Выбрать главу

Калі ў школе пачыналі працаваць розныя камісіі і праверкі (а яны адтуль не вылазілі месяцамі, быццам школа — гэта прамтаварная база, дзе атабарылася банда зладзеяў!), Валянціна Іванаўна чарнела. Хударлявы твар яе яшчэ больш выцягваўся, шэрыя вочы западалі і цямнелі. Яна так балюча ўспрымала кожную, нават самую дробную, заўвагу, якую рабілі нават не ёй асабіста, а яе завучам, настаўнікам, піянерважатым, быццам гэта заўвага ставіла пад сумненне яе веданне і разуменне школьнага працэсу, яе ўменне кіраваць калектывам, яе адданасць сваёй справе. Яе трэба было хваліць, яна прагла і вымагала пахвалы, як галодны кавалка хлеба. Дзе, сярод якіх людзей яна ні была б, яна гаварыла толькі пра сябе, пра сваю школу, пра сваю работу. Яна проста не магла жыць, калі ўсе навокал не захапляліся ёю: яе энергіяй і настойлівасцю, апантанай працаздольнасцю, педагагічным і адміністратыўным талентам, адданасцю сваёй справе. Як легендарны Антэй чэрпаў сілы ў дотыку да зямлі, так Валянціна Іванаўна — у пахвале, і для яе амаль не мела значэння, хто хваліў: інспектар міністэрства ці дзяўчынка з райкома камсамола, яе нядаўняя выпускніца.

Вялізныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя змены, пачатыя ў нашай краіне Кастрычніцкай рэвалюцыяй, эмансіпіравалі жанчыну. Яны ўраўнавалі жанчыну з мужчынам літаральна ва ўсіх галінах жыцця. А гэта ў сваю чаргу стварыла новы тып жанчыны: самастойнай, упэўненай у сабе і сваіх магчымасцях, эканамічна незалежнай. За нейкіх пяць-шэсць дзесяцігоддзяў у нас стала больш жанчын з вышэйшай адукацыяй, чым мужчын. Яны амаль поўнасцю выцяснілі мужчын са школ, бальніц, бухгалтэрый, многіх галін вытворчасці. Жанчына — міністр, сакратар абкома, дырэктар вялікага прадпрыемства, старшыня калгаса — усё гэта стала звычайным і нават трывіяльным.

Але ж адначасова эмансіпацыя сыграла з жанчынай кепскую штуку. Дала жанчыне ўсе правы, магчымасці і абавязкі мужчыны і не пазбавіла ад асноўных жаночых функцый: быць жонкай, маці, захавальніцай сямейнага агню. У дзелавой жанчыны, якая адчула асалоду самастойнай работы, улады. грошай, павагі таварышаў па працы, на ўсё гэта не засталося ні сілы, ні часу, ні нават жадання.

Працаваць з такімі жанчынамі — асалода, жыць — пакута.

Ці не тут хаваецца адзін з адказаў на пытанне, чаму ў нас нараджаецца з кожным годам усё меней дзяцей, а суды завалены заявамі аб разводах? Заявамі ад людзей, якія пражылі разам не месяц, не паўгода, а і дзесяць, і дваццаць год…

Валянціна Іванаўна Жураўская цягнула воз, з якім справіўся б далёка не кожны мужчына. Напрыклад, яна была абсалютна ўпэўнена, што яе муж, Арсен Міхайлавіч, не справіўся б. У ім і блізка не было той апантанасці работай. якой вымагае школа. Па сутнасці сваёй ён быў хутчэй сузіральнікам, чым дзеячам, а сузіральнікам добра быць, працуючы ў выдавецтве: узяў рукапіс і калупайся ў ім, пакуль не надакучыць. Яе ж работа патрабавала дзейнасці. I яе абурала, не магло не абураць, што, працуючы многа больш за мужа і зарабляючы ў два разы больш за яго, яна яшчэ была вымушана цягнуць на сваіх плячах сям’ю, дом. Ва ўсякім выпадку, ад яе чакалі і патрабавалі гэтага. Яе мужа зусім не радавалі поспехі дырэктара школы Жураўскай. Груба кажучы, яму было напляваць на гэтыя яе поспехі, на яе пасаду і на яе зарплату, на любоў вучняў і павагу іх бацькоў. Ён хацеў, каб яна жыла для яго і іх сына Андрэя; пры сварках Арсен заўсёды гаварыў Валянціне Іванаўне, што ён, жанаты чалавек, не мае жонкі, гаспадыні, сябра, а Андрэй не мае маці, і яна адчувала, як многа горкай праўды ў гэтых яго словах, але жыць інакш не магла і не жадала. Яна з апошніх сіл імкнулася рабіць амаль усё, што робяць менш занятыя жанчыны: уставала на досвітку і смажыла катлеты, каб накарміць сваіх абібокаў; раз у тыдзень, замест таго каб пачытаць кнігу і адпачыць, мыла падлогу і сяк-так прыбірала ў кватэры; у сына і ў Арсена заўсёды былі чыстыя кашулі і бялізна — чаго ж яшчэ ад яе патрабаваць? Каб яна ўсё гэта рабіла з любоўю, з душой? А дзе набрацца гэтай самай душы? Яна ж не безразмерная, як сучасныя шкарпэткі. У школе яе кабінет прыбірала тэхнічка, яна ж прышывала Валянціне Іванаўне гузікі і вешалкі, у школе яна была дырэктарам — чаму ж дома яна павінна адчуваць сябе парабчанкай?