці такое адчуванне, што я ведаў яе даўно-даўно, што мы доўга былі разам. Магчыма, падсвядома, але пасля смерці жонкі я шукаў якраз такую жанчыну. Знайшоў і… страціў. Зноў прайсці праз увесь гэты жах пахавання…
— Навошта? — Жураўскі падняўся, зашпіліў пінжак: гаворка губляла сэнс.— Едзьце ў свой Гурзуф, вам сапраўды трэба адпачыць. Усё астатняе зраблю я сам.
— Чаго я там не бачыў? — паныла прамовіў Іван Уладзіміравіч.— Я лячу ў Мінск, і няхай яно ўсё гарыць ясным агнём.
Супрацоўнікі Аэрафлота памаглі ім выканаць усе неабходныя фармальнасці. Перадалі Жураўскаму чамадан з рэчамі Алачкі, сумку з дакументамі і грашыма. У трынаццаць гадзін пятнаццаць мінут, чорныя ад стомы і гора, яны з Раманоўскім вылецелі ў Мінск. Разам з імі — і асобна ад іх, недзе ў нетрах самалёта, ляцела труна. Ніхто з пасажыраў, акрамя іх, пра гэта не ведаў.
2
У дзесяць Ірына, як звычайна, паклала Аленку спаць. Цалуючы бацьку на ноч, дачка прыгарнулася да яго і шэптам папрасіла:
— Татачка, родненькі, толькі вы больш не сварыцеся. Ні самі, ні на Сярожку… Гэта так страшна… я нават не ведала, што гэта так страшна!
Тоненькая, як былінка, у доўгай, да пят, начной сарочцы, з пяшчотнай сіняй жылачкай на шыі і вялікімі, поўнымі зусім не дзіцячай тугі вачыма… Кволыя рукі, родны чысты пах, ад якога сціскае сэрца радасцю і смуткам. Дачушка мая, бездапаможнае птушаня маё, як жа мне абараніць цябе ад жорсткасці і слепаты самых блізкіх і родных табе людзей, ад нецярплівасці пустых і халодных сэрцаў?..
— Усё будзе добра,— прашаптаў ён у ружовае вушка, не верачы ўласным словам.— Ідзі спаць, Аленка. Добрай ночы.
— Добрай ночы, татачка.
Яна пайшла, а Ірына пачала прыбіраць са стала. Аляксей Пятровіч прайшоў за ёю на кухню і спыніўся ў дзвярах.
— Ты не думаеш, што нам трэба пагаварыць?
Ірына саставіла с падноса брудны посуд у мыйку, локцем паправіла валасы, выцерла аб фартух рукі. Твар яе быў спакойны, быццам яна даўно чакала гэтага пытання.
— Не трэба, Алёша. Нам няма пра што гаварыць. Нічога не было, павер мне. Нічога... Так, лёгкае галавакружэнне. Але яно прайшло. Я вельмі дорага заплаціла за яго, але яно прайшло і больш ніколі не вернецца, пра што ж нам гаварыць?
Чумакоў адчуў, што ў яго нешта пяршыць у горле.
— Я рады, што яно прайшло. Я шмат чаго зразумеў за гэты час, Ірына, павер мне. Прашу цябе… малю цябе… даруй мне.
— За што? — уздыхнула яна.— Ты самы добры, самы сумленны і самы чысты чалавек на свеце, табе няма ў чым сябе папракаць. Ідзі, Алёша, уключы тэлевізар, пакуль я тут прыбярусч. Будзем чакаць нашага жаніха.
Ён пайшоў, уключыў тэлевізар, сеў у крэсла. На экране мільгацелі нейкія стракатыя цені. Мякка свяціўся ў куце таршэр. Зямля вярталася на сваю арбіту, катаклізмы, што трэслі і рвалі яе на кавалкі, на гэты раз абмінулі яго дом. Праўда, у душы яшчэ нешта тоненька шчымела, быццам там гнаілася нябачная стрэмка, але ён ведаў, ён дакдадна ведаў, што гэта мройдте. Пройдзе, зарубцуецца, рубцуюцца і не такія раны. Проста трэба самому быць больл добрым. Больш добрым і спагадлівым. Ідуць вятры на захад, ідуць вятры на ўсход, ідуць, ідуць і вяртаюцца на кругі свае. Усё вяртаецца на свае кругі, трэба толькі не губляць надзеі, не даваць таму чорнаму, што тоіцца ў табе, браць над табой верх. Верыць у дабро і чысціню. Нават насуперак усяму — верыць.
Вярнулася Ірына, села на мяккі падлакотнік крэсла. Прытулілася да яго, правяла хададнаватай рукой па сівых валасах на патыліцы, тужліва ўсхліпнула. Чумакоў злавіў яе руку...