Выбрать главу

Выпнулі дзверы, увайшла сакратарка: Валянціна Іванаўна ўжо на дзесяць мінут спазнялася на ўрок, такога яшчэ не было за ўсе гады, што яны працавалі разам. Паглядзела на яе, спалохалася, кінулася да стала.

— Што з вамі, Валянціна Іванаўна? А божачка, ды вам жа дрэнна! Вады, вады глыніце! — Падхапіла тэлефонную трубку, што выслізнула ў Жураўскай з рукі, паклала на апарат.— Можа, выклікаць «хуткую»?

Валянціна Іванаўна адпіла глыток цёплай вады, паставіла шклянку на стол.

— Не трэба, Тэрэза Восіпаўна, дзякуй. Зараз усё пройдзе. Падайце мне, калі ласка, сумачку і схадзіце ў настаўніцкую, няхай мяне хто-небудзь заменіць у пятым «Б». Яны ўжо там, пэўна, на галовах ходзяць. Я зараз, зараз… вось толькі галава нешта… Да мяне — нікога, гаварыце, я што занятая.— Выпіла таблеткі, зноў глынула вады.— Усё, Тэрэзачка, ідзіце.

Яна зноў была, а дакладней, здавалася такой жа, як заўсёды: строгай, засяроджанай, дзелавітай, і Тэрэза Восіпаўна супакоілася. Але калі яна выйшла, Валянціна Іванаўна зачыніла дзверы на ключ, ніцма павалілася на вузкую цвёрдую канапку, што стаяла ў яе кабінеце, і, кусаючы губы, бязгучна заплакала.

2

Ёсць людзі, для якіх Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя як быццам і не адбывалася, для якіх найвялікшыя заваёвы пралетарыяту — васьмігадзінны рабочы дзень, выхадныя, законы аб ахове працы — як быццам і не існуюць. Да такіх людзей належала дырэктар адной з сярэдніх мінскіх школ Валянціна Іванаўна Жураўская.

Звычайна яна выходзіла на работу а палове сёмай раніцы і вярталася дадому недзе на пачатку дзесятай, а калі адбываліся педсаветы, бацькоўскія сходы, усялякія канферэнцыі, актывы, нарады, вечары — а ў школе кожны дзень нешта адбываецца! — дык і значна пазней. Адзіны выхадны — нядзеля — у яе таксама быў заняты: у нядзелю праводзіліся піянерскія злёты, раённыя спаборніцтвы, выбары, суботнікі, працаваў «Клуб выхаднога дня», дзяцей пасылалі ў калгас выбіраць бульбу ці моркву — і, вядома ж, нідзе абысціся без яе не маглі.

Асабліва любіла яна школьныя вечары. Школьны інструментальны ансамбль быў яе гонарам, колькі пакут перанесла яна, пакуль вымаліла ў шэфаў — кіраўнікоў цагельні — тры тысячы на інструменты і апаратуру, а потым яшчэ на блакітныя касцюмы і белыя атласныя кашулі для хлопцаў-музыкантаў, колькі вынаходлівасці і нерваў спатрэбілася, каб трымаць кіраўніка, не прадугледжанага штатным раскладам! Затое ансамбль грымеў на ўвесь горад, і на школьных вечарах Валянціна Іванаўна, забыўшыся пра ўсё на свеце, танцавала са сваімі дзесяцікласнікамі, якія навыперадкі запрашалі яе, быццам яна была не дырэктарам, а іх сяброўкай-аднакласніцай, і спявала, і дурэла, як гарэзлівая дзяўчынка, і ніхто навокал, гледзячы на яе, не сказаў бы, што ёй ужо сорак два гады, што ў яе хворы страўнік і бяссонніца ад непасільнай стомы і няўклюднае, сумнае і горкае сямейнае жыццё.

Пасля таго як усе разыходзіліся і ў зале тушылі святло, яна разам з вартаўніком абыходзіла сваю вялізную пяціпавярховую школу, клас за класам, паверх за паверхам, каб пераканацца, што ўсё ў парадку, што ўсе вокны, дзверы і парты цэлыя, што ўсё блішчыць і падрыхтавана да заўтрашняга дня, і толькі пасля гэтага, знясіленая, але шчаслівая, ішла на аўтобусны прыпынак або, калі адчувала, што не дойдзе, выклікала таксі.

Яна апантана любіла школу і ўсё, што там адбывалася. Сядзела на ўсіх піянерскіх зборах і камсамольскіх сходах, на лекцыях і сустрэчах з «цікавымі людзьмі», без яе не пачыналіся спаборніцтвы і не адкрываліся фестывалі, не праходзілі «блакітныя агеньчыкі» ў сёмых класах і «клубы вясёлых і дасціпных» у дзесятых. У яе былі чатыры завучы, дзве старшыя піянерважатыя, пяць выкладчыкаў фізкультуры, якія павінны былі ўсім гэтым займацца — і займаліся, але яна лічыла, што без яе ўсё будзе не так, усё пойдзе прахам, сарвецца, не адбудзецца. Праўда, яна не дужа любіла прызнавацца ў гэтым нават сама сабе, куды зручней было думаць, што гібее яна ў школе ад раніцы да ночы толькі таму, што любіць усё гэта, жыве гэтым, што гэта ёй захапляюча цікава і дорага. А ўрэшце так яно сапраўды і было.