Валянціна пачула яго смех, азірнулася і пашукала вачыма, з каго або з чаго ён смяецца. Не знайшла і пакрыўджана пересмыкнула вуснамі. Вырашыла, што з яе.
А ён з сябе смяяўся, з сябе, але гэтага зразумець яна не магла.
Смяяцца з сябе — гэтага яна ніколі не ўмела.
I цяпер Валянціна Іванаўна адразу ж успомніла Чумакову. Нават невялікую сутычку з ёю з-за выкладчыцы матэматыкі ўспомніла,— праўда, гэтая сутычка не пакінула ў яе душы аніякага следу, але і назусім не забылася.
«Хаця чаму ж? — падумала Валянціна Іванаўна, сціскаючы далонямі скроні.— Чаму ж не пакінула? Я ж якраз тады даведалася, што яна сама была настаўніцай і ўцякла са школы ў бібліятэку. Якраз тады яна ўпершыню выклікала ў мяне гідлівасць — перабежчыца! Вядома, адсядзець дзень у бібліятэцы — зусім не тое, што даць шэсць урокаў, правесці класны сход, праверыць гару сшыткаў, падрыхтавацца да заўтрашняга дня… Бяздзейнасць — вось што разбэшчвае такіх лялек, пухнуць без работы… Каб яна з дня ў дзень надрывалася гэтак, як я, ёй свайго мужыка не захацелася б, не тое што чужых. Уся распуста — ад ляноты, ад бяздзейнасці…»
Галаўны боль пачаў патроху аціхаць. Ужо не так ламала патыліцу, толькі ў скронях усё яшчэ калола, востра, аж спынялася сэрца, і цяжка было прыўзняць павекі.
«Чаго я распсіхавалася? — думала яна, скруціўшыся клубочкам на вузкай мулкай канапцы.— Што я пачула для сябе новага, нечаканага, чаму пасля гэтага званка ў мяне ўзнікла такое жудаснае адчуванне, быццам мяне раздушыў паравы каток? Арсен жа ўсё жыццё здраджваў мне, усё жыццё. Мы толькі ажаніліся, а ён ужо цалаваўся з Кацькай Моўчан, маёй лепшай сяброўкай, у нас на кухні; ах, як яны абое збянтэжыліся, калі я раптам туды ўвайшла! Гэта ж з-за яго я адцуралася ўсіх сваіх сябровак, больш ніколі ў наш дом не прыходзілі жанчыны, яны лічылі, што я зазналася і таму не хачу нікога бачыць, але пры чым тут зазнайства! 3 чаго мне было зазнавацца, чаго я ў жыцці дасягнула, каб задзіраць нос,— многія з іх спакойна адмовіліся ад таго ярма, якое я цягну з апошніх сіл. Дзеля чаго? Дзеля яго. Каб стаяць упоравень з ім, каб адчуваць сябе роўнай яму. Я ўвесь час цягнулася за ім, вядома, ён вучыўся ва універсітэце, столькі чытаў, умеў так прыгожа балбатаць пра ўсё на свеце, а я… Калі ўсе дзяўчынкі ў педвучылішчы чыталі ды бегалі па тэатрах, я мыла талеркі Ў рэстаране, каб неяк пражыць. Божа літасцівы, гэта ж сёння дзень нараджэння Аксаны Фёдараўны, і мы эапрошаны на банкет. Што рабіць? Я ж не магу не пайсці да яе, я ніколі не скончыла б педвучылішча, калі б не Аксана! Гэта яна прывяла мяне, бездапаможнае кураня, у рэстаран, і накарміла, і дала работу, без тых рублёў, што я зарабляла, мыючы вечарамі посуд, я не змагла б вучыцца. Я скончыла б не педвучылішча, а якую-небудзь школу ФЗН, як большасць дзяўчынак і хлопцаў з нашага дзіцячага дома, і стала б не настаўніцай, а мулярам або швачкай… Вядома, нічога дрэннага ў гэтым няма, але ж я была б дрэнным мулярам і дрэннай швачкай, бо ўсё жыццё, колькі сябе помню, марыла стаць настаўніцай. I стала ёю дзякуючы падтрымцы Аксаны Фёдараўны. Не ведаю, які я дырэктар, але настаўніца я добрая, гэта факт, які нават Арсен не аспрэчвае. Так што на банкет пайсці мне прыйдзецца, сціснуць сэрца ў кулак і пайсці; добра хоць, што я загадзя падарунак купіла. Скажу, што Арсена паслалі ў камандзіроўку, Аксана Фёдараўна яго недалюблівае за доўгі язык, і Уладзіслаў Лявонавіч таксама… Ох, усё ў мяне пераблыталася — боб з гарохам. Пра што гэта я? Пра педвучылішча і рэстаранную пасудамыйку? Так, так, я багата недачытала і недаглядзела ў юнацтве, бо маіх бацькоў немцы павесілі ў сорак трэцім на плошчы каля тэатра Янкі Купалы за сувязь з падполлем, я вырасла ў дзіцячым доме, і не было чалавека, які хоць добрым словам памог, падтрымаў мяне, акрамя хіба выхавальніц і Аксаны Фёдараўны. Педвучылішча, а потым завочна педінстытут… якая там была вучоба! Школа, маленькі Андрэй, пакойчык у бараку… Прыходзілі сябры Арсена, гэткія ж балбатуны, як ён: ах, Іанеску, ах, Сартр, ах Феліні, Фолкнер, Хемінгуэй… А я не ведала, з чым яго ядуць, таго Іанеску, школа забірала ўвесь мой час, высмоктвала ўсе сокі. Цяпер я разумею: яму было нецікава са мной. Школа, вучні, падручнікі, правапарушэнні — усё, чым я жыла, яго не цікавіла, а пра што яшчэ я магла з ім гаварыць? Ці не таму нашы размовы ўсё часцей заканчваліся спрэчкамі за нейкую дробязь?! Так, ён кахаў мяне і цяпер кахае, я ў гэтым не сумняваюся ні на хвіліну, але яму ўсё жыццё нецікава са мной, і ён усё жыццё шукае гэтае цікавае ў іншых. Журналісткі, мастачкі, актрысы, цяпер вось бібліятэкарка. Вядома, яна ведае пра Іанеску больш за мяне, але каб уведаць гэта, яна ўцякла са школы; а што ж гэта было б, каб усе ўцяклі?! Хто б вучыў дзяцей любіць і разумець Пушкіна і Купалу; без Іанескі, пэўна ж, можна неяк пражыць, я вось жыву, і тысячы другіх людзей, хто нават не чуў яго прозвішча, а без Пушкіна і Купалы людзі адзічэлі б і пачалі кусаць адзін аднаго».