Выбрать главу

Дзве з паловай тысячы вучняў. Армейскі полк, але без вайсковай дысцыпліны і субардынацыі, без вайсковага забеспячэння і вайсковай тэхнікі, без надзейнага механізма, які ўтрымлівае ў падначаленні людзей. Голы энтузіязм, адзіны сродак уздзеяння — слова, якое дэвальвавалася да такога стану, што на яго ніхто не звяртае ўвагі. Ад раніцы да ночы школа кіпіць, як кацёл, пад які не шкадуючы падкладаюць дровы. Дзверы за дзень адчыняюцца і зачыняюцца дзесяткі тысяч разоў. Рып-рып, рып-рып… Жалезныя ручкі вытрымліваюць тыдзень і ломяцца. Магутныя завесы адвальваюцца праз месяц. Дзверы ўпалі — ледзь не забілі хлопчыка. «Хуткая дапамога» адвезла ў бальніцу абаіх: хлопчыка са страсеннем мазгоў і Валянціну Іванаўну з цяжкім сардэчным прыступам. Не таму, што, калі б загінула дзіця, яе тут жа выключылі б з партыі і выгналі з работы, яна нават не падумала пра гэта. Проста дзіця магло загінуць, і яна адчувала б сябе вінаватай у гэтай смерці,— вось што рванула сэрца так, што пацямнела ў вачах і зямля паплыла пад нагамі. Вінаватая ў смерці… На шчасце, хлопчык паправіўся. Хутчэй чым сама дырэктар. Абышлося строгай вымовай з занясеннем у асабовую справу. Як быццам гэта яна вырабляла тыя праклятыя завесы! Як быццам гэта яна напхала ў школу ад ненажэрнай прагнасці сваёй столькі дзяцей, што не вытрымлівае жалеза і сціраецца бетон прыступак.

Яна любіла школу сляпой фанатычнай любоўю. Ёй некалькі разоў прапаноўвалі іншыя пасады; не менш пачэсныя, лягчэйшыя, яны нават больш аплачваліся — яна адмаўлялася адразу ж, без роздуму, таму што не ўяўляла свайго жыцця без дзяцей, без цішыні ўрокаў і тлуму перапынкаў, і была пераканана, што так павінны жыць усе, хто прысвяціў сябе справе навучання і выхавання. У жніўні да яе па накіраваннях райана прыходзілі выпускнікі інстытутаў, зялёная педагагічная моладзь. Яна ахвотна брала непрыгожых: не так хутка выйдуць замуж, хоць трохі папрацуюць з поўнай аддачай, нечаму навучацца; маладых, прыгожых, асабліва калі якая ўжо чакала дзіця, ветліва, але рашуча выправаджвала. Яна разумела, што гэта агідна, што парушае не толькі пісаныя законы, але і законы маралі, і нічога не магла з сабою зрабіць, у яе не хапала ні смеласці, ні жадання, каб нават самой сабе прызнацца ў жорсткасці, апантанай жорсткасці і эгаізме; куды лягчэй і зручней было думаць, што яна кіруецца інтарэсамі справы. Ну сапраўды, як пойдзе гэта настаўніца ў клас з такім жыватом? Яе ж засмяюць, якім аўтарытэтам яна будзе карыстацца?.. Дзеці пачнуць шаптацца за яе спіной, пойдуць непатрэбныя размовы… А праз нейкі час яна адправіцца ў дэкрэтны адпачынак, і які ёй клопат да таго, хто будзе вучыць гэты клас ці нават гэтыя класы. Дзе ты возьмеш ёй замену сярод навучальнага года, ды і месца ж для яе трэба захаваць, давядзецца ўзвальваць на сваіх, а гэта амаль нікому не трэба. Ніхто не гоніцца за лішняй капейкай, не той час. Сёння адзін пойдзе, заўтра другі, паслязаўтра прымусіш трэцяга… Урокі даюцца абы-як, сшыткі не правяраюцца тыднямі, парадак падае. Пасыплюцца скаргі бацькоў у райана, міністэрства, пачнуцца праверкі, валтузня… Вядома, яна не гаварыла ўсяго гэтага маладой настаўніцы, якая са спадзяваннем глядзела на яе, чакала яе рашэння, яна знаходзіла зусім іншыя словы: так, месца было, але мы гадзіну назад ужо ўзялі чалавека, ах, як непрыемна, гэта ж каб вы прыйшлі на якую гадзіну раней…— але думала менавіта так. I, хацела яна таго ці не, думала яна не толькі пра школу, але і пра сябе, пра тое, каб мець хоць трохі менш клопату, каб лепей выглядаць у вачах начальства, якое вельмі ж не любіць ніякіх скаргаў — усе яны, скаргі, нават самыя дзікія і неабгрунтаваныя, кладуцца на школу, а значыцца, і на яе, дырэктара, і на само начальства нейкай бруднай плямай, а пісаць у наш час усеагульнай адукаванасці людзі налаўчыліся.

Каб гэта было ў яе ўладзе, яна брала б на працу толькі мужчын, дзевак-векавух або жанчын з даведкамі аб бяздзетнасці. У крайнім выпадку тых маладых сямейных жанчын, у якіх дзяцей даглядаюць бацькі-пенсіянеры. Вось тады ўсе сядзелі б у школе ад раніцы да ночы, як яна, ніхто не рваўся б дадому, не адпрошваўся са сходаў, нарад і вечароў таму, што трэба забраць малога з садзіка або ўзяць хвораму мужу ў аптэцы лекі; усім хапала б часу праводзіць дадатковыя заняткі з двоечнікамі, наладжваць усялякія пазакласныя мерапрыемствы — працаваць. Яна любіла і шанавала толькі гэткіх жа валоў, як сама, тых, хто араў разам з ёю, у адной запрэжцы, так, што аж косці трашчалі. Гэтым яна давала максімальную нагрузку, каб яны маглі болей зарабіць, патрабавала ад завучаў так складаць расклад урокаў, каб у іх марна не траціўся час на «фортачкі», цярпела грубасць і сварлівасць, калі гэта, вядома, не пераносілася на дзяцей,— з ёю яны маглі спрачацца колькі хочаш, яна не злавала. Абы не сядзелі на бюлетэнях, на даведках, калі хварэюць уласныя дзеці, таму што ўсё гэта парушае навучальны працэс, ліхаманіць школу. Тых жа, хто рабіў сваю работу «ад» і «да», няхай сабе нават старанна і сумленна, але без таго імпэту, без той апантанасці, якія ўносіла ў любую справу яна сама, Валянціна Іванаўна не любіла і пры першай жа магчымасці выжывала іх.