Выбрать главу

Так, яна не любіла свой дом, як не любіла цяжарных настаўніц, як не любіла ўсё, што замінае рабоце. А мужа і сына любіла. Любіла нейкай хваравітай, нервовай любоўю. Яны патрэбны былі ёй. Сваім існаваннем яны сцвярджалі перад іншымі людзьмі, што ў яе ўсё нармальна, усё як мае быць.

На самай справе сямейнае жыццё ўжо даўно не прыносіла ёй радасці. 3 таго часу, як яна стала завучам, а потым дырэктарам і пачала пазней і пазней вяртацца дадому, Арсен усё больш аддаляўся ад яе. Яму вельмі хутка абрыдла займацца тым, чым, на думку Арсена, павінна была займацца яна, чым займаліся жонкі яго сяброў: насіць брудную бялізну ў пральню, а стары абутак у майстэрню, стаяць у чэргах у магазінах, плаціць за кватэру і тэлефон, дбаць пра шторы, каструлі і чайныя лыжачкі — пра ўсё тое, без чаго няма дома і ад чаго яна рашуча адмежавалася. Пайшлі сваркі, усё больш злосныя і брыдкія, калі ўжо не выбіраюць слоў, а думаюць толькі пра тое, каб як мага больш балюча адзін аднаго зняважыць. Арсен шалеў ад яе абыякавасці да рэчаў. Яна не любіла халатаў, лічыла іх сімвалам і сінонімам мяшчанства і смажыла катлеты на кухні ў той жа дарагой сукенцы, у якой хадзіла ў школу. З’яўляліся плямы, часам на самым відавоку, на хімчыстку часу ў яе ніколі не было, брудная сукенка вешалася ў шафу і куплялася новая. Ніякіх праблем. А што зноў не хапіла грошай да зарплаты — ну что ж, пазычым якую дваццатку, дацягнем… А ён не любіў пазычаць, яму сорамна было пазычаць, бо абое зараблялі каля пяцісот рублёў чыстымі, хіба гэтага мала на тры чалавекі? Сябры і знаёмыя лічылі, што ў іх грошай — куры не клююць, як тут пазычаць?.. Яна магла выцерці стол тым жа ручніком, якім выцірала талеркі, бо дома ніколі не было чыстай анучкі; павесіць на балконе кашулі і іншую дробязь без прышчэпак, бо не паклапацілася іх купіць, а тыя, што купляў некалі Арсен, згубіліся, і вецер раскідваў памытую бялізну па двары, і яе прыносілі суседкі або яна гублялася. Ён не разумеў гэтага: Валянціна вырасла ў дзіцячым доме, паспытала і ваеннай і пасляваеннай галечы, павінна была ведаць цану зробленай капейчыны, адкуль гэта ў ёй? У насценнай шафе валяюцца тры пары зімовых ботаў па сто дваццаць-сто пяцьдзесят рублёў кожная пара, іх бы пачысціць, адрамантаваць, зносу яшчэ не было б, а яна купляе новыя: дзе, як на ўсё гэта набрацца? «Пустадомка! — горка крывячы рот, гаварыў ён.— Што гэта за сабачае жыццё такое, хіба можна так жыць?!» — «Не жыві,— адказвала яна,— яж цябе не трымаю. Знайдзі сабе якую-небудзь мяшчанку, якая пухне на рабоце ад суму, у яе на ўсе хопіць часу: на анучкі, на прышчэпкі, на гузікі. У мяне яго мяма».

Ёй здавалася, што дом, неабходнасць займацца дамашняй работай прыніжаюць яе. Яна адчувала сябе ў сваёй кватэры, як камандзіровачны ў гасцініцы: пераначаваў, і добра, што там яшчэ рабіць? А што няўтульна, бруднавата, пуста — якая табе да гэтага справа. Няхай пра гэта клапоціцца адміністрацыя гасцініцы. Гасцініца і сталоўка, нават самая дрэнная,— гэтага ёй хапіла б на ўсё жыццё: прыбралі, падалі… Нездарма яна так лёгка, так хораша адчувала сябе ў санаторыях.

Гадоў шэсць назад Арсен кінуў яе. Амаль два месяцы ён пражыў у нейкай жанчыны, ці то ў машыністкі, ці то ў карэктаркі з газеты. Потым вярнуўся. Маўкліва лічылася, што Арсен вярнуўся з-за Андрэя: падлетку патрэбен быў бацька. Але Валянціна Іванаўна ведала, што гэта няпраўда, што Арсен вярнуўся таму, што кахае яе, што і ён не можа без яе жыць. Кахае — і ненавідзіць. I яна кахала яго — і ненавідзела, і не магла без яго — у тыя месяцы, што яго не было, раптам усё страціла сэнс, нават работа. Ён вярнуўся, і яна прыняла яго, хаця павінна была выгнаць — рашуча і беспаваротна. Не выгнала. Замест гэтага нейкі час, гвалтуючы сябе, прыходзіла дамоў у сем гадзін вечара, нешта рабіла, аднойчы яны разам нават схадзілі ў тэатр, а потым усё пайшло-паехала, як і раней. Розніца была толькі адна: больш Арсен не сварыўся, нічога не патрабаваў і нават не прасіў, замкнуўся ў сабе, махнуў на ўсё рукой. I яна супакоілася.

На нейкі час паміж імі ўсталявалася маўклівая згода: няхай кожны жыве як хоча. Арсен пачаў замыкацца ў сваім кабінеце, там ён і спаў на тахце. Яна моўчкі прымірылася і з гэтым: стамлялася так, што ледзь дацягвалася да ложка