Ірына адчула, як у яе падкошваюцца ногі, бездапаможна апусцілася на крэсла і заплюшчыла вочы. Ёй уявілася ўсё гэта: павалены бетонны слуп, ушчэнт разбітая машына, акрываўлены Жураўскі, якога нейкія людзі цягнуць з пакарэжанага жалезнага ламачча,— і яна застагнала ад жаху. Жураўскі асцярожна пагладзіў яе па валасах. Ірына схапіла яго руку і прыціснула яе да грудзей.
— Не думай пра гэта,— у яе дрыжалі вусны і рукі дрыжалі і дрыжаў, зрываўся голас.— Я забараняю табе пра гэта нават думаць, чуеш?! Не ездзі больш на гэтай клятай машыне, я больш ніколі не падыду да яе, божа мой, навошта я згадзілася паехаць у той рэстаран! Можна ж было сапраўды перакусіць у нашай сталоўцы або ўзяць у «Рамонку» бутэрбродаў і пайсці ў парк… побач жа, рукой падаць… Навошта мы паехалі ў гэтае Заслаўе?.. Я больш не падыду да тваёй машыны, толькі ты не думай пра гэта… Калі з табою што-небудзь здарыцца, я… Навошта тады я...— Ірына заплакала.
— Не крычы,— сказаў Арсен Міхайлавіч. («Няўжо я крычала? — падумала Ірына.— Я ж шаптала, а не крычала, няўжо я крычала?») — Не крычы і вытры вочы, сюды могуць зайсці. Я кінуў ёй ключы ад гэтай машыны, няхай ездзіць сама або няхай лепш згніе пад вокнамі. Яна не прынесла мне радасці, мне з маёй жоначкай ніколі і нішто не прыносіла радасці… Дзве тысячы доўгу, касцюм абцёрхаўся так, што брыдка глядзець… Я ж стаў рамізнікам, разумееш, рамізнікам… У школу, на дачу, у райана, у лагер працы і адпачынку, на завод да шэфаў, зноў на дачу... няхай яна згарыць, гэта машына. Я дзесяць гадоў ездзіў на дачу самазваламі, паезджу яшчэ, што са мной зробіцца? Хіба ў гэтым справа? Я больш не магу лгаць, разумееш? Абрыдла, надакучыла. Перастаеш паважаць сам сябе. Я ж не хлапчук, не Андрэй, не Сярожка, мне сорак пяць гадоў, колькі таго жыцця засталося? Хто сказаў, што я аж да скону павінен таўчыся ў гэтым балоце!
— Не трэба,— сумна папрасіла Ірына.— Мы сто разоў гаварылі пра гэта, гэта дарога, якая нікуды не вядзе. Дужа моцныя ў нас тылы. Я б яшчэ, можа, і рашылася ўсё паламаць і пачаць спачатку, хоць пра гэта нават падумаць страшна, а ты… Ты слабы чалавек, Арсен, заўтра вы памірыцеся, як мірыліся дзесяць тысяч разоў, і ўсё ў вас пойдзе сваім парадкам.— Яна дастала з сумачкі і паклала на стол ключы ад кватэры Чмялёвай.— Больш нам нікуды не трэба ездзіць. У нас ёсць прытулак на цэлы месяц, а гэта ж многа, праўда? Мы ж некалі пабылі разам толькі два тыдні, і гэтага хапіла, каб адчуць сябе шчаслівымі, а тут — месяц… Гэта ж цэлае жыццё, давай спачатку пражывём яго, а там будзе відаць.
Жураўскі падкінуў ключы на далоні.
— Чые гэта?
— Якая розніца… Ну, маёй прыяцелькі, адзінокай жанчыны. Сёння яна паляцела ў Крым, у адпачынак. Асобная аднапакаёвая кватэра… Успомні, як добра нам было на бульбе… У хатцы цёткі Мальвіны, на лузе, на беразе рэчкі…— Ірына забрала ключы.— Дзімітрава, адзінаццаць, кватэра тры, гэта за нашым будынкам, у бок Юбілейнага базару. Побач… у шэсць пятнаццаць я ўжо буду цябе чакаць. Ідзі, любы мой, а то твая Аляўціна зноў напіша начальству, што ты бадзяешся ў рабочы час чортведама дзе, замест таго каб памагаць нашым выдатным сучаснікам ствараць бессмяротныя творы пра іх бессмяротныя подзвігі ў баях і працы.
Ірына пацалавала Жураўскага, і ён пайшоў, несучы пад пахай тоўсты пачак кніг. А яна яшчэ доўга глядзела на зачыненыя дзверы, за якімі ён знік, і адчувала, як у глыбіні душы яе, у самых патаемных схованках, крапівой-пякучкай разрастаецца трывога.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1
Недзе там, немаведама дзе, даўно паклалі трубку, а Валянціна Іванаўна Жураўская ўсё яшчэ прыціскала сваю да вуха, хоць ад кароткіх гудкоў, што даляталі адтуль, у яе ўжо трашчала, раскалвалася галава.
«Чый гэта голас? — думала яна, заплюшчыўшы вочы, каб не бачыць сонца за акном, і празрыстага сіняга неба, і хлопчыкаў, якія з крыкам і віскам ганялі на спартыўнай пляцоўцы аранжавы, як вялізны апельсін, футбольны мяч.— Чый гэта голас, дзе і калі я яго ўжо чула? А я ж чула яго, безумоўна, чула, але дзе і калі?»
Галава быццам налівалася свінцом, станавілася цяжкой — не ўтрымаць. Хацелася легчы, прыціснуцца шчакой да халоднага шкла на стале. Можа, боль злітаваўся б, адпусціў. 3 ёю гэта ўжо некалькі разоў было: варта лішне пахвалявацца, і пачынала так ціснуць скроні, што цямнела ў вачах. Вось і зноў… Трэба неяк выбраць час і параіцца з урачамі. А ўрэшце, ты і сама ведаеш, што яны скажуць. Гэта проста стома, страшэнная стома, як заўсёды, вясной. Раней не адчувала, была маладзейшая, сілы было болей, энергіі, а цяпер… Вясна наогул для настаўнікаў самая цяжкая пара, усе выпрацаваліся, ледзьве ногі валакуць, злосныя сталі, раздражненыя, нікому слова не скажы, так і накінуцца... Усе думкі, усе размовы — толькі пра адпачынак. Выціснутыя лімоны, вось і мяне выціснулі. Да апошняй кроплі. У мінулым годзе амаль увесь адпачынак пратырчала ў школе, вельмі цяжка ішоў рамонт, таго няма, готага нмма… вось цяпер і расплачваюся. Аднак нічога, неяк дацягну да лета, паеду ў санаторый, адасплюся, есці буду тры разы ў дзень, як усе добрыя людзі, і галава перастане балець. Чый гэта голас? Хрыплаваты, пракураны, прапіты… Дзе і калі я яго ўжо чула? Паплакаць, ці што? Можа, палягчэла б? Не магу. Відаць, усё ўжо выплакала, нічога не засталося. Бурбалка, прыгожая, рознакаляровая бурбалка. Надзімалася, надзімалася — і лопнула. Вуліца Дзімітрава, адзінаццаць, кватэра тры… Вось так. Дзе мае таблеткі? Дзве таблеткі пенталгіну, вось што мне зараз патрэбна. А сумачка на вешалцы, і мне да яе не дайсці. Што за дурная прывычка пакідаць сумачку на вешалцы…